Народныя санкцыі. Як беларусы спрабуюць пакінуць рэжым без грошай і наколькі гэта працуе

Беларусы пратэстуюць не толькі на вуліцах: за год з'явілася некалькі іншых спосабаў ціснуць на рэжым знутры. Адзін з іх — «пратэст кашальком». Людзі спрабавалі пазбягаць аплаты камунальных паслуг, здымаць уклады з банкаў і байкатаваць звязаныя з уладамі кампаніі, піша currenttime.tv.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1___1__logo.jpg


Мэта ўсяго гэтага — забраць грошы ў рэжыму, каб той не змог плаціць сілавікам і душыць пратэсты. «Дубінкі не працуюць бясплатна», — гаварыў палітык і кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» Павал Латушка ў адным з сваіх відэа.

Не плаціць за камунальныя паслугі

У чым ідэя? Усе камунальныя службы ў Беларусі дзяржаўныя, калі перастаць ім плаціць, грошы не дастануцца ўладам. «Ні ў каго няма гарантый, куды пойдуць вашы грошы ад аплаты камунальных паслуг. Так што прыйшоў час паказаць ЖКГ, хто тут гаспадар», — гаварылася ў адной з публікацый з заклікам адмовіцца ад аплаты.
Спрацавала? Заклікі ігнараваць плацяжы не засталіся незаўважанымі. У некаторых раёнах Мінска яшчэ ў жніўні летась з'явіліся аб’явы ад мясцовых ЖКГ з тлумачэннем пра тое, што грошы за камунальныя паслугі ідуць на рахункі тых, хто паслугі прапануе (УП «Мінскводаканал», УП «Мінгаз», ЖКГ, РУП «Мінскэнерга» і г. д.), а не кудысьці яшчэ.
Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы таксама не прайшлі міма тэмы і выпускалі сюжэты пра «дэструктыўныя заклікі», пераконваючы гледачоў, што грамадзяне на іх не паддаліся.
На 1 лістапада 2020 году пратэрміноўка па камунальных плацяжах была ў 10% жыхароў Мінска, агульная сума запазычанасці — амаль 9 млн. беларускіх рублёў ($3,5 млн.). У лютым 2021 года міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель у эфіры тэлеканала «Беларусь-1» паведаміў, што прыкладна кожны дзясяты асабісты рахунак у краіне завінаваціўся з аплатай «камуналкі».
У кастрычніку-снежні 2020 года колькасць пратэрмінаваных асабовых рахункаў даходзіла да 470-490 тысяч, на 1 студзеня 2021-га іх было крыху больш за 400 тысяч. Але нічога страшнага чыноўнік у гэтым не ўбачыў: паводле яго слоў, 70% даўжнікоў мелі запазычанасць не больш чым за тры месяцы.
Прыкладна ў гэты ж час у Інтэрнэт трапіла плацежнае паведамленне, аформленае на імя Ірыны Карпянковай, жонкі былога начальніка ГУБАЗіКа, а цяпер намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова. Рахунак выстаўлены за люты 2021 года, у ім — запазычанасць у аплаце больш за 10 тысяч рублёў (каля $4 тысяч): 2,6 тысячы рублёў — запазычанасць за мінулы перыяд, а 7,2 тысячы — пеня на 28 лютага. У сацсетках адразу сталі жартаваць, што Карпянкоў далучыўся да ініцыятывы не плаціць камуналку і пакінуць сілавікоў без грошай.
Заклік не аплачваць ЖКГ-паслугі з'явіўся ў першыя дні пратэстаў летам 2020 года, але неўзабаве пра яго сталі забываць. Акрамя таго, былі вядомыя выпадкі, калі ваду і электрычнасць адключалі ўжо пасля двух неаплачаных месяцаў.

