Хобі для эрудытаў: абараняць «Пагоню» ў галоўнай сусветнай энцыклапедыі
Пра скандал у «Вікіпедыі» ў сувязі з выдаленнем артыкула пра беларускі герб «Пагоня» і пра тое, што трэба рабіць, каб такія сітуацыі не паўтараліся, піша Алесь Чайчыц.
Групка літоўскіх нацыяналістаў некалькі дзён таму выдаліла артыкул пра беларускі герб «Пагоня» ў англійскай версіі «Вікіпедыі». Прыйшла, нахабна падавіла нешматлікіх беларусаў і замежнікаў масай і ўпартасцю і прасунула на ўзроўні розных вікіпедыйных арбітражаў, каб артыкул пра «Пагоню» замянілі спасылкай на артыкул пра герб Літвы. То-бок каб атрымалася так, што наш нацыянальны герб насамрэч належыць літоўцам, а не з’яўляецца агульнай спадчынай, якой «Пагоню» лічыць абсалютная большасць што ў Літоўскай Рэспубліцы, што ў Беларусі.
Калі вас абурыла гэтая навіна, гэта значыць, для вас надышоў добры момант, каб далучыцца да нешматлікай і недастаткова моцнай каманды людзей, якія ў «Вікіпедыі» пішуць пра Беларусь, спрабуючы бараніць там беларускія інтарэсы, і сочаць, каб Беларусь там апісвалася аб’ектыўна і справядліва.
Што такое «Вікіпедыя», ведаюць, напэўна, усе. Галоўная энцыклапедыя ў інтэрнэце, галоўная крыніца базавай інфармацыі па якой заўгодна тэме. Адпраўная кропка даследаванняў і пошуку інфармацыі даследчыкамі, журналістамі, аналітыкамі, студэнтамі — кім заўгодна. Карыстацца «Вікіпедыяй» і спасылацца на «Вікіпедыю» лічыцца дрэнным густам, бо яе пішуць і рэдагуюць простыя людзі, але ўсе ёй, тым не менш, карыстаюцца. І гэта слушна. Галоўнае, каб патрэбная інфармацыя там была выкладзеная якасна і са спасылкамі на крыніцы, якія выклікаюць давер.
То-бок цяпер, калі людзі будуць гугліць слова «Pahonia» (у такім лацінкавым напісанні яно пашырылася ў англійскай мове менавіта дзякуючы «Вікіпедыі»), яны будуць чытаць пра тое, што беларусы заўсёды былі ўбогія і імі ўсе памыкалі, і ў дваццатым стагоддзі яны ад беднага жыцця ўзялі сабе герб у літоўцаў. Больш за тое, у англійскай версіі «Вікіпедыі» з’явіўся артыкул пра так званы «літвінізм», дзе тая ж групка літоўскіх маргіналаў зноў піша, што беларусы ўбогія і ніколі нічога не мелі, а калі яны цікавяцца спадчынай ВКЛ, гэта «антынавукова».
Каб такога не было, больш беларусаў павінны пісаць у «Вікіпедыю» і рэдагаваць яе, у тым ліку даваць актыўны аргументаваны адпор нядобразычліўцам Беларусі, якіх шмат. Гэта на самой справе цікавы і карысны занятак для людзей, якія маюць схільнасць да даследчыцкай і акадэмічнай дзейнасці (у абсалютна любой сферы), здольнасць да аргументацыі і дэбатаў, любоў да прыгожа аформленага тэксту і, у ідэале, зусім невялічкую здольнасць да вельмі простага праграмавання.
Ці ёсць у «Вікіпедыі» артыкул пра ваш родны горад ці вашу вуліцу? Пра родную вёску вашай бабулі? Пра вашага любімага пісьменніка? Пра цікавую краіну, якую вы нядаўна наведалі? Пра цікавага гістарычнага дзеяча, чыю біяграфію вы нядаўна прачыталі? Пра вашу прафесію? Пра вашу любімую страву?
Калі няма альбо калі гэты артыкул маленькі і кволы, «Вікіпедыя» дае вам шанец распавесці свету пра гэтую тэму. Галоўнае — прытрымлівацца нескладаных і справядлівых правілаў:
— Спасылайцеся на сур’ёзныя крыніцы інфармацыі. Напрыклад, навуковыя кнігі і публікацыі, альбо на сур’ёзныя СМІ. Бо «Вікіпедыя» павінна дапамагаць людзям шукаць якасную інфармацыю — і спасылкі на якасныя першакрыніцы могуць дапамагчы яшчэ больш, чым проста выкладанне фактаў, якія потым яшчэ давядзецца пераправяраць.
— Будзьце сумленныя і пішыце праўду. Відавочна, чаму. У тым ліку гэта тычыцца і таго, ці сапраўды важны той прадмет, пра які вы хочаце напісаць. Калі гэта вядомая публічная асоба, з’ява ці населены пункт — тады так. Калі ёсць сумневы — трэба паглядзець правілы. Рэкламаваць самога сябе ці сваю ўласную фірму — не вельмі сумленна, хай за вас гэта зробяць іншыя, з аб’ектыўных пазіцый.
— Карыстайцеся сухой энцыклапедычнай мовай. Усё-ткі гэта энцыклапедыя.
— Паважайце аўтарскія правы: можна цытаваць, але нельга проста капіяваць кантэнт з іншых крыніц.
— Датрымлівайцеся прынятых у «Вікіпедыі» правілаў што да стылю, правапісу і фармату (гэта нескладана)
«Вікіпедыя» можа быць спосабам практыкаваць замежную мову — тую ж англійскую, на якой ваш артыкул, мабыць, прачытаюць мільёны людзей. Альбо нямецкую ці французскую. Альбо, чаго ўжо там, беларускую мову, калі вы мала карыстаецеся ёй. Напісанне артыкула для «Вікіпедыі» — нагода ўдумліва і акуратна напісаць энцыклапедычны тэкст, лішні раз зазірнуць у слоўнік, успомніць забытыя выразы.
«Вікіпедыя» можа быць і сур’ёзнай справай, і нават полем для інфармацыйнага актывізму. Напрыклад, можна пісаць і рэдагаваць артыкулы пра палітыкаў, прадпрымальнікаў або карпарацыі, каб важная інфармацыя пра іх добрую ці дрэнную дзейнасць не знікла з інфармацыйнага поля. Можна пісаць сухім і добра структураваным тэкстам пра важныя здарэнні, каб людзям было проста зразумець, што адбываецца.
Ну і, урэшце, распавесці свету пра Беларусь на замежнай мове, дапамагчы замежнікам лепш разумець і ведаць Беларусь — гэта вельмі важная справа, якой акрамя такіх актывістаў, як мы, рабіць няма, каму.
Скончу хіба пералікам спасылак на артыкулы ў англійскай «Вікіпедыі»:
«Вікіпедыя» на англійскай мове: https://en.wikipedia.org/
Беларусь: https://en.wikipedia.org/wiki/Belarus
Гісторыя Беларусі: https://en.wikipedia.org/wiki/History_of_Belarus
Беларуская дыяспара: https://en.wikipedia.org/wiki/Belarusian_diaspora
Мінск: https://en.wikipedia.org/wiki/Minsk
Кожны артыкул багаты спасылкамі, у самым нізе старонкі кожнага артыкула ідзе пералік катэгорый, куды дададзены артыкул, па іх можна пайсці і вандраваць амаль бясконца. Паспрабуйце!
Алесь Чайчыц, budzma.by