«Каб не было новых канфліктаў і боек». Грамадcкая дырэкцыя Курапатаў згодная на афіцыйны помнік, але ў іншым месцы
Кіраўнік грамадcкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах Алесь Чахольскі прапанаваў кампрамісны варыянт размяшчэння мемарыяльнага знаку «памяці і прымірэння», які ўлады збіраюцца паставіць на пагорку ў цэнтры Курапатаў, паведамляе Радыё Свабода.

«Каб не было новых канфліктаў і боек, каб годна захаваць памяць аб ахвярах рэпрэсіяў»
Раней актывісты КХП БНФ ды іншых грамадскіх арганізацыяў, якія ўжо шмат гадоў апякуюцца Курапатамі, выказваліся супраць усталявання афіцыйнага мемарыяльнага знаку.
«Наконт умяшання дзяржавы ў Курапаты наша пазіцыя не змянілася — няма чаго туды лезьці, там ужо стаіць мемарыял, створаны народам, — патлумачыў Алесь Чахольскі. — Але што да ўсталявання памятнага знаку мы гатовыя на кампраміс і згодныя, каб ён быў пастаўлены на падножжы гары. Паўтаруся: не на ўзвышшы, празваным "Галгофай“, а на падножжы, на ўваходзе ў мемарыял з боку Мінску. На наш погляд, ён там будзе дарэчы і не парушыць ансамбль мемарыялу, які ўжо склаўся».
Паводле Чахольскага, ідэю гэтага кампрамісу падтрымліваюць як сябры грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу, так і пікетоўцы рэстарацыі «Поедем поедим». Кампрамісны варыянт усталявання мемарыяльнага знаку ўхваліў у размове з карэспандэнтам Свабоды намеснік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі.
Пра гэтую прапанову, кажа Чахольскі, ведаюць і аўтары афіцыйнага мемарыяльнага знаку.
Актывісты гатовыя ўзяць удзел у добраўпарадкаванні ўваходу ў Курапаты, дзе прапануюць усталяваць афіцыйны мемарыяльны знак, у прыватнасці — забрукаваць дарогу.
«Ужо сабраныя грошы, збіраюцца камяні», — сказаў Алесь Чахольскі.