Фігуры тыдня: Аляксандр Шамко, Аляксандр Харкавец, Анатоль Рубінаў
Аляксандр Шамко Міністр спорту Аляксандр Шамко прапануе ўмацаваць ідэалагічную працу сярод спартоўцаў. «Ідэалагічная праца з’яўляецца эфектыўным сродкам згуртавання сіл для дасягнення пастаўленай мэты», — сказаў Шамко на пасяджэнні калегіі міністэрства.
Паводле яго слоў, тут патрабуюцца не толькі веды, але і «пэўны ўзровень асабістай культуры». Шамко паскардзіўся на тое, што праца ў гэтай сферы вядзецца фармальна і ад выпадку да выпадку, а некаторыя выказванні «нашых выхаванцаў» «злёту падхопліваюць так званыя нашы свядомыя». Відавочна, міністр згадаў алімпійскую чэмпіёнку, плыўчыху Аляксандру Герасіменю, якая заявіла, што з пункту гледзішча эстэтыкі бел-чырвона-белы сцяг ёй больш сімпатычны за чырвона-зялёны.
Раскрытыкаваў міністр і нерэалізаваны патэнцыял беларускіх спартоўцаў. Ён адзначыў, што толькі 38% спартсменаў, якія прэтэндавалі на алімпійскія медалі ў Лондане ў 2012 годзе, змаглі рэалізаваць свой патэнцыял. Ён заявіў, што лонданская Алімпіяда стала «асноўным іспытам» для спартыўнай галіны ў 2012 годзе. Ён назваў вынікі выступлення нездавальняючымі: за ўсю гісторыю выступлення беларускіх атлетаў самастойнай камандай было заваявана мінімум медалёў. «Алімпійскія гульні паказалі нашы слабыя месцы», — цытуе Аляксандра Шамко БелаПАН.
Аляксандр Шамко ўзначаліў Мінспорту 31 кастрычніка 2012 года. Раней ён займаў пасаду намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях.
Аляксандр Харкавец
Міністр фінансаў Андрэй Харкавец у інтэрв’ю часопісу «Фінансы, улік, аўдыт» падвёў фінансавыя вынікі 2012 года. Паводле слоў чыноўніка, рэспубліканскі бюджэт склаўся з дэфіцытам каля 0,5 трыльёна рублёў. Харкавец патлумачыў, што на прыбытковую частку бюджэту паўплывала зніжэнне паступленняў ад экспарту ў сувязі са скарачэннем знешняга попыту на калійныя ўгнаенні. Акрамя таго, рост экспарту тавараў прывёў да павелічэння вяртання ПДВ экспарцёрам, а ўмацаванне курсу беларускага рубля ў параўнанні з прынятым пры фарміраванні бюджэту не дазволіла атрымаць запланаваныя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.
«Яшчэ адна прычына — змяншэнне аб’ёмаў імпарту тавараў у Расійскую Федэрацыю ў параўнанні з прагнозам прывяло да зніжэння аб’ёму ўвазных мытных пошлін, якія пералічваюцца з Расіі ў беларускі бюджэт у адпаведнасці з пагадненнем аб устанаўленні і прымяненні ў Мытным саюзе парадку залічэння і размеркавання ўвазных мытных пошлін», — растлумачыў кіраўнік Мінфіна.
Паводле яго слоў, на паступленні даходных крыніц бюджэту таксама аказала ўплыў «запаволенне эканамічнай актыўнасці арганізацый краіны ў сілу ўплыву фактараў стабілізацыйнай макраэканамічнай палітыкі, якая цяпер рэалізуецца». Часткова страты былі кампенсаваныя дадатковымі паступленнямі падатку на прыбытак, павелічэннем ставак акцызаў, увядзеннем спецыяльнага збору на экспарт калійных угнаенняў, дадатковымі даходамі мэтавых бюджэтных фондаў.
Анатоль Рубінаў
Прымяненне смяротнага пакарання ў дачыненні да забойцаў апраўдана. Такое меркаванне ў інтэрв’ю БелТА выказаў старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў. «Многія беды ад таго, што мы лаяльна ставімся да парушальнікаў і злачынцаў. Да іх трэба ўжываць жорсткія, адэкватныя меры. Гэта будзе гуманна да ўсіх астатніх, дазволіць засцерагчы добрапрыстойных грамадзян, забяспечыць ім бяспечныя ўмовы жыцця», — сказаў Анатоль Рубінаў. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што, на яго погляд, прымяненне смяротнага пакарання ў дачыненні да забойцаў апраўдана. «Гэта не помста, як трактуюць некаторыя. Гэта выразная ўстаноўка, што людзям, якія наўмысна здзейснілі забойства, няма месца ў грамадстве. Не трэба іх перавыхоўваць — такіх не перавыхаваеш. Месцам, раўназначным маральнаму катаванню, у дадзеным выпадку з’яўляецца пажыццёвае зняволенне», — адзначыў Анатоль Рубінаў.
Напрыканцы мінулага года ў Нацыянальным сходзе стварылі групу па вывучэнні праблемаў смяротнага пакарання. У склад групы ўвайшлі сем чалавек: пяць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і два з верхняй палаты Савета Рэспублікі. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе выносяцца і выконваюцца смяротныя прысуды.