Эксперт — пра сілавікоў: Пры існуючым рэжыме яны абароненыя, але ў будучыні ніхто гарантый ім не дасць

Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч распавёў «Беларускаму партызану», ці баяцца сілавікі публікацыі асабістых звестак і ці ўдасца пазбегнуць пакарання тым з іх, хто парушаў закон.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


— СК абвясціў аб завяршэнні праверкі па заявах пра гвалт з боку сілавікоў 9-11 жніўня 2020 года. Парушэнняў не знайшлі. Нібыта сілавікоў правакавалі на прымяненне сілы, каб атрымаць падставу для палітычнага прытулку на Захадзе. Чаму ўлады адмовіліся прызнаваць хоць нейкія парушэнні, хіба гэта не спрыяла б частковаму прымірэнню ў грамадстве?
— Улады першапачаткова прынялі стратэгію на сілавое падаўленне пратэсных праяў, унутрыпалітычны дыялог не распачаўся, рэпрэсіі працягваюцца, Лукашэнка па-ранейшаму не выключае прымянення гвалту, пазаправавых мер супраць сваіх апанентаў.
У такой сітуацыі выяўленне вінаватых магло быць успрынята як праява пэўнай слабасці (у разуменні Лукашэнкі і яго атачэння). Рэжыму гэта нічога б не дало.
На дадзеным этапе ўлады не ставяць задачу кансалідацыі грамадства, прымірэння.
Рашэнне аб прызнанні фактаў гвалту мела б сэнс, толькі калі б яны былі настроеныя на нацыянальны дыялог.
Акрамя таго, прыцягненне хоць бы невялікай колькасці людзей да адказнасці за гвалт азначала б, што Лукашэнка кагосьці здаў — бо сілавікі выконвалі яго загад.
Задача была пастаўлена менавіта такая: працаваць жорстка, не глядзець на наступствы. Гэта вядома, у тым ліку, па апублікаваных аўдыёзапісах, выступленнях таго ж Карпянкова.
А паколькі ў гвалт былі ўцягнутыя тысячы сілавікоў, прызнанне няхай і невялікай колькасці парушэнняў азначала б, што ўсе яны знаходзяцца пад пагрозай, што справы супраць іх могуць падняць пазней.
Гэта знізіла б лаяльнасць і адданасць сілавікоў Лукашэнку, падарвала б аснову яго ўлады.
— У пачатку года была ўзбуджаная крымінальная справа па факце смерці Рамана Бандарэнкі. Чым можа скончыцца расследаванне?
— Калі зыходзіць з сённяшняй сітуацыі, то, хутчэй за ўсё, нікога «не знойдуць». Будзе афіцыйная адпіска: ёсць склад злачынства, былі праведзены нейкія дзеянні, але вінаватых знайсці не ўдалося.
— Ці правільна гаварыць, што цяпер, пасля рашэння СК, сілавікі канчаткова запэўняцца ў сваёй беспакаранасці? Ці мае для іх значэнне інфармацыя, злівы пра іх дзеянні, асабістых даных, якія публікуюцца ў сеціве?
— Безумоўна, гэта аказвае сур'ёзнае псіхалагічнае ўздзеянне — асабліва на тых, хто яшчэ не замешаны ў парушэннях закону, хто нейкім чынам ухіляецца ад удзелу ў гэтым.
Але пэўная частка сілавікоў ужо перайшла чырвоную рысу: яны ўжывалі гвалт, таму для іх не мае значэння, ці будзе яшчэ адным інцыдэнтам больш.
У любым выпадку, публікацыя інфармацыі ўплывае на атмасферу ў сілавых структурах. Вядомыя публічныя выпадкі звальнення людзей, непублічна ідзе вялікі адток кадраў. Людзі не хочуць заставацца ў сістэме, кваліфікаваныя кадры не жадаюць туды ісці.
— Вінаватыя ў злачынствах пазбегнуць пакарання?
— Пры існуючым цяпер рэжыме яны абароненыя. Але што будзе ў будучыні, невядома — ніхто гарантый ім не дасць.
Асабліва незайздросным іх становішча будзе пры двух варыянтах. Першы — калі ўлада па нейкіх прычынах будзе вымушана пайсці на дыялог. Мы ведаем нямала прыкладаў з гісторыі, калі палітыкі ціха «здавалі» выканаўцаў ці «дазвалялі» ім з'ехаць з краіны.
А калі ўлада зменіцца і ў кіраўніцтве акажуцца дэмакратычныя сілы, то тым больш зразумела, што сілавікі, якія парушылі закон, будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці.
Напэўна, гэта будзе доўгі працэс, тых, хто найбольш «праславіліся», учынілі цяжкія дзеянні, будуць шукаць і праз 10 гадоў, і больш.