Ці быў тэрор прадказальным?
«Спыніць контррэвалюцыю тымі ж метадамі, якімі не змаглі спыніць аўтарытарны рэжым, проста немагчыма. Але застаецца надзея», — распавёў Яўген Прэйгерман.
Большасць з тых, хто фарміруе грамадскую думку ў Беларусі, не мелі кампетэнцый ці пабаяліся пайсці супраць хваль нянавісці, якія фармавалі адначасова і апазіцыя, і ўлада, лічыць кіраўнік Савета па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман.
У эфіры «Еўрарадыё» ён расказаў, да каго мае прэтэнзіі ў бягучай палітычнай сітуацыі. Сярод іх няма «простых людзей» ні з аднаго, ні з другога боку.
— Нейкія прэтэнзіі могуць быць толькі да дзвюх катэгорый людзей. Першая — тыя, хто прэтэндуе быць элітай. І тут прэтэнзіі да абодвух бакоў: і да ўлады, і да яе апанентаў. Мы за трыццаць гадоў не змаглі выбудаваць, як мы ўжо відавочна пабачылі, паўнавартасную нацыянальную эліту. У 2020 годзе мы паўсталі перад сапраўдным выклікам, эліты не маглі быць падрыхтаваныя.
Другая група, да якой я маю прэтэнзіі, — людзі, якія фарміруюць грамадскую думку, інфлюэнсеры. Калі б тыя людзі, прынамсі, паспрабавалі патлумачыць грамадству, якое не можа быць дастаткова абазнаным, рэальныя расклады ў сістэме, у грамадстве, патлумачыць, якім чынам наша геапалітычнае становішча адаб’ецца на з’явах, што будуць адбывацца пасля крызісу, быў бы шанец, што людзі пачулі б.
Прэйгерман лічыць, што ў абодвух лагерах у гэтай сітуацыі былі тыя, хто хацеў зарабіць бонусы: ці то лёгкія падабайкі, ці то «зорачкі» ў сістэме.
— Простыя людзі рэагуюць на зразумелыя эмоцыі, да простых людзей прэтэнзій няма. А вось тыя, хто ў нашым грамадстве прэтэндуе на нейкую ролю, — да іх ёсць прэтэнзіі. На кожным баку павінны прызнаць сваю ролю ў тым, што адбываецца ў грамадстве.
Расказваючы пра тое, што адбываецца, Прэйгерман параўноўвае гэта з сітуацыяй, «калі вы выходзіце ў адчыненае акно на 20-м паверсе».
— Пасля гэтага задавацца пытаннем, што рабіць, не зусім сур’ёзна. Верагоднасць таго, што нейкі моцны вецер задзьме вас на дзясяты паверх, не такая і вялікая. Мы ляцім уніз, прызямленне не можа быць прыемным.
Што цяпер рабіць? Цяпер мы маем контррэвалюцыю. Спыніць яе тымі ж метадамі, якімі не змаглі спыніць аўтарытарны рэжым, проста немагчыма. Адзіная надзея — што той момант, калі дзяржава саспее да таго, што трэба пераходзіць ад рэпрэсіўнага катка да думкі пра заўтра, настане хутчэй, чым гэта адбывалася раней.