Дзмітрый Серада звярнуўся да грамадства з просьбай пра дапамогу ў змаганні з МУС

Мінскі лекар-педыятр Дзмітрый Серада не губляе надзеі дабіцца справядлівасці. Але каб прызнаць дзеянні міліцыянтаў незаконнымі і атрымаць прабачэнні і кампенсацыю за затрыманне ды збіццё, Дзмітрый Серада звярнуўся да грамадства з просьбай пра дапамогу.

sereda2.jpg

Для давядзення справы да законнага завяршэння па выкананні нашых Канстытуцыйных правоў, неабходныя велізарныя сродкі на адваката і судовыя выдаткі (магчыма для пачатку каля 3 тысяч рублёў), таму буду звяртацца да грамадскасці для збору сродкаў, — піша Дзмітрый Серада на molamola.by. — Першая судовая маленькая перамога ўжо запатрабавала каля 1000 рублёў. Далей трэба будзе больш сродкаў, бо атрыманы адказ з МУС паказвае, што добраахвотна кампенсаваць шкоду МУС не будзе. Гэта значыць, толькі праз суд! А дзеля гэтага неабходныя пазовы, адвакат, шмат грошай і часу, і ГАЛОЎНАЕ — ВАША ПАДТРЫМКА! Усе ахвяраваныя Вамі грошы паспрабую вярнуць Вам у выпадку перамогі. Справаздачу аб расходаванні сродкаў гатовы публікаваць на сваёй афіцыйнай старонцы ў Фэйсбук і Тэлеграм. ДЗЯКУЙ УСІМ!

Нагадаем, раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло ў дзверы на гаўбец, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, надзелі кайданкі і, працягнуўшы збіваць у спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска.

Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве і праз суткі — адпушчаны. Бо ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».

2zcs14xn69vqgacr.jpg


На працягу трох гадоў Дзмітрый Серада атрымаў сем адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў асобамі, якія праводзілі затрыманне. Ні кампенсаваць матэрыяльны ўрон за зламаныя дзверы і выбітае шкло ў дзверы на гаўбец у памеры 1862,28 рубля, ні маральную шкоду, ацэненую маці заяўніка ў 100 тысяч рублёў, ні прасіць прабачэння міліцыянты Заводскага РУУС не збіраюцца. Маўляў, шкода, нанесеная грамадзяніну супрацоўнікамі ўнутраных органаў, падлягае кампенсацыі толькі тады, калі дзеянні (ці бяздзейнасць) супрацоўнікаў гэтых органаў былі прызнаныя незаконнымі.

Праверкі ж не вызначылі «незаконнасці» дзеянняў АМАПу пры ўварванні ў кватэру Дзмітрыя Серады, а пракуратурай не было атрымана дастаткова дадзеных, якія паказваюць на наяўнасць у дзеяннях супрацоўнікаў АУС прыкметаў злачынства.

Нарэшце суд Партызанскага раёна Мінска 23 ліпеня агучыў рашэнне па скарзе мінскага лекара-педыятра Дзмітрыя Серады на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.