Не захоўваць грошы ў банках, адклікаць уклады

У чым ідэя? Калі не захоўваць грошы ў банках, улады не змогуць іх адняць. Акрамя таго, гэта ўскладніць працу ўсёй сістэмы. «Праз некалькі месяцаў прыйдзе дэвальвацыя. З'явяцца абмежаванні на валютныя аперацыі, на зняцце дэпазітаў або рэжым папросту пачне рабаваць нашы рахункі. Цяпер уся іх надзея — толькі на нашы грошы», — гаворыць Павал Латушка.
Спрацавала? Падобна да таго, што так. Сапраўды, беларусы актыўна забіраюць грошы з банкаўскіх укладаў. Толькі ў жніўні 2020 года грамадзяне знялі са сваіх рублёвых дэпазітаў 975,4 млн. рублёў (каля $388 млн. у эквіваленце), а з валютных укладаў — $624,3 млн. Паводле дадзеных Нацбанка, на 1 сакавіка 2021 году адток дасягнуў $1,75 млрд. за год, а аб’ём валютных зберажэнняў фізічных асоб на пачатак сакавіка сёлета склаў $5,83 млрд.
За сем месяцаў 2021 года, згодна са статыстычнай справаздачай Нацбанка, беларусы забралі з банкаў валютныя ўклады на $717,5 млн.
Адток укладаў — рэальная пагроза эканоміцы, лічыць Нацбанк. Гэта стварае падвышаны ціск на ліквіднасць банкаў. Такая сітуацыя абмяжоўвае магчымасці банкаў у крэдытнай падтрымцы эканомікі. Гэта «стрэсавыя ўмовы», у якіх беларуская эканоміка жыве ўжо больш за год.

Актыўна купляць валюту

У чым ідэя? Калі не захоўваць грошы ў беларускіх рублях, гэта пагоршыць становішча рубля, расхістае эканоміку і нашкодзіць уладам. «У рублях трымаем толькі неабходны для жыцця мінімум», — прапануюць прыхільнікі гэтай меры.
Спрацавала? Часткова. Паводле статыстыкі, беларусы сапраўды купляюць больш валюты, чым прадаюць. За першую палову 2021 года купля валюты перавысіла продаж на $410,7 млн.
Але на курс беларускага рубля да замежных валют гэта пакуль не паўплывала.
Значна больш сур’ёзная сітуацыя была ў жніўні 2020 года. Тады людзі знялі з дэпазітаў больш $4 млрд. — курс долара да беларускага рубля рэзка пайшоў угору. У той момант улады прынялі спецыяльныя меры: увялі абмежаванні на прадастаўленне ліквіднасці банкам. Гэты крок сур’ёзна паўплываў на рынак крэдытаў і ўскладніў работу бізнесу, але дазволіў утрымаць курс беларускага рубля: ужо амаль год ён не мяняецца.

Байкатаваць кампаніі — «кашалькі Лукашэнкі»

У Беларусі ёсць бізнесмены, поспех якіх звязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам і яго інтарэсамі. Прэзідэнцкімі ўказамі ім дастаюцца элітныя землі для будоўляў, а таксама дапамога ў працы — аж да манапольных умоў. Ці атрымліваюць нешта ўлады наўзамен, невядома, але ў прэсе такія бізнесы называюць «кашалькамі Лукашэнкі».
Зарабляе і само Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі: у яго структуру ўваходзяць 79 арганізацый, сярод якіх ёсць крамы, гатэлі, агракомплексы, фабрыкі і будтрэст.
У чым ідэя? Людзей заклікалі не карыстацца паслугамі гэтых кампаній, каб не прыносіць прыбытак рэжыму. У сацсетках распаўсюджваліся спісы вытворцаў прадуктаў, адзення, сеткавых крам, рэстаранаў і санаторыяў. З'явіўся дадатак «Krama», які па штрыхкодах тавараў паказвае, ці звязаны вытворца з дзеючымі ўладамі.
Атрымалася? Складана сказаць. Пакуль ні адзін з «кашалькоў» не закрыўся, большасць бізнесаў у спісе не публікуюць свае фінансавыя вынікі. Ніжэй — некалькі прыкладаў кампаній, якія падзяліліся лічбамі.
«Савушкін прадукт» — вытворца малочных прадуктаў, уваходзіць у групу кампаній «Санта», якую ўзначальвае блізкі да Лукашэнкі бізнесмен Аляксандр Машэнскі. Паводле вынікаў 2020 года кампанія адсправаздачылася пра рост усіх асноўных паказчыкаў: большымі сталі выручка, прыбытак і сабекошт рэалізаванай прадукцыі. Падобная сітуацыя і з сеткай крам «Санта»: яе выручка за 2020 год вырасла на 77%.
«Энерга-Ойл» — былая кампанія бізнесмена Аляксея Алексіна. Прадпрымальнік стаў фігурантам «чорнага спіса» Еўрасаюза з прычыны магчымых сувязей з Лукашэнкам, адначасова з гэтым Алексін перапісаў ключавыя актывы на сыноў. Пасля ўказа Лукашэнкі «Энерга-Ойл» стала афіцыйным і адзіным імпарцёрам сістэм награвання тытуню «IQOS» у Беларусь. Паводле даных «Philip Morris», вытворцы гэтых сістэм, іх продажы за апошні год ішлі ўгору. «Мы дасягнулі амаль 7% продажаў у Мінску ў другім квартале», — гаварылася ў справаздачы кампаніі. Праўда, у ліпені сам вытворца вырашыў перапыніць працу з «Энерга-Ойл» і больш не прадаваць у Беларусі «IQOS».
«МТС Беларусь» — аператар сувязі, 51% яго акцый належыць дзяржаве, 49% — расійскай групе кампаній МТС. У сацсетках разам са спісамі «праўладных» кампаній беларусы публікавалі заклікі пераходзіць да іншых аператараў. Паводле афіцыйных справаздач, адток абанентаў атрымаўся нязначным, а абаненцкая база МТС у 2020-м і пачатку 2021 гадоў «захавала стабільнасць»: не зменшылася і не вырасла.

