Гісторыя Ашмян паўтарылася наноў

25 верасня жыхары Ашмян літаральна за адну гадзіну перажылі ўсю 700-гадовую гісторыю горада.

img_8454_1_logo.jpg


На адкрытай сцэне ў цэнтры ашмянцы зладзілі тэатральную дзею, дзе галоўнымі персанажамі сталі самі гараджане.

Спектакль паставілі па незвычайным сцэнары. Перад гледачамі паўстала гісторыя Ашмян ад моманту заснавання, акторы-аматары распавялі яе паслядоўна — стагоддзе за стагоддзем.


img_8477_logo.jpg


Ашмянцы прысвяцілі рэпетыцыям некалькі месяцаў, каб на гадзіну пераўтварыцца ў гістарычных актораў і ярка ўзнавіць-пражыць на сцэне кожны этап гісторыі горада: шведскі, польскі, рускі, савецкі. Такім чынам і самадзейныя акторы, і гледачы не толькі прайшлі шлях Ашмян яшчэ раз, але і самі сталі захавальнікамі спадчыны.

Пастаноўка сабрала паўтары сотні чалавек. Частка гледачоў — карэнныя ашмянцы — спецыяльна ў гэты дзень наведала малую радзіму.

Сярод іх спявачка Таццяна Грыневіч, якая адмыслова прыехала з Мінска. Яна вельмі ўражана спектаклем.

— Я натуральна пагрузілася ў сваё дзяцінства, у пахі, колеры маленства, — кажа Таццяна Грыневіч. — Адзінае, я б зрабіла спектакль цалкам па-беларуску.


img_8479_logo.jpg


Таццяна Грыневіч адзначыла, што разумее: выкарыстанне на сцэне розных моваў падкрэслівае сапраўдную культурную разнастайнасць горада. Аднак ёй хацелася б у гэтай разнастайнасці адчуваць стрыжань, які парадкуе розныя ідэнтычнасці месца.


img_8455_logo.jpg


У Ашмяны прыехаў і старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. Ён мяркуе, што спектакль не варта называць рэстаўрацыяй, нават у такой нестандартнай манеры. Але творчая праца ашмянцаў добра перадае дух месца. Такія творчыя эксперыменты спрыяюць развіццю рэгіянальнай разнастайнасці, лічыць ён.

Варта пагадзіцца, што гэта не навуковая рэстаўрацыя спадчыны, але, адназначна, рэстаўрацыя памяці пра гісторыю горада ў сэрцы кожнага з жыхароў.