Чатыры гісторыі пра беларускую мову

Сустрэць беларускамоўнага філолага альбо актора — цяпер не дзіва. А ці даводзілася вам калі-небудзь размаўляць з беларускамоўным будаўніком, лекарам альбо, да прыкладу, бразільцам?



mova_3.jpg

Перапіс беларускамоўных людзей, арганізаваны папулярнымі курсамі беларускай мовы «Мова нанова», у якім ужо прынялі ўдзел больш за дзве тысячы чалавек, засведчыў, што сярод аматараў беларушчыны багата людзей самых розных прафесій і нацыянальнасцяў. Мы вырашылі час ад часу знаёміць з імі нашых чытачоў.

Максім Умецкі, будаўнік, Барысаў

umecki.jpg

— Цікавіцца нашай культурай, гісторыяй і музыкай я пачаў даўно, але на роднай мове не размаўляў. Аднойчы мы гутарылі з бацькам на тэму знішчэння нашай культуры і мовы, была доўгая складаная размова, мы спрачаліся, але ўрэшце паразумеліся. І вось пасля нашай гутаркі я падумаў: «Я сам кажу пра мову, пра тое, што людзі не размаўляюць на ёй, не паважаюць яе, а чым я лепшы?» Гэтае пытанне турбавала мяне, пакуль не прыехаў у Мінск (тут я цяпер працую і жыву). Я аблазіў увесь інтэрнэт і знайшоў курсы беларускай мовы (тады гэта былі курсы «Мова ці кава», пасля — «Мова нанова») — цяпер я ведаю шмат чаго цікавага і завёў новых сяброў.

У штодзённым жыцці я карыстаюся беларускай мовай недзе на 60 працэнтаў. На жаль, на працы пакуль не перайшоў — гэта цяжка для мяне, але я імкнуся. Люблю размаўляць па-беларуску з тымі, хто не паважае мову (я маю на ўвазе нашых, беларусаў, добра, што з такімі сутыкаюся няшмат), ад гэтага яны злуюцца яшчэ больш, а мне становіцца спакайней. У маім асяроддзі да беларускай мовы ўсе ставяцца добра, калі спрабуеш размаўляць у крамах ці цырульнях, проста на вуліцы, людзі не пужаюцца, а часта спрабуюць гутарыць з табою. Ім кажаш: «Дайце, калі ласачка, вось гэта…», а яны адказваюць з усмешкай і па-беларуску, ад гэтага становіцца цяплей.

Уладзімір Пруднікаў, лекар, Гродна

prudnikau.jpg

— Я нарадзіўся ў Гродна, роднай моваю карыстаюся яшчэ з маленства — усё гэта дзякуючы дзеду і бабулі. Беларуская мова, хоць і з паланізмамі, была для іх асноўнай паўсядзённай, рускай амаль не карысталіся. Школьныя гады, асабліва на пачатку 90-х, сталі добрай падтрымкаю, з’явіліся падручнікі і шмат беларускамоўных выданняў. Як пасталеў, мову не кінуў, чытаю літаратурныя творы і пераважна беларускамоўную перыёдыку. Сябры таксама дапамагаюць стварыць моўнае асяроддзе. Раней, калі працаваў у Бераставіцкім шпіталі, з задавальненнем размаўляў з пацыентамі — вясковымі старымі. Ім было прыемна, з іх боку адчуваўся большы давер да мяне як да хірурга...

Кур’ёзнымі былі затрыманні міліцыянтамі ў 2006 годзе на Лідскім вакзале за тое, што размаўляў па-беларуску па мабільным тэлефоне — затрымлівалі ажно 7 разоў! Дзяжурны афіцэр мяне адпускаў з прабачэннямі, таксама па-беларуску. Нядаўна мяне спыніў ДАІшнік, праглядзеў дакументы — усё добра. Пасля пытае: «А по-русски говорить можете?» Я кажу, маўляў, а што, беларуская ўжо пад забаронай? Ён сумеўся: «Не-не, что вы» і, напружыўшы памяць, пазычыў: «Шчаслівай дарогі, спадар!»

Алена і Павал Спірыдоны (кіраўніца і спецыяліст аддзелу продажаў), Мінск

spirydon.jpg

— Я па адукацыі — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Вучыла мову ва ўніверсітэце, але ў жыцці размаўляла па-руску. З роднай мовай эксперыментавала перыядычна, больш для цікавасці, каб паглядзець на рэакцыю наваколля, або каб паставіць людзей у няёмкае становішча, напрыклад, прадавачак у кіёсках. У студэнцтве для нас гэта было прышпільна. Потым выкладала мову і літаратуру ў школе. Тады пазнаёмілася з будучым мужам Пашам, маладым аграномам — абсалютна рускамоўным чалавекам.

Паша нарадзіўся ў Літве. Да шасці гадоў рос там, прыязджаючы на лета ў Беларусь. Бацькі размаўлялі з ім па-руску, а ў садку — па-літоўску. Пасля пераезду ў Беларусь ужо другакласнік Паша беларускую мову так і не адолеў. Калі мы знаёміліся з бацькамі майго будучага мужа, я вырашыла для прыгажосці размаўляць на мове. Памятаю, як яны былі ўражаныя. Але ў жыцці я тады гаварыла на трасянцы (мы жылі ў вёсцы), або па-руску з Пашам.

