Кожны з нас: дзеля будучыні Беларусі маем ведаць і бараніць Курапаты (ВІДЭА)

На месцы, дзе некалі пачалося беларускае Адраджэнне, актыўна развівае свой наступ расійскі Рэнэсанс. Каб актыўна яму супрацьдзейнічаць, кожны з нас мае ведаць, што такое Курапаты. Ад пазіцыі і дзеянняў кожнага з нас залежыць канчатковае скіданне ярма калоніі, росквіт і дабрабыт беларускай Нацыі.

01_2_642x336.jpg

Прапануем вашай увазе відэа ток-шоў «Кожны з нас» тэлеканалу «Белсат», прысвечанага абароне Народнага мемарыялу Курапаты. Гэтая першая грамадская спроба нацыянальнага дыялогу што да пошукаў шляхоў развязання канфлікту.

У перадачы ўдзельнічаюць аўтар дакументальнага фільму «Дарога на Курапаты» Міхаіл Жданоўскі; археолаг Мікалай Крывальцэвіч, які разам з Зянонам Пазьняком здзяйсняў раскопкі ў Курапатах; вядомы беларускі палітык і публіцыст, лідар Варты абароны Курапатаў Павал Севярынец; протаярэй БПЦ Яўген Грамыка; намесьнік старшыні ЛДБП Алег Гайдукевіч; іншыя беларускія грамадскія актывісты і палітыкі. Журналісцкую супольнасць прадстаўлялі галоўны рэдактар рэспубліканскага выдання «Новы Час» Аксана Колб і аўтар гэтых радкоў, Дзяніс Івашын.

 

Урочышча Курапаты — цэнтральнае мейсца ў Беларусі, дзе савецкія карныя органы НКУС здзяйснялі масавыя расстрэлы мясцовага насельніцтва. Паводле розных ацэнак колькасць забітых тут можа сягаць ад 30 да 250 тысяч чалавек. Гэта, без перабольшвання — найвялікшае мемарыялізаванае сведчанне генацыду беларускага народу і наяўны доказ аднаго з самых жахлівых злачынстваў таталітарных рэжымаў у гісторыі чалавецтва.

 

Архіўнае фота расстрэльнай каманды НКУС

Архіўнае фота расстрэльнай каманды НКУС

Праўду пра Курапаты ўпершыню раскрылі ў 1988 годзе археолагі Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў у сваім артыкуле ў газеце «Літаратура і Мастацтва», які меў эфект разарванай бомбы. Менавіта з гэтага моманту, з усведамлення маштабаў нацыянальнай катастрофы, значна актывізаваўся беларускі нацыянальна-вызвольны рух, які і спрычыніўся да аднаўлення незалежнасці краіны і ў якасці аднаго з ключавых чыннікаў — да распаду вязніцы народаў — Савецкага Саюзу. Паказальна, што пагадненне пра спыненне існавання СССР было ўхваленае акурат на беларускай зямлі.

 

Усталяванне “Крыжа Пакуты”, мітынг у Курапатах, “Дзяды”, 1989 г. / Радыё Свабода

Усталяванне “Крыжа Пакуты”, мітынг у Курапатах, “Дзяды”, 1989 г. / Радыё Свабода

На працягу трох апошніх дзесяцігоддзяў намаганнямі беларускага народу ў Курапатах створаны Народны мемарыял, які сакралізуе гэтае месца і кадыфікуе памяць пра масавыя рэпрэсіі савецкага рэжыму ў манументальнай форме.

 

Крыжы ў Курапатах. Фота: Дзяніс Івашын

Крыжы ў Курапатах. Фота: Дзяніс Івашын

Але акурат у трыццатую гадавіну адкрыцця праўды пра Курапаты побач з расстрэльнымі ямінамі адчыніўся рэстарацыйна-забаўляльны комплекс, дзе адбываюцца гулянкі і запускаюць феерверкі. Ягоны чарнасоценны назоў «Бульбашъ-холл», праз пратэсты зменены на найменне расійскага кулінарнага шоў «Поедем Поедим», адкрыта дэманструе пагарду ды каланіяльную знявагу да беларусаў як Нацыі.

 

10_44.jpg

Яшчэ ў 2012 годзе паводле прадстаўлення Генпракуратуры і прадпісання Мінкульта РБ у адказ на звароты грамадскіх актывістаў і шматлікія подпісы пад заявамі, будоўля гэтага комплексу была спыненая, прызнаная незаконнай і самавольнай. Дзяржаўныя працэсуальныя дакументы адназначна сведчаць пра самазахоп зямлі, неадпаведнасць праектнай дакументацыі, незаконную будоўлю ў ахоўнай зоне мемарыялу Курапаты і рэкамендуюць прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Аднак рэзалюцыі дзяржаўных органаў застаюцца толькі на паперы, іх ніхто не выконвае. Цалкам мажліва, праз тое, што дзьме досыць моцны вецер з Усходу. Арандатарам амаль 1,2 га зямлі пад забаўляльным комплексам да 2106 г. з’яўляецца СТАА «Белрэстінвэст», што належыць расейскай ТАА «Ренессанс» з Санкт-Пецярбургу. Відавочна пад уплывам лабістаў расійскага капіталу ў Беларусі забаўляльны комплекс выводзяць з межаў ахоўнае зоны мемарыялу і легалізуюць.

На месцы, дзе некалі пачалося беларускае Адраджэнне, актыўна развівае свой наступ расійскі Рэнэсанс. Каб актыўна яму супрацьдзейнічаць, кожны з нас мае ведаць, што такое Курапаты. Ад пазіцыі і дзеянняў кожнага з нас залежыць канчатковае скіданне ярма калоніі, росквіт і дабрабыт беларускай Нацыі.

 

04_1_1.jpg

Глядзіце відэа ток-шоў “Кожны з нас” ў беларускай інфапрасторы. Далучайцеся да Варты абароны Курапатаў!

informnapalm.org