Фігуры тыдня: Арцём Дубскі. Аляксандр Глеб. Мікалай Андрыянаў
Арцём Дубскі
Арцём Дубскі
Актывіст зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады
фронт» Арцём Дубскі, якога 7 ліпеня Асіповіцкі суд пакараў годам зняволення, абвясціў галадоўку пратэсту ў Бабруйскім следчым ізалятары. Падставай для галадоўкі стала стаўленне адміністрацыі
калоніі: Арцём захварэў, аднак дактары адмовіліся даваць яму лекі. У красавіку мінулага года Арцём Дубскі быў пакараны двума гадамі абмежавання волі («хатняя хімія») па
«справе 14-ці» за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Сёлета 3 сакавіка была распачатая чарговая крымінальная справа за парушэнне правілаў адбыцця пакарання: хлопец
з’ехаў без дазволу ўчастковага інспектара ва Украіну. Арцём нядаўна галадаў на знак салідарнасці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімірам
Асіпенкам.
Аляксандр Глеб
Паўабаронца «Барселоны» і гулец зборнай Беларусі
Аляксандр Глеб пераходзіць у міланскі футбольны клуб «Інтэр» (чэмпіён Італіі сезону 2008/2009). «Барселона» пагадзілася выплаціць міланскаму
«Інтэру» 40 мільёнаў еўра і аддаць форварда Самюэля Это’О і паўабаронцу Аляксандра Глеба за форварда міланскай каманды і зборнай Швецыі Златана Ібрагімавіча. Глеб будзе
гуляць у «Інтэры» на правах гадавой арэнды. Праз год «Інтэр» атрымае прыярытэтнае права на выкуп Глеба. Для Глеба «Інтэр» стане чацвёртым
еўрапейскім клубам. Да гэтага ён гуляў за нямецкі «Штутгарт», лонданскі «Арсенал» і «Барселону». Дарэчы, у апошнім клубе ён так і не стаў гульцом
асноўнага складу. Яшчэ ў маі Аляксандр Глеб выказваў незадаволенасць рашэннем трэнера «Барселоны» не ўключаць яго нават у склад запасных для ўдзелу ў сёлетнім фінале Лігі чэмпіёнаў.
Тады ж футбаліст заявіў, што думае пра змену клуба і што надышоў час нешта мяняць. Сёлета ў серыі «А» італьянскага чэмпіянату будуць гуляць тры беларусы: Міхаіл Сівакоў за
«Кальяры», Віталь Кутузаў за «Бары», Аляксандр Глеб за «Інтэр». Усе гэтыя футбалісты ў свой час гулялі за барысаўскі футбольны клуб
«БАТЭ», які летась выйшаў у групавы турнір Лігі чэмпіёнаў.
Мікалай Андрыянаў
Захапленне паляваннем каштавала пасады генеральнаму дырэктару
Беларускага металургічнага завода Мікалаю Андрыянаву. Напрыканцы чэрвеня Аляксандр Лукашэнка выступіў з заявай, што «ў поле зроку КДБ трапіў начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і
эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага РАУС Міненкоў, які арганізоўваў умовы для заняткаў паляваннем, рыбалкай і яшчэ тым-сім. У 2003 годзе ён набыў і аформіў на падстаўную асобу сядзібу на тэрыторыі
Жлобінскага раёна, захапіўшы пры гэтым больш за гектар лясных угоддзяў, самавольна ўзвёў 14 пабудоў, абзавёўся зграяй з 29 пародзістых сабак і трыма дзікамі. Усю гэтую гаспадарку абслугоўвалі
мясцовыя жыхары. На гэтай базе рэгулярна арганізоўваліся паляванне, рыбалка з удзелам кіраўнікоў, у тым ліку Беларускага металургічнага завода і высокапастаўленых службовых асоб органаў унутраных
спраў, напрыклад, начальніка ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Ермакова».
Андрыянаў да гэтага быў на добрым рахунку ў кіраўніцтва дзяржавы, прадпрыемства знаходзілася ў ліку найбольш паспяховых, а ў сакавіку Андрыянаву было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны
металург Рэспублікі Беларусь». Пасля звальнення Мікалая Андрыянава з’явілася інфармацыя, што падставай для гэтага стала не толькі яго захапленне паляваннем, але і пагаршэнне
эканамічных паказчыкаў завода.
З 10 ліпеня афіцыйна выканаўцай абавязкаў генеральнага дырэктара БМЗ стаў Анатоль Савёнак, які на працягу некалькіх гадоў з’яўляўся намеснікам гендырэктара.