Кіраўнік Літоўскай прамысловай канфедэрацыі: Беларусь могуць адключыць ад сістэмы SWIFT на пачатку верасня
Прэзідэнт Літоўскай прамысловай канфедэрацыі Відмантас Янулявічус заявіў, што толькі пытанне часу, калі Беларусь будзе адключаная ад сістэм банкаўскіх разлікаў — тады любы гандаль з гэтай краінай стане немагчымым. Паводле яго звестак, гэта плануецца на пачатак верасня.

Фота з адкрытых крыніц
Пасля ўвядзення санкцый Еўрасаюза прадпрыемствам энергетыкі, прамысловасці, вытворчасці ўгнаенняў, наступным крокам, на думку прэзідэнта ЛПК, будзе ўся банкаўская сістэма. «І тады будзе ўсё роўна, што і як, калі не зможаш разлічыцца», — дадаў ён.
Міжнародная банкаўская сістэма SWIFT дае магчымасць фінансавым установам разлічвацца з рознымі краінамі. Без яе немагчымы міжнародны гандаль.
Аднак фінансавы аналітык Марус Дубніковас мяркуе, што такі сцэнар малаверагодны.
«Я лічу, што малаверагодна, што будзе адключаная сістэма SWIFT. Калі б адключылі, яна(Беларусь) не магла б пераводзіць замежную валюту. (...) Сістэма SWIFT захоўвае сваю надзейнасць і нават у выпадку канфлікту з Расіяй гэтае адключэнне не было рэалізавана», — адзначыў Дубніковас.
Санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўвялі ЕС, ЗША, Вялікабрытанія і Канада.
delfi.lv