Француз, арыштаваны на мяжы за патрон, застанецца за кратамі да панядзелка
У судзе над Жаланам Віё абвешчаны перапынак да 10:00 21 лістапада. Гэта значыць, што хлопец правядзе за кратамі яшчэ як найменш выходныя.
Сёння працягнуўся судовы працэс над грамадзянінам Францыі Жаланам Віё, які, перасякаючы мяжу ў памежным пункце Новая Гута, прад'явіў на мытным аглядзе патрон-сувенір, за што быў затрыманы і змешчаны ў гомельскім СІЗА.
Як прайшоў першы судовы дзень можна пачытаць тут!
На гэты раз суд перанеслі ў будынак абласнога, дзе знайшліся большыя залі, каб змясціць усіх ахвотных. Таксама ў гэтай залі больш цывілізавана абсталяваная камера, дзе мусіць сядзець падчас суду абвінавачаны: замест клеткі з драўлянымі паліцамі тут была шкляная вітрына.
У другі судовы дзень былі апытаныя панятыя, якія прысутнічалі падчас следчых дзеянняў па аглядзе Жалана на памежнай тэрыторыі. Што цікава, падчас паседжання высветлілася, што пратакол апытання адной з панятых быў падпісаны не ёй і ўвогуле падчас следства яе ніхто не апытваў. Хто падпісаў пратакол замест жанчыны так і засталося загадкай для суду.
Таксама ў якасці сведкаў былі апытаныя двое памежнікаў, якія неслі службу ў дзень інцыдэнта і непасрэдна ўдзельнічалі ў ім, а менавіта — праводзілі памежны і пашпартны кантроль, прысутнічалі пры аглядзе рэчаў француза.
Яны патлумачылі, што хлопец ішоў чырвоным калідорам. Спачатку прайшоў пашпартны кантроль, а потым мытнікаў зацікавіла барада Жалана і яго адправілі на дадатковы мытны агляд. Дарэчы, таксама падчас паседжання высветлілася, што гэткі парадак працэдур не зусім слушны: паводле нарматываў спачатку мусіць быць мытны кантроль, а ўжо потым пашпартны.
Асноўнай прэтэнзіяй мытнікаў да Жалана было тое, што ён не запоўніў дэкларацыю, рухаючыся па чырвоным канале. На пытанне, адкуль іншаземцу даведацца, што неабходна запоўніць дэкларацыю, начальнік аддзела мытных аперацый Аляксандр Касаткін адказаў:
— Яму неабходна было спытаць у супрацоўніка.
Таксама Касаткін распавёў, што інфармацыя пра чырвоны і зялёны каналы на ўваходзе ў іх маецца толькі на рускай мове.
Па ініцыятыве суду былі дасланыя запыты на атрыманне інфармацыі з відэарэгістратараў супрацоўнікаў мытнай і памежнай службы, якія працавалі падчас затрымання Жалана. У мытнікаў гэтыя запісы не захаваліся, бо іх тэрмін вартасці складае 30 дзён, а вось запіс з відэарэгістратара памежніка Крыцкага захаваўся. На ім выразна бачна, што Жалан Віё паводзіць сябе прыстойна і спакойна. Да яго падыходзіць памежнік, задае некалькі пытанняў, пасля якіх пытае ці маюцца ў грамадзяніна Францыі забароненыя прадметы. Жалан адказвае пытаннем: ці забароненая куля (bullet)? Памежнік не разумее, што такое bullet, блытаючы з рускім словам "арбалет" і жэстамі просіць француза паказаць.
Далей Жалан дастае з заплечніка нейкія дробныя сувеніры, сярод якіх ляжыць патрон, які яму ў якасці сувеніра падарыў сябар у Варшаве. На запісе бачна, што далей памежнік бярэ кулю і ідзець да начальства высвятляць што рабіць далей. Напрыканцы відэазапіса разгублены Віё запытвае памежніка ці ё нейкія праблемы з гэтым сувенірам, на што супрацоўнік адказвае "ай донт ноў".
Суддзя зачытала заключэнне балістычнай экспертызы, паводле якой апынулася, што патрон для зброі 9 калібра быў дзейсны. Таксама быў ускрыты пакунак з гільзай ад патрона, які падэманстравалі Жалану і ён сказаў, што гільза падобная да яго патрона.
Пасля перапынка суд перайшоў да спрэчак. Дзяржабвінаваўца запатрабавала для Жалана больш мяккага пакарання, чым прад'яўлена яму паводле прадстаўленых артыкулаў. Так, яна папрасіла пакараць француза 200 базавымі велічынямі штрафа паводле ч.2 арт. 295 (незаконная перавозка агнястрэльнай зброі) і 200 паводле ч.1 арт. 333-1 (незаконны абарот моцнадзейных або атрутных рэчываў), прымаючы да ўвагі той факт, што абвінавачаны раскайваецца ў сваім учынку і праявіў сябе станоўча падчас перабывання ў гомельскім СІЗА.
Адвакат жа запатрабаваў вызваліць Жалана без пакарання, бо ў яго дзеяннях няма складу злачынства: яго намер правезці патрон быў ненаўмысным, пра асаблівасці правозу такога кшталту рэчаў ён не ведаў і ў рэшце рэшт не ажыццявіў тое, што выстаўляюць яму ў віну — правоз зброі праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь.
Суддзя абвесціла перапынак да 21 лістапада. Мяркуецца, што суд пачнецца з заключнага слова абвінавачанага і ў той жа дзень ужо будзе вядома, ці адправіцца вандроўнік дамоў у Францыю, альбо вымушаны будзе адбываць пакаранне ў Беларусі.