Хлусня і рэпрэсіі — больш нічога

Ёсць у Беларусі інстытуты і міністэрствы, якія нам увогуле не патрэбныя. І кожны адмысловец у сваёй справе падкажа, якія. Журналісты лічаць такім Мінінфарм, бізнесоўцы — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. А цяпер, як выявілася, нам не патрэбнае і Міністэрства культуры.

img_3146_logo_1.jpg


Больш за 100 тысяч чалавек падпісаліся пад петыцыяй супраць прызнання нацыянальнай сімволікі — бел-чырвона-белага сцяга — экстрэмісцкай. На тыдні яшчэ 100 студэнтаў і выкладчыкаў гістарычнага факультэта БДУ напісалі ліст у абарону БЧБ-сцяга. Што на гэта адказаў Мінкульт?
Мінкульт кажа, што «пытанні абмежавання бел-чырвона-белай сімволікі заканадаўствам аб культуры не рэгулююцца і да сферы дзейнасці Міністэрства культуры не адносяцца». Так напісаў Валерый Грамада, намеснік міністра культуры.
Больш за тое, Мінкульт не можа надаць БЧБ-сцягу і статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Нібыта для гэтага «патрабуюцца матэрыялы фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі культурнай каштоўнасці. Без гэтага прапановы аб наданні такога статусу не разглядаюцца».
Ай-яй-яй! Бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным сцягам з 1991 па 1995 гады. Якія яшчэ «матэрыялы фіксацыі» і «мастацкай ацэнкі» патрэбныя Мінкульту? Будзем шчырымі: Мінкульт проста самаўхіліўся ад сваіх абавязкаў.
Цікавая навіна прыйшла з «кавіднага» фронту. Беларусь заняла другое месца ў свеце ў «рэйтынгу хлусні» адносна статыстыкі COVID-19.
Гэты рэйтынг вылічваецца наступным чынам. З аднаго боку бярэцца паказчык залішняй смяротнасці — то-бок розніца паміж колькасцю памерлых у 2019 годзе і 2020-м. Мяркуецца, што гэтая розніца фарміруецца менавіта пандэміяй, бо ніякіх іншых смяротна небяспечных катаклізмаў у мінулым годзе не было. З другога боку аналізуюцца афіцыйныя лічбы смяротнасці, якія штодзённа агучвае Міністэрства здароўя.
Вынік суадносін дзвюх статыстычных велічынь і дае «рэйтынг хлусні». І тут Беларусь заняла другое месца ў свеце: «нахлусілі ў 14,3 раза».
На 1-м месцы ў «рэйтынгу хлусні» знаходзіцца Узбекістан, ён нахлусіў у 28,7 раза — гэта розніца паміж тым, што Узбекістан афіцыйна паведамляў аб смяротнасці ад каранавіруса, і залішняй смяротнасцю. На 2-м месцы — Беларусь, што цалкам чакана, бо Лукашэнка доўгі час увогуле не прызнаваў існаванне COVID-19. На 3-м месцы Егіпет, на 4-м — Казахстан, а на 5-м — Расія.
Вельмі цікава, што наконт COVID-19 у лідарах хлусні ўсе краіны Мытнага саюза і нашых інтэграцыйных аб’яднанняў. У той час, як эканамічныя паказчыкі ўсіх краін гэтага саюза падаюць (а менавіта для развіцця эканомікі гэты саюз і ствараўся), то «салідарныя паказчыкі дыктатуры» толькі растуць. Хлусня свайму народу — гэта паказчык дыктатуры, ці не так?
А карныя органы, падаецца, ужо і не ведаюць, што рабіць. З пункту гледжання права, справы аб «масавых беспарадках» у судах проста развальваюцца. Напрыклад, у Гродне «ананімныя сведкі ў балаклавах» не памятаюць, каго яны затрымлівалі, хто што рабіў, ад грамадзянскіх пазоваў адмаўляюцца… Як на такіх паказаннях будаваць абвінавачанне супраць канкрэтных людзей? Таму, напэўна, было вырашана «біць па плошчах», — а раптам недзе нешта знойдзецца.
Раніцай 16 лютага па краіне прайшлі маштабныя ператрусы ў журналістаў і праваабаронцаў, — прычым па ўсёй краіне. Раніцай прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі паведаміў, што да яго ломяцца ў дзверы невядомыя. Ператрусы былі таксама ў старшыні БАЖ Андрэя Бастунца і намесніка арганізацыі Алега Агеева, у офісе арганізацыі. Прыехалі да гомельскай журналісткі-фрылансеркі Ларысы Шчыраковай. Ператрус правялі ў гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца, магілёўскага журналіста-фрылансера Алеся Буракова-малодшага і журналіста Аляксандра Буракова.
Таксама «следчыя дзеянні» ў выглядзе ператрусаў былі ў сябраў магілёўскай філіі «Вясны» Аляксея Колчына і Барыса Бухеля, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэя Палуды, у кіраўніка мазырскай філіі «Вясны» Уладзіміра Целепуна, а таксама ў кіраўніцы светлагорскай філіі Алены Маслюковай, у бацькоў віцебскай праваабаронцы Ірыны Траццяковай, у прэс-сакратаркі Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозкава Яўгеніі Парашчанка, у маці мінскай праваабаронцы «Вясны» Наталлі Сацункевіч. У брэсцкага праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна і бацькоў валанцёрак Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч — таксама ператрусы.
Узяліся і за прадстаўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП: ператрусы былі ў Ігара Комліка і Андрэя Комліка-Ямаціна.
Следчы камітэт паведаміў, што ўсе ператрусы праходзілі ў межах расследавання крымінальнай справы па арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») КК РБ, а «канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў».
Варта зазначыць, што ўсе гэтыя арганізацыі і людзі, у якіх праводзіліся ператрусы, не адно дзесяцігоддзе працавалі ва ўмовах нашай дыктатуры, пры гэтым жорстка і неаднаразова супрацьстаялі ціску ўлады. На іх дзе сядзеш — там і злезеш, а вось міжнародны розгалас такія дзеянні атрымаюць найвелізарны. Ужо хто-хто, а журналісты распаўсюджваць інфармацыю ўмеюць.
Таму «атрымаць адказ» за такія дзеянні вельмі лёгка. Улада забылася, што на падыходзе чацвёрты пакет санкцый ЕС? Дык ёй нагадаюць — абавязкова.
І нагадае не толькі ЕС. Міжнародны саюз біятланістаў змяніў статус этапа Кубка свету, які павінен прайсці ў Беларусі ў 2022 годзе, на статус «не пацверджана». Гэта зроблена, «сыходзячы з цяперашняй сітуацыі ў Беларусі і перспектыў на дадзены момант». А дэпутаты Еўрапарламента, па ініцыятыве ўплывовых калег з Германіі, заклікалі ўвогуле ЎСЕ спартыўныя арганізацыі перанесці свае імпрэзы з Беларусі.
Як вядома, вялікі спорт — гэта вялікія грошы. І гэтых грошай рэжым пазбавіцца.