Дзьмухавец патрэбны птушкам!

У Мінску хочуць распачаць барацьбу супраць дзьмухаўцоў: маўляў, пустазеллю на газонах не месца. Каб вытруціць кветкі, збіраюцца ўжыць гербіцыд, які называюць бясшкодным для навакольнага асяроддзя. Але, бадай, пры гэтым забываюць, што часткай гэтага асяроддзя ёсць і птушкі, для многіх з якіх дзьмухаўцы – асноўны корм.

ptushka_2.jpg

Гербіцыд распрацавалі навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі імя. В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі — ён ужо даўно ўжываецца на пасевах некаторых сельскагаспадарчых культур і для барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага. Цяпер навукоўцы падрыхтавалі рэкамендацыі па яго ўжыванні на гарадскіх газонах. УП «Мінскзеленбуд» збіраецца апрацаваць ім газоны ад «пустазелля» уздоўж праспекта Незалежнасці, каб тыя «мелі прыгожы выгляд», а 22 траўня — «акурат» у Сусветны дзень біяразнастайнасці — гербіцыдам апрацавалі плошчу Незалежнасці. На жаль, каментаваць штосьці па тэлефоне на прадпрыемстве адмовіліся.
Між тым, дзьмухавец не толькі прыгожая кветка, якая ўпрыгожвае гарадскія газоны, але і самы масавы корм, напрыклад, для юрковых птушак. Насеннем дзьмухаўца сілкуюцца берасцянкі, шчыглы, зелянушкі, канаплянкі, вераб’і і іншыя віды. Гэтая крыніца ежы важная і для птушанят. Акрамя таго, дзьмухавец — нектараносная расліна, якая падтрымлівае многіх насякомых-апыляльнікаў. Але гербіцыд ударыць не толькі па адным відзе: на газонах ён павінен пакінуць толькі злакавыя расліны. Вось такі прыцэльны ўдар па гарадской біяразнастайнасці.

Валер Прохараў, доктар біялагічных навук, які займаўся распрацоўкай «супрацьдзьмухаўцовага» гербіцыду, расказвае: «Дзьмухавец — адзін з самых моцных алергенаў. Прэпарат «Магнум» мае 4-ты клас небяспекі, то бок ён абсалютна бяспечны для насякомых, птушак і чалавека. Ён пакідае толькі злакавы травастой. Апрацоўка ідзе толькі ў цэнтральных частках горада, летась прэпарат ужылі усяго на пяці гектарах. Так што дзьмухавец застанецца жывы. А наконт птушак — можа, нават больш корму будзе, бо калі дзьмухавец гіне, яго каранёвая маса прыцягвае велізарную колькасць чарвякоў. Акрамя таго, прэпарат спрыяе больш высокай кусцістасці газона, памяншае вышыню прыростаў над газоннай травой, а значыць, і частату скошвання».
Дажджавыя чарвякі, аднак, юрковых птушак не выратуюць: яны імі не сілкуюцца. Ды і каранёвую масу адмерлай расліны чарвякі змогуць выкарыстаць усяго адзін раз…
«Чым усім так замінаюць дзьмухаўцы? Па-мойму, выдатныя кветкі, прыгожыя і непатрабавальныя”, “Мне таксама падабаюцца дзьмухаўцы. Але ніяк не аднастайныя падстрыжаныя да зямлі газоны”, “Горад гэта і так пустыня для пчол — давайце яшчэ і дзьмухаўцы знішчаць…» – мноства падобных каментароў з’яўляецца пад пастамі аб планах па знішчэнні дзьмухаўца.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
— Злакі не цікавыя для насякомых-апыляльнікаў, а ў горадзе ім не даюць завязаць насенне — рэгулярна скошваюць. Такі газон зялёны, але мёртвы. Ён добры для футбольнага поля. Але не для горада. На мільёнах дзьмухаўцоў і іншых двухдольных кормяцца мільёны матылькоў і пчол, жукоў і птушак. У горадзе ёсць алергікі на пылок, а ёсць людзі, якія задыхаюцца ад паху свежаскошанай травы. Трэба шукаць баланс. Нельга татальна ўжываць гэты гербіцыд. Трэба вызначыць і ўзгадніць з энтамолагамі, арнітолагамі, грамадскасцю тэрыторыі пад апрацоўку.
Паводле ptushki.org