Генпракуратура хоча рэгламентаваць дзейнасць калектараў

Генеральная пракуратура праверыла скаргу на дзейнасць калектараў.

daugi.jpg

Усё пачалося з гісторыі студэнта з Менску, які чатыры гады таму заключыў дамову на паслугі мабільнай сувязі, а таксама ў растэрміноўку набыў планшэт і сотавы тэлефон, піша выданне адміністрацыі кіраўніка краіны.
Некалькі год хлопец спраўна разлічваўся, і ў пэўны момант палічыў, што нават пераплаціў патрэбную суму. Аператар сотавай сувязі, які яшчэ чакаў на дзве выплаты, звярнуўся да фірмы, якая займаецца вяртаннем запазычанасцяў.
Гэтая фірма рассылае даўжнікам лісты, якія ў Генпракуратуры каментуюць наступным чынам:
«У лістах утрымліваюцца сапраўдныя пагрозы. Фармулёўкі фраз некарэктныя: у апошні раз папярэджваем, вы абавязаныя пагасіць запазычанасць, інакш будзеце прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за махлярства. Прыкладаюць не толькі праект заявы ў міліцыю, але ўжо і нібыта гатовы прысуд суда. У якім, маўляў, засталося паставіць толькі прозвішча даўжніка і дату. Пры гэтым самі не паведамляюць, хто яны і якое дачыненне маюць да праблемы».
Пракуроры размаўлялі з кіраўніком фірмы. Ён не зразумеў прэтэнзіяў да сабе, казаў, што да людзей трэба дагрукацца і што пісаў сотні заяваў у міліцыю. Аднак аказалася, што заяваў ад яго не паступала, затое былі скаргі ад людзей за пагрозы з боку гэтай арганізацыі.
У Генпракуратуры не заклікаюць ліквідаваць калектарскія фірмы, мяркуюць, што яны мусяць працаваць у дасудовым парадку, абіраючы карэктныя метады.
«Мы накіравалі ў Мінюст ліст аб неабходнасці рэгламентавання працы калектарскіх кампаніяў. Падобная праца патрабуе больш пільнага кантролю з боку дзяржавы. Таксама мы прапануем стварыць дзяржаўны рэестр такіх юрыдычных асоб і ажыццяўляць за імі кантроль, прадугледзець адказнасць за неправамерныя дзеянні. У той жа час мы ні ў якім разе не апраўдваем даўжнікоў. І нават заяўніку патлумачылі, што ў яго грамадзянска-прававая спрэчка, якую ўсё ж варта вырашыць», – адзначылі ў Генеральнай пракуратуры.
Паводле belsat.eu