Фігуры тыдня: Мікалай Ладуцька, Сяргей Данкверт, Кацярына Шкуратава
Мікалай Ладуцька Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька асвойвае новую прафесію — экскурсавода. Пасля завяршэння моладзевага форуму, на якім выступіў Лукашэнка, Ладуцька прадэманстраваў чальцам БРСМ новую рэзідэнцыю кіраўніка дзяржавы.
Ладуцька распавёў пра асаблівасці афармлення інтэр’еру рэзідэнцыі кіраўніка. Госці таксама наведалі Алею ганаровых гасцей, закладзеную кіраўнікамі краін СНД падчас праведзенага нядаўна ў Мінску Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.
Перад гэтым, выступаючы на форуме, Лукашэнка заявіў, што беларусы павінны ганарыцца Палацам незалежнасці, і паабяцаў зрабіць адкрытым доступ для людзей у гэты будынак. «Побач з вамі сімвал нашай дзяржаўнасці. Многія спрачаліся: трэба, не трэба. Колькі гэта каштавала? Палац незалежнасці — не закрытая ўстанова, ён пабудаваны для вас, вы можаце на яго разлічваць», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да моладзі, адзначыўшы, што ў Палацы незалежнасці магчыма, напрыклад, правядзенне такіх мерапрыемстваў, як прыём у піянеры, у БРСМ.
Зрэшты, каму, як не Ладуцьку, паказваць новую рэзідэнцыю? Як паведамляюць некаторыя крыніцы, палова яе кошту ўзята з мінскага гарадскога бюджэту.
Сяргей Данкверт
Кіраўнік Рассельгаснагляду паквапіўся на самае святое — на беларускую бульбу. Мабыць, яму не даюць спакою лаўры галоўнага санітарнага ўрача Расіі Генадзя Анішчанкі.
Спецыялісты Рассельгаснагляду сумесна з прадстаўніком «Усерасійскага цэнтра каранціну раслін» правялі фітасанітарнае абследаванне адкрытай аптова-рознічнай пляцоўкі на тэрыторыі раёна «Паўночны» ў Маскве. У чатырох партыях харчовай бульбы агульнай вагой 77 тон, якая паступіла з Беларусі, выяўлены каранцінны шкодны арганізм, паведамляе прэс-служба Рассельгаснагляду.
Выяўлены ў беларускай бульбе каранцінны шкодны арганізм — залацістая бульбяная нематода — прыводзіць да ўстойлівага заражэння глебы. Гэта выключае магчымасць вырошчвання на дадзеным участку раслін сямейства пасленовых на працягу не менш як 7 гадоў.
Заражаная прадукцыя суправаджалася фітасанітарнымі сертыфікатамі, выдадзенымі Галоўнай дзяржаўнай інспекцыяй па насенняводству, каранціну і ахове раслін Беларусі.
У сувязі з сістэматычнымі праблемамі пры пастаўках на тэрыторыю Расіі падкаранціннай прадукцыі з Беларусі, Рассельгаснагляд звярнуўся ў Галоўную дзяржаўную інспекцыю па насенняводству, каранціну і ахове раслін Беларусі з просьбай правесці ў кароткі тэрмін кансультацыі для пошуку шляхоў вырашэння праблем.
Дзіўныя прэтэнзіі ў Рассельгаснагляду. Мы прадаем масквічам бульбу, каб яны яе елі, а не вырошчвалі. Ды і вырасціць у Маскве бульбу праблематычна. Там, хутчэй, таджыкі вырастуць, чым беларускія карняплоды.
Кацярына Шкуратава
Беларуская цяжкаатлетка Кацярына Шкуратава (вагавая катэгорыя звыш 75 кілаграмаў) заваявала бронзавы медаль у суме двухбор’я на першынстве планеты па цяжкай атлетыцы, якое праходзіла ў польскім Уроцлаве.
Па суме двух практыкаванняў Шкуратава паказала вынік 291 кг (130 у рыўку + 161 у штуршку). Пры гэтым пасля першай дысцыпліны, рыўка, беларуска ішла чацвёртай з адставаннем у 1 кілаграм ад трэцяга месца. Аднак у штуршку здолела апярэдзіць саперніцу з Тайланда на 1 кілаграм, і па суме двух практыкаванняў атрымала бронзу за кошт больш нізкага ўласнай вагі. Беларуска была лягчэй канкурэнткі на 7,5 кг (117,56 кг супраць 125,12 кг у тайландскай спартсменкі).
Золата заваявала расіянка Таццяна Кашырына — 332 кілаграмы (142 — 190). Яна стала двухразовай чэмпіёнкай свету, усталяваўшы адначасна рэкорд свету ў штуршку (190 кг). Срэбра ў алімпійскай чэмпіёнкі кітаянкі Лулу Чжу — 328 кг (146 — 182).
Нагадаем, што першы медаль зборнай Беларусі ў двухбор’і на ЧС–2013 ва Уроцлаве заваявала Дзіна Сазанавец (да 69 кг), якая стала бронзавым прызёрам 24 кастрычніка.