Гомельскі праваабаронца не дамогся выкарыстання беларускай мовы на пошце

Гомельскі праваабаронца, сябра БХК Віктар Адзіночанка атрымаў адказ на свой зварот у Генеральную пракуратуру наконт рэалізацыі права на карыстанне роднай беларускай мовай у дакументацыі на пошце.



adzinochanka_viktar.jpg

Віктар Адзіночанка

Генеральная пракуратура ў асобе начальніка аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян М.В.Папова адказала заяўніку лаканічна, фактычна прадубліравала адказ з Міністэрства сувязі: у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, на пошце ў дакументацыі могуць карыстацца беларускай і (або) рускай мовамі.

Нагадаем, праваабаронца патрабуе ад пошты выкарыстання ў дакументацыі беларускай мовы. У канцы чэрвеня ён афармляў падпіску на беларускамоўную газету «Наша Ніва» у адным з гомельскіх аддзяленняў пошты. Квітанцыю на падпіску яму прапанавалі на рускай мове. Супрацоўнікі пошты сказалі, што ў камп'ютарах ёсць толькі руская і англійская мова. «Мне як беларусу гэта крыўдна, мы жывём не ў Расіі і не ў Англіі. Бачу ў гэтым прамую дыскрымінацыю беларускамоўных беларусаў», — патлумачыў Віктар Адзіночанка.

Сітуацыю ён апісаў у звароце да міністра сувязі і інфармацыі, дзе папрасіў у камп'ютарах паштовых аддзяленняў усталяваць беларускую мову. Міністэрства на прапанову адказала спасылкамі на Канстытуцыю і закон «Аб паштовай сувязі», дзе гаворыцца пра дзве дзяржаўныя мовы. Па сутнасці ж прапановы — ні слова. Тады праваабаронца звярнуўся ў Генеральную пракуратуру, але і там паўтарылі: у дакументацыі можна выкарыстоўваць дзве мовы.

«Па сутнасці скаргі мне не адказалі, ніяк не адрэагавалі на канкрэтную прапанову. Я крыху разгублены ад тых адказаў, якія атрымаў з Міністэрства сувязі і Генеральнай пракуратуры. Здаецца, я ясна пісаў, што прашу ўсталяваць у камп'ютарах паштовых аддзяленняў беларускую мову, каб грамадзяне Беларусі маглі рэалізаваць сваё законнае права на двухмоўе. Мне адказваюць, што выкарыстанне рускай мовы не супярэчыць заканадаўству. Я — пра адно, мне — пра другое. Лічу, што падобныя адказы сведчаць не толькі пра стаўленне чыноўнікаў да роднай мовы, канечне, пры той умове, што яны з’яўляюцца беларусамі, але і да зваротаў грамадзян. Я атрымаў дзве адпіскі. Але праблема, на мой погляд, засталася. Бо на Беларусі ўсё ж такі ёсць людзі, якім крыўдна за сваю мову. І іх не так мала, як здаецца», — пракаментаваў Віктар Адзіночанка.

 
spring96.org