«Годны тык-ток» — толькі па-беларуску!
ЦІ чулі вы пра тык-ток на беларускай мове? Зусім нядаўна такі з’явіўся — 16 красавіка пачаў працаваць канал «Годны ТЫКТОК».
Здымае і прасоўвае яго група маладых беларусаў з Мінска. За амаль два месяцы на канале было размешчана больш за 30 відэа з рознымі задангямі, якія аўтары прапануюць выканаць наведвальнікам. Напрыклад, прачытаць надпісы ў сталічным метро на беларускай мове, напісаныя лацінкай.
Ідэя стварыць такі незвычайны тык-ток канал узнікла ў сяброў Адар'і і Усяслава. Потым да іх далучыліся і астатнія — агулам сем чалавек рэгулярна прымаюць удзел у шоу, фільмоўках выпускаў на YouTube. Уся кампанія — аматары беларускай мовы, тык-ток чэленджы і ютуб-шоу існуюць толькі на іх энтузіязме.
— Ідэя была ў распаўсюджванні беларускамоўнага кантэнта, — кажа Усяслаў. — Нам востра не хапае забаўленчага кантэнта на роднай мове. Таму штотыдзень выходзяць розныя заданні для тыктокаў.
Адзначым, што родныя Усяслава нават не ведаюць пра яго захапленне. А вось сябры і знаёмыя актыўна сочаць за развіццём канала і падтрымліваюць маладога чалавека.
Сярод гледачоў «Годнага ТЫКТОКа» крыху больш дзяўчат (56%), чым хлопцаў (44%). У Беларусі жывуць 65% гледачоў, 27% — з Украіны, 3% — з Расіі.
Да праекта далучаюцца людзі розных узростаў, самай маленькай удзельніцы было 12 год, ёсць і дарослыя. Усяслаў кажа, што асноўным удзельнікам больш за 19 гадоў, а вось актыўных карыстальнікаў тыктока — падлеткаў ва ўзросце 14-18 гадоў — мала.
— Мы хочам, каб да нашага чэленджу далучалася больш моладзі. На яго развіццё можа паўплываць любы ахвотны, проста напісаўшы свае прапановы і заўвагі нам у асабістыя паведамленні або нават далучыўшыся да нашай тусоўкі.
Усяслаў і яго сябры пакуль маюць кароткатэрміновыя планы на развіццё канала. Яны хочуць адфільмаваць наступны выпуск шоу, паралельна ствараюць кантэнт у «Тык-току», спрабуючы розныя тэмы і фарматы.