Гарадзенскія актывісты аштрафаваны на шалёныя грошы за Свіслацкі фэст

Грамадскія актывісты Сяргей Верамеенка, Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч атрымалі вялікія штрафы за ўдзел у традыцыйным Свіслацкім фэсце 30 кастрычніка.

Фота з фэйсбука 

Фота з фэйсбука 

Суддзя Дзмітры Бубенчык Ленінскага раёна г. Гродна прысудзіў штрафы ў 40, 35 і 15 базавых велічынь штрафу адпаведна Сяргею Верамеенку, Віктару Сазонаву і Уладзіміру Хільмановічу за удзел ва ўшанаванні памяці Паўстанцаў 1863 года.
Перад пачаткам суда Уладзімір Хільмановічпракаментаваў гэтую сітуацыю наступным чынам: «Гэта пазнавальная акцыя, пасля якой на Гарадзеншчыне пачынаюцца Дзяды, людзі прыязджаюць на могілкі, запальваюць знічы, прамаўляюць нейкія словы памяці нашых славутых продкаў. Там пахаваны Віктар Каліноўскі. Апошнія два гады мы таксама прыходзім на магілу Віктара Дзесяціка, мясцовага актывіста, які быў апошнія дзесяцігоддзі актыўным арганізатарам гэтага фэсту, і які заўчасна адышоў. Па сутнасці, фармальна — гэта экскурсійна-ушанавальная акцыя».
Але суд палічыў інакш. Сяргей Верамеенка распавёў НЧ, што падчас суду было шмат недарэчнасцяў.
«Галоўнае пытаньне і да «суду», і да «сведкаў міліцыянтаў»: «Ці трэба браць грамадзяніну Беларусі дазвол для наведвання могілак, помнікаў, гістарычных мясцін?»Яны кажуць, што так. «Чаму міліцыянты апрануліся ў форму толькі на «суд»? Чаму ў Свіслачы да нас ніхто не падыходзіў і не аб чым не папярэджваў? Побач стаяў статак гопнікаў, каторыя снімалі нас на камеру». Яны кажуць: «Такая ім была пастаўлена задача».
Хадайніцтва аб выкліканні начальніка Свіслацкага РАУС (таго, хто «ставіў задачу») суддзя Бубенчык адхіліў. Па якіх прычынах міліцыянты-сведкі вырашылі, што гэта ўдзел у мітынгу? Яны кажуць: «Вы знаходзіліся ў групе людзей». Але ж у групе людзей я знаходжусь штодня — у краме, на прыпынку аўтобуся, у хаце і нават зараз, калі пішу гэтыя словы. Маё пытанне: «Ці лічаць сведкі-міліцыянты Кастуся Каліноўскага, Імем каторага названы вуліцы ў Беларусі, стаяць помнікі ў яго гонар, памяць каторага мы й ушаноўваем, Героем нашага народа?», суддзя Бубенчык адхіліў, як не датычнае да справы.
 За што нас тады судзяць? Пратаколы складзены малачытэльнымі, непісьменнымі людзьмі: «Трымаў недазволены сцяг бела-чырвона-белага колеру» (не колераў), Віктар Сазонаў сказаў, што яго швэдар таксама расфарбаваны ў розныя колеры без усялякіх дазволаў. Аніякіх довадаў «суд» не прымаў. У тым ліку і тое, што калі неапранутыя ў форму і нічым не пазначаныя міліцыянты, што знаходзіліся побач, карыстаючыся іх логікай, таксама былі ўдзельнікамі мітынгу, і іх таксама прыцягваць да адказнасці
Карацей НЕ СУД, А СУЦЭЛЬНЫ АБСУРД — юрыдычны і прававы. У Свіслацкім парку побач з помнікам Рамуальду Траўгуту стаяць помнікі Леніну і Сталіну. Каля Сталіна ляжаць застарэлыя, замшэлыя кветкі і міні-вянок. Але штосьці я не чуў, каб за ўшанаванне забойцы дзясяткаў мільёнаў людзей, у тым ліку і беларусаў кагосьці прыцягнулі да адказнасці. Гэта вельмі паказальна. Улада, каторая знішчае нацыянальнае і шануе катаў-чужынцаў defacto з'яўляецца акупацыйнай».