Грамадскасць просіць Мінкульт адклікаць узгадненне на пракладку кабелю ля Курапатаў

Адклікаць узгадненне на пракладку сілавога кабелю ў ахоўнай зоне Курапатаў, гаворыцца ў другім лісце грамадскасці да міністра культуры Беларусі Юрыя Бондара.  

kurapaty_kabel_minkult_5_3_logo.jpg


Аўтары ліста адзначаюць, што на першы пісьмовы зварот да міністра культуры каардынатара грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» атрыманы адказ ад 16 снежня 2019 года за подпісам першага намесніка міністра культуры Наталлі Карчэўскай. Яна паведаміла, што Міністэрства культуры не давала дазволу на пракладку кабелю ў ахоўнай зоне Курапатаў.
Нагадаем, 29 лістапада 2019 года ў доме культуры аграгарадку Лясны пад Мінскам адбылося грамадскае абмеркаванне ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праекту кампаніі А-100 «Будаўніцтва жылога раёну з інжынерна-транспартнай інфраструктурай і аб’ектамі сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання насельніцтва каля вёскі Копішча Мінскага раёну. Кабельныя лініі электраперадачы напружаннем 10 кілавольт».
Падчас грамадскага абмеркавання зазначалася, што ў ахоўнай зоне гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-х — 40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты» на паўночны захад ад яе раней была пракладзена дзеючая траса інжынерных камунікацый (для вады, газу, электрычнасці, цяпла, тэлефоннай сувязі і каналізацыі). Побач з гэтай дзеючай трасай зноўку ў ахоўнай зоне Курапатаў мяркуецца пракласці новую трасу пад кабель у 10 кілавольт. 
Апроч таго, каля паловы даўжыні трасы запланаванай пракладкі кабелю ўздоўж Заслаўскай шашы таксама праходзіць не ў створы існуючай трасы інжынерных камунікацый у паласе адводу аўтадарогі, а ў ахоўнай зоне Курапатаў.
Разам з тым, архітэктары — аўтары праекту пракладкі гэтага кабелю не звярталіся да археолагаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з пытаннямі, што тычацца навуковага суправаджэння названага праекту.  
Паколькі пракладка ў ахоўнай зоне Курапатаў новага кабелю ў 10 кілавольт супярэчыць заканадаўству, аўтар звароту прасіў адклікаць адпаведныя дазволы на гэтыя працы, што выдала Міністэрства культуры.
Як патлумачыла Наталля Карчэўская, для разгляду па сутнасці зварот накіраваны па кампетэнцыі ў Мінскі райвыканкам, а для звесткі — у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі.
Як стала вядома грамадскасці, 3 чэрвеня 2016 года Міністэрства культуры ўзгадніла праектную дакументацыю па пракладцы кабелю на падставе таго, што ў ахоўнай зоне Курапатаў «дазваляецца эксплуатацыя і рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый».

kurapaty_kabel_minkult_5_2_logo.jpeg


На меркаванне аўтараў другога ліста, у гэтым узгадненні закладзена памылка, бо плануецца не рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый, а пракладка новага кабелю, якога раней не было, бо не было жылога раёну ля вёскі Копішча, да якога гэты кабель пракладаецца.
Грамадзяне просяць Юрыя Бондара адклікаць названае ўзгадненне Міністэрства культуры ад 3 чэрвеня 2016 года, паколькі ў ахоўнай зоне Курапатаў дазваляецца пракладка толькі тых падземных інжынерных камунікацый, што неабходныя для эксплуатацыі аб’ектаў ушанавання памяці ахвяраў, а не іншага прызначэння.

kurapaty_kurasz_3_logo.jpg


Сярод падпісантаў ліста — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг Валянціна Вяргей, мовазнаўца Вінцук Вячорка, бард Зміцер Захарэвіч, мастакі Генадзь Драздоў, Аляксей Марачкін, Ігар Марачкін і аўтар гэтага артыкулу.