Эксперт: Зброю апалчэнцы атрымаюць толькі ў надзвычайным выпадку

Змены ў Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі абмяркоўваліся сёння на нарадзе ў Лукашэнкі. Сілавікі ўхвалілі ў прынцыпе законапраект «Аб народным апалчэнні».

_belarus_zyccjo_armija_vaennyja_fota_novy_czas_logo.jpg


Улады плануюць паставіць пад ружжо 100-150 тысяч чалавек, але «добраахвотнікаў можа быць і больш». Не выключана, што ў апалчэнне ўвойдуць і людзі, якія не прайшлі ваенную падрыхтоўку, у тым ліку жанчыны.
Улада хоча стварыць дадатковыя ўмовы для «падтрымання правапарадку ў перыяд ваеннага становішча», перш за ўсё ў вёсках і раённых гарадах, і даць магчымасць тым, каго не мабілізавалі, «удзельнічаць у абароне краіны».
Склад апалчэння будзе вызначацца ўжо зараз, «каб у выпадку ўзнікнення пагрозы гэтыя пытанні не прыйшлося вырашаць імгненна».
«Асноўнай задачай для народнага апалчэння застаецца абарона найперш свайго дома, сваёй маёмасці і выкананне мерапрыемстваў па забеспячэнні правапарадку сумесна з міліцыяй», — заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін.
Навошта спатрэбілася народнае апалчэнне і ці разумна яго ствараць ва ўмовах нявырашанага палітычнага крызісу? Запыталіся ў ваеннага аглядальніка Аляксандра Алесіна.
— Народнае апалчэнне створанае даўно, а заканадаўча яно не аформлена. Цяпер народнае апалчэнне становіцца аб’ектам закона, і людзі могуць прэтэндаваць на правы: кампенсацыі, выплаты і гэтак далей. У выпадку баявых дзеянняў апалчэнцы атрымаюць прававы статус. Калі раней народнае апалчэнне знаходзілася збоку, то цяпер яно становіцца часткай сілавога блока.
Стварэнне народнага апалчэння, як я разумею, звязанае з абвастрэннем міжнароднай сітуацыі, і закон мусіць вызначыць яго статус і месца ў сілавым блоку.
Аднак у адрозненне ад суседзяў, ніхто не збіраецца кідаць народнае апалчэнне на лінію фронту, як гэта зрабілі ва Украіне з тэрытарыяльнай абаронай. Народнае апалчэнне ствараецца не толькі на выпадак вайны, але і на выпадак увядзення ваеннага становішча. То-бок, для абароны не толькі ад агрэсара, але і ад тэрарыстаў.Улады сур’ёзна ставяцца да знешняй пагрозы.
— Ці разумна ствараць народнае апалчэнне пасля падзеяў 2020 года? Палітычны крызіс замарожаны, але не вырашаны, ці разумна з боку гледжання ўлады ўзбройваць беларусаў, якія два гады таму масава выступілі супраць гэтай улады?
— Зброю апалчэнцы атрымаюць толькі ў выпадку агрэсіі ці ўвядзення ваеннага становішча. Беларусь не Швейцарыя і не Ізраіль, кожнаму дабраахвотніку не выдадуць аўтамат. Як я разумею, апалчэнцаў будуць выклікаць на зборы па чарзе, пазнаёмяць з афіцэрамі, будуць адпрацоўваць зладжанасць. І зброю (аўтаматы) замацуюць за кожным апалчэнцам, і будуць выдаваць толькі ў выпадку надзвычайнай сітуацыі і толькі пад асабісты роспіс.