Ганна Севярынец: Расчалавечыцца можа кожны

Пра беларускіх кухара і агародніка, што застаюцца дома насуперак абставінам, — Сяргей Шапран пагаварыў з Ганнай Севярынец на старонках выдання «Беларусы і рынок».

sevyarynets.jpg

Нядаўна настаўніца і пісьменніца Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак напісала тэкст, у якім закранула вельмі значную для нашай краіны праблему.

Тэкст прысвечаны тым, хто, нягледзячы ні на якія абставіны, не з’язджае з Беларусі, застаецца на радзіме.

Ганна Севярынец, прынамсі, піша пра ордэн капуцынаў, які у 30-х гадах мінулага стагоддзя працаваў у Заходняй Беларусі. Аднойчы, у верасні 1939-га, манахам было сказана: альбо вы ў два дні з’язджаеце адсюль, альбо турма і лагер. І манахі з’ехалі, ведаючы, што ніколі не вернуцца, бо па правілах ордэн мае права працаваць у краіне толькі тады, калі ні на адзін дзень не будзе перарывацца малітва і служба менавіта тут, у гэтай краіне. З’ехалі ўсе, але засталіся кухар і агароднік, якія маліліся пасярод лесу штодзень…

І калі разваліўся Савецкі Саюз, аказалася, што ордэн можа вярнуцца ў Беларусь, бо ні на адзін дзень тут не перарывалася служэнне капуцынаў.

«У мяне сёння вельмі цяжкі настрой, але я памятаю: кухар і агароднік».

На гэтую тэму — пра беларускіх кухара і агародніка, што застаюцца дома насуперак абставінам, — мы і пагаварылі з Ганнай Севярынец.

— Адна з кніг пра Васіля Быкава называецца «Аповесць пра чалавека, які выстаяў». Гэтае пытанне біблейнага ўзроўню Быкаў пастаянна ставіў у сваіх творах: як выстаяць і застацца чалавекам у бесчалавечных умовах? Ці ведаеце вы, спадарыня Ганна, адказ на гэтае пытанне?

— Мне здаецца, што ведаю. Застацца чалавекам у бесчалавечных умовах можна, калі ўнутры маеш моцны маральны стрыжань і бязмежны запас безумоўнай любові, якую табе далі ў дзяцінстве. Першае здабываецца няспыннай маральнай рэфлексіяй над сваімі ўчынкамі, другое даецца ў спадчыну. Адно без другога, здаецца, не дзейнічае, а вось разам гэта непераможная моц.

Але мы мусім памятаць і Варлама Шаламава, які сцвярджаў, што расчалавечыцца можа любы, проста ў кожнага свая мяжа. У некаторых яна блізка, у іншых — далёка. Таму, магчыма, тыя з нас, хто застаецца чалавекам заўсёды, проста не дасягае сваёй мяжы.

Мы жывём у эпоху пастмадэрна, а гэта значыць, у нас з маральным стрыжнем, з ягонымі фармулёўкамі, вялікія праблемы. «Усё не так проста», «дабро і зло — адносныя катэгорыі», «што для цябе зло — для іншага дабро», «аб’ектыўнага дабра не існуе», «усё залежыць ад пункту гледжання» — аб гэтыя пастулаты (справядлівыя насамрэч) увесь час спатыкаешся, калі пачынаеш разбірацца ў сабе, у сваіх учынках, калі пачынаеш вымяраць сябе па нейкіх маральных катэгорыях.

У мяне выпрацавалася свая такая сістэма. У ёй безумоўнымі каштоўнасцямі з’яўляецца чалавечае жыццё, свабода думкі і выказвання, узаемадапамога, недавер да любой формы ўлады чалавека над чалавекам, непарушнасць асабістых межаў і непрыманне даносаў.

— У вашым асабістым лёсе ёсць драматычныя эпізоды. Ці знаёма вам пачуццё страху за сябе і за родных? І калі так, чаму застаяцеся тут? Вы не з’язджаеце толькі з-за таго, што хтосьці павінен быць, умоўна кажучы, тымі кухарам і агароднікам, пра якіх вы нядаўна напісалі?

— Пачуццё страху мне, канешне, вядомае. За сябе — слабейшае, бо я ўсё ж і пажыла троху, і зрабіла тое-сёе, з набыткам за плячыма і жыць, і трываць, і паміраць прасцей. За дзяцей — жудасны страх, канешне. Але я не хачу кіравацца страхам, я хачу кіравацца любоўю, пачуццём адказнасці, жаданнем нешта карыснае рабіць на тым месцы, на якім дакладна патрэбная.

