«Экстрэмісцкай» прызналі калекцыйную манету з Камеруна. Хронікі рэпрэсій 23 траўня
Гаворка пра манету «Snake Island Incident», прысвечаную вайне ва Украіне. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Кастрычніцкага раёну Мінска 23 траўня. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі Telegram-каналы і чаты «Беларусы в Литве 2.0», «Abwehr Chat», «Synthetic overdose», «ГРИФОН501 Chat», Instagram старонкі «dzia_k», «cabinetsocial», «Анатоль Лебедзька», «kos.rar», а таксама старонка ў TikTok «KiserVsejaRusi», «buslenok», «liabedzka», «KiserVsejaRusi».
«Экстрэмісцкай» прызналі песню «Беги, Лукашенко в Ростов!» Яе поўная назва — «Беги, Лукашенко в Ростов! Судьба Чаушеску для Саши|Карамелька Cover/Remix (Алексин) под гитару», аўтарства С. Марозава. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Гомельскага раёну 20 траўня.
«Экстрэмісцкай» прызналі кнігу «Забойства на вулiцы Макаёнка». Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Кастрычніцкага раёну Мінска 23 траўня.
Апісанне кнігі гучыць так:
«У задушлівым, прыціснутым рэпрэсіямі Менску ўзору 2022 года, з пустымі афішнымі тумбамі і поўнымі аўтазакамі, закрытую суполку — Гільдыю гарадскіх варʼятаў - абляцела жудасная навіна: за вакзалам дзіцячай чыгункі пякельным механізмам задушаная Жанна Танцэн, багемны матылёк і ўдзельніца масавых маніфестацый часоў рэвалюцыі 2020-га. Зламысная сіла невядомага паходжання падбіраецца таксама да іншай гарадской легенды — вулічнай спявачкі Камароўскай Прымадонны.
Менская міліцыя, занятая паляваннем на палітычных, здае загадкавае забойства ў архіў. За справу бярэцца менскі клан Пісьменных — сумнеўны ранцье і безнадзейны халасцяк Якуб Пісьменны, яго пранырлівы кансільеры Аркадзь Табібулаеў, а таксама яго мёртвая бабка Ханя Пісьменная, якая пры жыцці была імпрэсарыа ці не ўсіх гарадскіх варʼятаў».
Больш за 220 чалавек у Беларусі асудзілі за салідарнасць з Украінай
З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы рознымі спосабамі пачалі выказваць салідарнасць з украінцамі: ладзіць маршы і пікеты, дапамагаць у інфармацыйнай вайне, прыводзіць у непрыдатнасць чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расійскай вайсковай тэхнікі, ваяваць на баку Украіны.
За люты і сакавік 2022 года за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі больш за 1 500 чалавек. Але ў краіне да гэтага часу працягваюцца затрыманні ў тым ліку за перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі, данаты «Палку Каліноўскага». Паводле даных «Вясны», за падтрымку Украіны пад крымінальны пераслед трапілі больш за 220 чалавек, 40 з якіх — жанчыны.
Беларусаў, якія нанеслі свае бізнэсы на карту «Новай Беларусі» і вярнуліся ў краіну, прымушаюць каяцца
Ужо дзве беларускі, якія размяшчалі звесткі пра свой эміграцыйны бізнэс у базе «Новая Беларусь», апублікавалі ў сваіх інстаграм-акаўнтах «пакаяльныя відэа» з парадамі для сяброў. Выглядае, што ў сілавікоў новая методыка працы, піша «Наша Ніва».
Гаворка ідзе пра сэрвіс SVAE (раней — «Новая Беларусь»), на якім беларусы-эмігранты, якія займаюцца бізнэсам ці аказваюць паслугі, маглі пакінуць звесткі пра сябе — каб карыстальнікі платформы з дыяспары маглі іх знайсці.
У адным з відэа дзяўчына кажа, што калі жыла і вучылася ў Тбілісі, то «зарэгістравала свае паслугі на карце праграмы «Новая Беларусь». Яна думала, што «так можна і што яе звесткі абароненыя».
У выніку яна вярнулася ў Беларусь. А цяпер да яе маці прыйшлі з ператрусам. У апублікаванай гісторыі дзяўчына кажа, што «публікацыя ўзгодненая з праваахоўнікамі Беларусі». Дадае, што «спадзяецца, што ўсе скончыцца добра».
У Расіі летась затрымалі 964 чалавек, якіх шукаў МУС Беларусі
Пра гэта заявіў кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў на пасяджэнні Аб'яднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы ў Магілёве.
У Беларусі ж, па словах чыноўніка, былі затрыманыя 185 чалавек, якіх абвясцілі ў вышук у Расіі. Якая колькасць палітычных затрыманняў была з абодвух бакоў — не ўдакладняецца, піша «Еўрарадыё».
Таксама Кубракоў заявіў, быццам сумеснымі намаганнямі ў 2023-2024 гадах былі папярэджаныя чатыры тэракты. Яны былі скіраваныя супраць «службовых асоб і аб'ектаў крытычнай інфраструктуры Беларусі і Расіі», паведаміў міністр.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 17 прозвішчаў — цяпер у ім 5314 чалавек
23 траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі студэнта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Данілу Чыбісава, а таксама сямейную пару з Гродна Леаніда і Антаніну Церабей.
Спіс цалкам публікуе Вясна.