Гомельскі праваабаронца абскардзіў у судзе дзеянні памежнікаў і мытнікаў
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка абскардзіў у абласным судзе дзеянні пагранічнікаў і мытнікаў, якія, на яго думку, неабгрунтавана правялі яго асабісты надгляд.
Праваабаронца накіраваў 25 красавіка старшыні Гомельскага абласнога суда заяву аб прынясенні пратэсту на рашэнне суда па грамадзянскай справе, бо раённы суд адмовіў яму ў задавальненні іску, а касацыйная інстанцыя пакінула рашэнне першай інстанцыі ў сіле. Заяўнік просіць праверыць законнасць і абгрунтаванасць судовых пастаноў і прынесці пратэст у парадку нагляду аб іх адмене.
У жніўні 2015 года Леанiд Судаленка вяртаўся з літоўскай сталіцы на цягніку Вільнюс — Мінск. У пункце пропуску "Гудагай" у супрацоўнікаў пагранічнага камітэта паўсталі прэтэнзіі да праваабаронцы, сутнасць якіх яны не патлумачылі, але прапанавалі выйсці з цягніка ў Маладзечне. Яго знялі з цягніка з прымяненнем фізічнай сілы, правялі асабісты надгляд.
Праваабаронца палічыў, што яго правы парушаныя, а асабісты надгляд быў праведзены з прычыны існавання "чорных спісаў" на мяжы, што з`яўляецца парушэннем закона, адвольным абмежаваннем канстытуцыйных правоў. У матэрыялах справы маецца пісьмовае заданне мытным органам на правядзенне ў дачыненні да Леаніда Судаленкі асабістага надгляду з указаннем — "наяўнасць электронных носьбітаў інфармацыі на прадмет наяўнасці на іх інфармацыі экстрэмісцкага зместу". Праваабаронца не атрымаў на судзе адказу на пытанні, на якой падставе супрацоўнік пагранкамітэта выпісаў гэтае заданне і на якой падставе ён змог вызначыць мытні канкрэтнае заданне.
На судзе адказчыкі (прадстаўнікі памежнай і мытнай службаў) патлумачылі, што "выключныя меры мытнага надгляду" былі ўжытыя, таму што пасажыр нерваваўся, перасякаў мяжу ў адзіночку, меў мінімум ручной паклажы і знаходзіўся ў Літве непрацяглы час.
"Аналагічную выснову зрабіла і судовая калегія. Судовыя інстанцыі абавязаныя былі высветліць, але не высветлілі, на падставе якога нарматыўна-прававога акта падазрэнні ў дачыненні да пасажыра, які нерваваўся, перасякаў мяжу ў адзіночку з мінімумам ручной паклажы і знаходзіўся за мяжой непрацяглы час, з`яўляюцца падставай для правядзення ў дачыненні да яго асабістага мытнага кантролю", — звяртае ўвагу праваабаронца.
Ён дадае, што прадстаўленыя на судзе мытнікамі і памежнікамі дакументы пацвярджаюць той факт, што ў дачыненні да асабістых звестак праваабаронцы ў аўтаматызаванай сістэме памежнага кантролю ўнесеная мадыфікацыя з канкрэтным загадам, які характарызуе яго як экстрэміста. Але судовыя інстанцыі не змаглі даць ніякай ацэнкі гэтаму доказу.
"Адмова судовых інстанцый ацаніць пералічаныя доказы, факты і довады носіць відавочна адвольны характар, які я расцэньваю па сваёй сутнасці як адмову ў правасуддзі. Чаму пасажыра, які нервуецца, правяраюць на экстрэмізм, а не на наяўнасць, да прыкладу, наркотыкаў, зброі? Хто вызначыў, што трэба ў мяне шукаць? Яны пішуць пра нейкія профілі рызыкі, а ў законах такога нідзе няма, гэта ўзята з інструкцыі, якая носіць грыф "Для службовага карыстання". Такія дакументы нельга распаўсюджваць на грамадзян. Ніхто не сумняваецца ў існаванні чорных спісаў на мяжы, але прызнаць баяцца", — пракаментаваў БелаПАН Леанід Судаленка.
БелаПАН