«Сінэзіс» працягвае спробы вывесці свае кампаніі з-пад санкцый
Кампанія «Сінэзіс» працягвае бегаць навыперадкі з санкцыямі Еўрасаюза. Браты Шатровы і іх кампаньён Мікалай Пціцын выйшлі з уласнікаў яшчэ адной кампаніі, да якой мелі дачыненне. Гэтым разам — «Стыгма Софт».
Не так даўно Еўрарадыё распавядала, што заснавальнікі «Сінэзіс» выйшлі са спісу ўласнікаў сваёй расійскай філіі. Расійскі «Сінэзіс» стаў належыць невядомаму Аляксандру Шастакову. У траўні 2021-га Шастакоў таксама стаў адным з саўладальнікаў яшчэ аднаго расійскага праекта кампаніі — ТАА «Камера Біай».
Цяпер жа Шатровы і Пціцын перадалі іншым людзям кантроль над кампаніяй «Стыгма Софт» (раней яна мела назву «Сінэзіс Стыгма»). 100% фірмы сталі належаць кампаніі «Белнафтагаз», якую кантралюе Аляксей Алексін.
«Стыгма Софт» — супольны праект «Сінэзіс» і Алексіна. Кампанія займаецца маніторынгам транзітных перавозак грузаў па Беларусі. «Белнафтагаз» не трапляе (пакуль) пад еўрапейскія санкцыі, але ўжо патрапіў пад амерыканскія. Пад еўрапейскімі знаходзяцца галоўная кампанія «Сінэзіс», асабіста яе заснавальнік Аляксандр Шатроў і персанальна Аляксей Алексін.