Я зараз вельмі шмат думаю пра настаўніцкую ролю, пра тое, што адзінае ўратаванне пасярод нашага драматычнага часу — выхоўваць дзяцей так, каб яны не паўтаралі трагічную гісторыю, не рабілі зла. Калі зусім перабольшыць, то мне іншы раз здаецца, што я пільную ў дзецях умоўнага Сталіна і спрабую яго своечасова спыніць. Гэта можна зрабіць, калі не спазніцца. Якраз гэта — настаўніцкае, гэта можам менавіта мы і ніхто іншы. Мне яшчэ здаецца, я ведаю, як выглядае гэты ўмоўны Сталін у дзяцінстве. Куды я паеду з такім веданнем і з такім адчуваннем? Паеду на чужыну, дзе такіх праблем даўно няма, і не ўпільную сярод сваіх, хаця магла б.

Гэта адна прычына для мяне быць дома. А другая — так, кухар і агароднік. Наша ўнутраная Беларусь пакуль трымаецца толькі людзьмі.

— Цікава, як можа выглядаць маленькі Сталін?

— Думаю, найперш ён будзе нялюблены. Такіх дзяцей адразу бачна, асабліва ў параўнанні з тымі, каму хапае любові дарослых: з любленых дзетак увесь час б’е святло, у іх усё свеціцца і зіхаціць, і валасы, і вочы, і ручкі, яны напоўненыя знутры. Унутры нялюбленых дзяцей пакутная чорная дзірка, куды ўцягваецца ўсё звонку, і добрае, і благое, і благое найперш. Колькі б ты, чужы дарослы, не абдымаў іх, колькі б не аддаваў, ім будзе мала, бо прагу любові мамінай, татавай, бабулінай нічым не заменіш. Ад гэтага нараджаецца страшная крыўда на ўсіх: чаму іншых любяць, а мяне не? Самае страшнае ў гэтай крыўдзе тое, што яна непрыдуманая. Яна цалкам справядлівая, вось у чым бяда. Чалавек невінаваты, што яго нарадзілі не для любові. Ну, і пайшло-паехала: зайздрасць да чужой прыгажосці, таленту, доб¬рых адзнак, харошых рэчаў. Нянавісць. І прага круціць імі ўсімі як захачу, такім чынам як бы выпраўляючы тую першую несправядлівасць. «Я вам усім пакажу, я вас прымушу сябе любіць».

— А памятаеце, у фінале фільма Элема Клімава па сцэнарыі, напісаным сумесна з Алесем Адамовічам, перад галоўным героем Флёрам паўстае пытанне: каб ведаць, што з гэтага дзіцёнка ў белай кашульцы і ў белых шкарпэтачках вырасце Гітлер, забіў бы ці не? Першапачаткова фільм так і называўся — «Забіць Гітлера»…

— Я б таксама не забіла. Я б хацела пагутарыць з ягонай маці. Вось гэтага моцна хацела б.

— Звычайна мы забываемся, што ёсць не толькі наш сённяшні час і наша цяперашняе жыццё — ёсць яшчэ і тое, пра што за два гады да смерці напісаў Уладзімір Караткевіч:

Бог пайшоў. Жыццё ідзе пад кручу.

Але йдзі і не губляй спакой.

Ёсць замест прыватнай неўміручасці —

Бессмяротнасць нацыі тваёй.

Паспрачаецеся, спадарыня Ганна, або пагодзіцеся з гэтым?

— Не, спрачацца не буду, бо менавіта так я і гляджу на чалавечае жыццё. Прынамсі, на сваё.

Насамрэч вялікія і пафасныя ідэі — гэта сур’ёзная небяспека. Падпарадкоўваць сваё жыццё любой, нават самай прывабнай ідэі нельга, бо ў пэўны момант ідэя становіцца для цябе важнейшай за прыватнасць і свабоду таго, хто гэтай ідэі не падзяляе. Але ідэя твайго асабістага служэння роднай зямлі, яе мінуўшчыне, паўсядзённасці і будучыні падаецца мне і гуманнай, і годнай. Жыць без працяглага сэнсу, толькі дзеля сваіх асабістых выгод і камфорту з улікам хуткаплыннасці і канчатковасці жыцця мне падаецца нецікавым заняткам. Цікавая задача — быць часткай руху да шчасця тваёй зямлі. Дзеля гэтага варта не апускаць рук.

— То-бок быць усё тымі ж, умоўна кажучы, кухарам і агароднікам?

— Так, кухарам і агароднікам.