Прыблізна праз два гады сумеснага жыцця мы пераехалі жыць у Мінск і аднойчы па маёй прапанове наведалі курсы «Мова нанова». Як цяпер памятаю — выступаў прадстаўнік Velcom. Статны такі мужчына ў прыгожым гарнітуры расказваў, якімі этапамі ён ішоў да мовы ў сваім жыцці. З гэтага моманту Паша дома і ў гасцях размаўляе па-беларуску. Я ганаруся яго сілай духа. Цікава было назіраць за першай рэакцыяй сяброў і родных. Паша проста перайшоў з імі на мову, не важна, па тэлефоне або пры сустрэчы. Людзі ніякавелі, а потым ціха звярталіся да мяне: «Чаму Паша размаўляе так? Што здарылася?» Мы смела адказвалі, што гэта наша мова і нічога тут дзіўнага ўвогуле не бачым. Пашу было складана, але ён пачаў чытаць Караткевіча, Быкава, Мележа. Мы пачалі наведваць беларускамоўныя мерапрыемствы.

Прызнаюся, па-беларуску я размаўляю толькі дома з Пашам, а таксама ў кампаніях, дзе мы разам з мужам знаходзімся. Пакуль што мой мозг аўтаматычна пераключаецца на мову таго чалавека, з якім я размаўляю: руская або трасянка. Паша па-беларуску размаўляе паўсюль, акрамя працы — там ёсць свае нюансы.

Нядаўна з намі здарыўся цікавы выпадак: мы заехалі на запраўку «Беларусьнафта» набыць хот-дог. Сярод іншых там быў звычайны (на цэтліку пазначана — «обычный») хот-дог. Я так і папрасіла прадавачку: «Дайце звычайны хот-дог». Спачатку цішыня ў адказ, потым яна пайшла да вітрыны шукаць названую страву. Шаптала нешта пад нос, вадзіла пальцам па шкле. Потым вярнулася і паглядзела на мяне запытальна: паўтарыце замову, калі ласка. Я зноўку папрасіла звычайны хот-дог. Прадавачка ўжо пачала гаварыць, што такога няма, калі нехта ў чарзе ёй патлумачыў, што звычайны — гэта «обычный». Пакуль мне яго гатавалі, хлопец, што стаяў за мной, выпусціў ключы. Я падняла, а ў адказ пачула сарамлівае «дзякуй». Вось гэта было здорава!

Патэрсан Франка, Бразілія, штат Баія

patersan.jpg

— Узімку 2010 года мы з Волей (тады была маёй дзяўчынай, а цяпер — жонка) шпацыравалі па Нясвіжы... Мы ўжо больш за паўгода жылі разам, але я не хацеў вучыць беларускую, бо стаміўся вучыць мовы (я ўжо валодаў шасцю), да таго ж у нас ужо былі тры агульныя мовы — партугальская, руская ды англійская. Дык вось, гулялі мы з ёй, я быў п’яны, калі шчыра, і тут да мяне дайшло: чаму ж я не вучу беларускую? Я ў Беларусі, мая дзяўчына — беларуска... Цяпер нават смешна думаць, што калісьці мы з ёй размаўлялі па-руску.

Штодня мы з жонкаю размаўляем па-беларуску, асабліва калі мы не дома, каб ніхто нас не разумеў. Такім чынам, беларуская мова з’яўляецца тут нашай сакрэтнай мовай. Таксама штодня чытаю па-беларуску інтэрнэт ды кнігі, бо я пішу дысертацыю пра фільм «Жыве Беларусь». Ва ўсіх краінах, дзе бываю, я дзякую на мясцовай мове, і гэтаму заўжды радыя, але ў Беларусі ў адказ на мяне крыва глядзелі прадавачкі. Спачатку я думаў, што гэта яны проста нядобра ставяцца да беларускай мовы, але цяпер мне здаецца, што гэта ў іх звычайныя твары такія (у параўнанні з бразільцамі беларускія людзі ў большасці неверагодна халодныя).

Бабуля Вольгі размаўляе на трасянцы. Мы думалі, што для яе не вельмі зразумела, што руская, што беларуская. Але як пачаў я на беларускай з ёй размаўляць — тут яна адразу кажа: «Ой! Ён па-нашаму гаворыць!»

Спачатку я не цяміў розніцы паміж гукамі «г» ці «х», таму бывала, напрыклад, што я казаў «я галодны», але Воля разумела, як «я халодны», але праз знаёмага японца я вызначыў розніцу, хоць ён увогуле не размаўляе па-беларуску. Ён аднойчы мне сказаў (на партугальскай): «Я паеду ў Хыё!» Я: «Што?» Ён: «У Хыё-дэ-Жанэйра!». Толькі тады я зразумеў, што беларускае «г» гучыць так сама, як нашая «R» (у пачатку ці ў канцы слова), а «Х» — гэта «х», як у рускай. Вось так японец навучыў бразільца беларускаму гуку!

Спадзяюся, што гэта калі-небудзь таксама дойдзе да ўсіх беларусаў (пажадана без алкаголю), якія звычайна не карыстаюцца беларускай мовай. Я не беларус, я не жыву ў Беларусі, але размаўляю па-беларуску. Што ж вы, беларусы, жывяце ў Беларусі ды не размаўляеце на беларускай мове?