Скараціць спажыванне алкаголю і тытуню

У чым ідэя? Пазбавіць бюджэт важнай крыніцы даходу — акцызаў. Алкагольныя напоі і тытунь абкладаюцца ў Беларусі дадатковым акцызным зборам, а значыць, прыносяць асабліва шмат грошай у бюджэт. Напрыклад, бутэлька гарэлкі ў Беларусі ў сярэднім каштуе 8,5 рубля (3,4 долара), з іх 1,7 рубля (68 цэнтаў) — падатак на дададзеную вартасць і яшчэ 1,06 рубля (42 цэнты) — акцыз. Акцызы складаюць 7-8% ад усіх даходаў у бюджэт.
«Калі можаце „завязаць“ да перамогі зусім — супер», — гаворыцца ў адным з паведамленняў з заклікам цалкам адмовіцца ад шкодных звычак.
Атрымалася? Часткова. Спажыванне алькаголю ў Беларусі і праўда скарацілася, але ў маштабах краіны не радыкальна. Паводле афіцыйных даных, за першыя паўгода 2021-га беларусы набылі на 1-2% менш піва, віна і гарэлкі, чым за такі ж перыяд год таму. Пры гэтым самі лічбы застаюцца вялікімі: за 6 месяцаў у краіне купілі больш за 84 мільёны бутэлек адной толькі гарэлкі — прыкладна па 9 на кожнага жыхара краіны. Беларусь не раз была ў пачатку рэйтынгу самых «пітушчых» краін свету.
Статыстыку продажу цыгарэт беларускія ўлады не публікуюць, затое актыўна ловяць і садзяць на вялікія тэрміны за намер «пашкодзіць ці спаліць тытунёвыя кіёскі» — тыя самыя «Табакеркі», якія належаць бізнесмену Аляксею Алексіну.

Здымаць грошы з картак, не плаціць безнаяўнымі

У чым ідэя? Разлічвацца гатоўкай, каб банкі не маглі адняць грошы з картак або распараджацца імі.
«Аплачваем тавары і паслугі гатоўкай, без чэка, „міма касы“. Выкарыстоўвайце дошкі аб’яў, пакупкі „з рук“. Калі мы будзем самі выбіраць і кантраляваць тых, хто размяркоўвае нашы падаткі, тады і станем іх плаціць», — пісалі прыхільнікі гэтай ідэі.
Атрымалася? Хутчэй не. Паводле даных Нацбанка, доля безнаяўных аперацый пастаянна расце на працягу апошніх 10 гадоў. У 2020 і 2021 гадах яна працягвае расці (хоць і троху больш павольна, чым раней). Цяпер па безнаяўным разліку праводзяць 91,4% усіх аплатных аперацый у Беларусі.

Што ж адбываецца з беларускай эканомікай?

Усё складана. З аднаго боку, нават сур’ёзныя санкцыі з боку заходніх краін не паўплывалі на курс беларускага рубля. Дзякуючы захадам Нацбанка курс беларускага рубля апошні год практычна не змяняецца.
Пры гэтым гадавая інфляцыя разагналася да 9,9%, рэальныя зарплаты «замерлі», а рэальныя пенсіі і зусім падаюць некалькі месяцаў запар. На частку тавараў накшталт каўбасы і ячных круп улады забаранілі падымаць цэны ў крамах. У той жа час цэны на іншыя тавары растуць (некаторыя з пачатку года падняліся ў тры разы). Нацбанк кгаворыць пра «няпэўнасць чаканняў эканамічных агентаў» і пра «інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні» людзей.
«Тыя, хто баяўся рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля ці таго, што замарозяць ўклады ў банках, могуць выдыхнуць. Гэтыя рызыкі цяпер ззаду. Больш верагодна, што мы будзем назіраць павольную стагнацыю і зніжэнне ўсіх эканамічных паказчыкаў», — гаворыць эксперт пра цяперашнюю сітуацыію ў эканоміцы.