Еўропа ідзе ў Беларусь

Адносіны Беларусі і Расіі з нядаўняга часу сур’ёзна ўскладніліся. У гэтых умовах прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка просіць камісара Еўрасаюза па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы добрасуседства Беніту Ферэру-Вальднер тэрмінова прыехаць. Сустрэча, якая планавалася на 12 сакавіка, але ад якой ён ухіліўся, калі тэрмінова ад’ехаў з візітам у Арменію, адбылася 22 чэрвеня.



aff1621254f7c1be92f64550478c56e6.jpg

Адносіны Беларусі і Расіі з нядаўняга часу сур’ёзна ўскладніліся. У гэтых умовах прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка просіць камісара Еўрасаюза па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы добрасуседства Беніту Ферэру-Вальднер тэрмінова прыехаць. Сустрэча, якая планавалася на 12 сакавіка, але ад якой ён ухіліўся, калі тэрмінова ад’ехаў з візітам у Арменію, адбылася 22 чэрвеня.
“Я тут, каб пабачыць, што можна зрабіць і што ўжо зроблена, каб развіваць нашы адносіны, — так вызначыла Ферэра-Вальднер мэты свайго візіту (дарэчы, першага візіту еўрапейскага камісара) у Беларусь.
Галоўнае
Усе галоўныя пытанні вырашаліся на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Амаль пра ўсе з іх можна толькі здагадвацца, бо СМІ стала вядомай толькі маленькай частка з 2,5 гадзіннай размовы: афіцыйны пачатак і кароткія каментары Ферэры-Вальднер па выніках.
“Апошнім часам у ЕС ёсць палітыкі, якія лічаць, што Лукашэнка вядзе нейкую гульню з Еўропай, што ён такі-сякі і нічога не збіраецца мяняць у краіне і ў адносінах з Еўропай. За ўсе свае гады прэзідэнцтва я ніколі не дазваляў сабе паводзіць сябе несумленна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Мы шчыра хочам, хоць камусьці гэта не падабаецца, пабудаваць з вамі добрыя адносіны, — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ужо па выніках сустрэчы Беніта Ферэра-Вальднер назвала яе вельмі прадуктыўнай. “Прэзідэнт вельмі ўважліва слухаў тое, што я казала, а я ўважліва выслухала ягоную пазіцыю, — патлумачыла еўракамісар.
Апазіцыя задаволена
Задавальненне ад сустрэчы з Ферэрай-Вальднер выказалі і прадстаўнікі апазіцыі. “Спадарыня камісар вельмі добра разабралася ў сітуацыі, якая існуе ў Беларусі. Цяпер зразумела, што Еўрасаюз добра ведае, чаго чакае ад Беларусі, і афіцыйнаму Мінску будзе вельмі цяжка, амаль немагчыма, навязаць еўрапейскім чыноўнікам сваю гульню, — пракаментаваў “Новаму часу намеснік старшыні руху “За свабоду Віктар Карніенка.
Падчас сустрэчы былі ўзнятыя пытанні свабоды дзейнасці ў краіне недзяржаўных грамадскіх арганізацый, наяўнасці палітзняволеных, узаемаадносінаў паміж Еўрасаюзам, беларускімі NGO і ўладай, паведамілі “Новаму часу праваабаронцы.
Што Беларусь павінна зрабіць
На гэты раз Еўрасаюз прыйшоў да Беларусі фактычна з палітычнымі патрабаваннямі як гаранта далейшага супрацоўніцтва. Беніта Ферэра-Вальднер нагадала, што краіны ЕС звярнуліся да Беларусі з просьбай выканаць “пяць пажаданняў.
Самае галоўнае — гэта сумесная праца з БДІПЧ АБСЕ дзеля змянення выбарчага заканадаўства Беларусі. Акрамя таго, сярод пажаданняў ЕС — свабода СМІ, свабода сходаў, рэгістрацыя недзяржаўных арганізацыяў, адсутнасць палітзняволеных. Гэта, акрамя іншага, дасць доступ да паўнавартаснай працы ў межах “Усходняга партнёрства.
“Тыя захады, якія вы зрабілі, далі магчымасць еўрапейцам пераасэнсаваць падыход да вашай краіны, — адзначыла еўракамісар. — Калі будзе жаданне з вашага боку, то будзе гатоўнасць і з нашага наладжваць супрацоўніцтва.
Камісар ЕС падкрэсліла, што Еўрасаюз паважае суверэнітэт Беларусі, ведае яе гісторыю і разумее, як складана быць мостам паміж Усходам і Захадам. Паводле яе слоў, у беларускага кіраўніцтва пасля прыпынення санкцый ЕС ёсць шанец і час да снежня, каб прадэманстраваць, што Беларусь гатовая да супрацоўніцтва з Еўропай.
Што візіт дасць Беларусі
Па словах А. Лукашэнкі, Беларусь хацела б пабудаваць нармальныя адносіны з Еўрасаюзам, паколькі Еўропа — сусед Беларусі, на краіны ЕС прыпадае палова тавараабароту, да таго ж гандлёвае сальда для Беларусі складаецца дадатнае.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Еўрасаюз вельмі тэхналагічны, а Беларусь мае высокатэхналагічную эканоміку, і таму без супрацоўніцтва з ЕС наша краіна не можа далей развіваць сваю эканоміку.
З сабой еўракамісар прывезла 10 мільёнаў еўра з бюджэту Еўракамісіі. З аднаго боку, даволі невялікая сума, асабліва ў параўнанні з тымі крэдытамі, што выдала Беларусі Расія. З другога — гэта ўсё ж важна як пачатак, і, падаецца, мае сімвалічны характар: 10 мільёнаў на фоне “малочнай вайны будуць выдзелены для паляпшэння ў галіне стандартызацыі і харчовай бяспекі для паставак беларускага харчавання ў ЕЗ. Акрамя таго, Беніта Ферэра-Вальднер абяцала пасадзейнічаць зніжэнню цаны на шэнгенскія візы.
Так што візіт важны ў доўгатэрміновай перспектыве і, верагодна, калі Беларусь выканае ўсе ўмовы, прынясе свае дывідэнды. Пакуль жа — гэта было знаёмства, дэкларацыя аб палітычных намерах.
Такога меркавання прытрымліваюцца і эксперты. Так, палітолаг-міжнароднік Фёдараў распавёў карэспандэнту “Новага часу, што сярод прапановаў Беніты Фэрэры-Вальднер — “у абмен на дэмакратызацыю ў краіне — пашыранае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. “У тым ліку — інвестыцыі і тэхналогіі, хаця наўпрост гэтым еўракамісар не займаецца, — падкрэсліў эксперт.
На погляд эксперта, “у бліжэйшай перспектыве гэта не кампенсуе прэферэнцыі, якія Беларусь атрымлівае ад Расіі, але ў трохі аддаленай перспектыве — палепшыць узровень жыцця ў краіне.
Беларусь, як заўсёды ў такой сітуацыі, гуляе паміж Расіяй і Захадам. Пакуль што такая тактыка была даволі эфектыўнай для афіцыйнага Мінску. У гэтай партыі мяч на палове беларускага боку, і далейшае развіццё будзе залежыць менавіта ад ягонай падачы.