«Хачу падтрымаць смелых беларусаў, якія трапілі пад рэпрэсіі». Супрацоўнік Генпракуратуры пакідае службу

Як стала вядома TUT.BY, за апошні час з Генпракуратуры звольніліся адразу некалькі высакакласных спецыялістаў. Прычына — нязгода з тым, якую пазіцыю заняло ведамства ў адносінах да грамадзян, якіх пераследуюць за выказванне меркавання, у тым ліку да пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў.

Фота Вадзіма Заміроўскага

Фота Вадзіма Заміроўскага

Нагадаем, у следчыя органы паступіла больш за 1800 заяваў, аднак невядома ні аб адным крымінальнай справе.
Алег Талерчык 19 гадоў прапрацаваў у пракуратуры, апошнія дзевяць гадоў — у Генпракуратуры, быў старшым пракурорам упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам. Да 20-гадовага стажу дзяржслужачага, які дае права на павышаную пенсію, яму заставалася крыху больш за год. Алег пагадзіўся каротка пракаментаваць сваё рашэнне:
— Гэта быў унутраны экзамен для самога сябе, — растлумачыў суразмоўца. — Я вырашыў распавесці аб сваім рашэнні, каб сімвалічна падтрымаць смелых беларусаў, якія трапілі пад рэпрэсіі. Як прафесіянал у сітуацыі, якая склалася, я ім дапамагчы, на жаль, не змог.
Па словах Алега, кіраўніцтва не перашкаджала яго рашэнню, служба спыненая па пагадненні бакоў. Як складзецца далейшая кар'ера, былы пракурор пакуль не ведае.
Паводле інфармацыі TUT.BY, якую пацвердзілі некалькі крыніц, гэта не адзінкавы выпадак звальнення ў Генеральнай пракуратуры. За апошні месяц службу пакінулі адразу некалькі высакакласных спецыялістаў, у тым ліку начальнікі аддзелаў і намеснікі начальнікаў упраўленняў. Кім іх заменяць, пакуль адкрытае пытанне, знайсці юрыстаў такой жа кваліфікацыі няпроста.
Нагадаем, 9 верасня быў прызначаны новы генеральны пракурор, ім стаў Андрэй Швед. З 2006 па 2010 год Швед працаваў начальнікам юрыдычнага ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, затым год займаў пасаду намесніка генеральнага пракурора. У 2012 годзе заняў пасаду першага намесніка старшыні Следчага камітэта, а праз год стаў старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі. Андрэй Швед вядомы тым, што ўзначальваў камісію, якая расследавала акалічнасці выбуху ў метро ў красавіку 2011 года — тады ён займаў пасаду намесніка генеральнага пракурора.
Андрэй Швед на новай пасадзе актыўна выступае ў дзяржаўных СМІ. Так, ён паведаміў, што з 9 жніўня ў Беларусі распачата больш за 400 крымінальных спраў за парушэнне грамадскага парадку. Што ж тычыцца заяваў грамадзян, якія пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў, то, як адзначыў Швед, «у нас прававая дзяржава»:
— Няма ні аднаго факту, каб заява-паведамленне грамадзяніна аб здзяйсненні ў дачыненні да яго супрацьпраўных дзеянняў не была зарэгістравана і не разглядалася ва ўстаноўленым парадку. Усяму свой час, ёсць працэсуальныя тэрміны, будуць прынятыя законныя рашэнні па кожным з паведамленняў, — запэўніў ён.
Згодна з арт. 173 КПК, рашэнне па заяве павінна быць прынята ў тэрмін не пазней трох сутак, а пры неабходнасці праверкі дастатковасці наяўнасці ці адсутнасці падставаў да ўзбуджэння крымінальнай справы — не пазней дзесяці сутак. У выпадку немагчымасці прыняцця рашэння ў тэрміны, названыя вышэй, гэты тэрмін можа быць прадоўжаны да аднаго месяца, а ў некаторых выпадках — да трох месяцаў.
Начальнік Ленінскага РУУС Мінска на сустрэчы з жыхарамі раёна паведаміў, што ў следчыя органы паступіла 1800 заяў ад пацярпелых грамадзян. Пакуль невядома ні аб адной крымінальнай справе, якая была заведзеная па дадзеных фактах.
Акрамя таго, па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры 26 жніўня была створана Міжведамасная камісія для вывучэння зваротаў грамадзян, якія заявілі аб тым, што іх збівалі і прыніжалі супрацоўнікі міліцыі. Акрамя прадстаўнікоў Генпракуратуры ў яе склад увайшлі супрацоўнікі Следчага камітэта, МУС і Дзяржкамітэта судовых экспертыз, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Дубаў (да абрання ў парламент быў намеснікам генпракурора). Узначальвае камісію намеснік генеральнага пракурора Дзмітрый Гара (да прызначэння ў Генеральнай пракуратуры служыў у КДБ). Прайшло амаль два месяцы з моманту стварэння камісіі, аднак публічных паведамленняў аб яе працы няма, Генеральная пракуратура адмаўляецца нават паведаміць, хто з праваахоўнікаў ўваходзіць у склад камісіі.
tut.by