Грамадскі актывіст Аляксандр Макаеў выйшаў на волю пасля 15-сутачнага арышту
Грамадскі актывіст Аляксандр Макаеў выйшаў на волю са сталічнага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў вечарам 11 жніўня пасля 15-сутачнага арышту.

Яго прыйшлі сустракаць больш як 30 чалавек, у тым ліку праваабаронца Юлія Сцяпанава, грамадскі актывіст Максім Вінярскі, актывіст грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Сяргей Вазняк, актывістка Вольга Нікалайчык, паплечнікі Макаева і журналісты.
Макаева як сустаршыню Камітэта салідарнасці з Украінай сустракалі з украінскім сцягам. Аднак супрацоўнікі ЦІП заявілі Сцяпанавай, што Макаева не выпусцяць, пакуль тыя, хто яго сустракае, не
прыбяруць украінскі сцяг. Актывісты выканалі патрабаванне і згарнулі сцяг.
У 21.00 каля ўваходу ў ЦІП было некалькі легкавых аўтамабіляў міліцыі, пад`ехаў аўтазак.
У 21.10 Макаев выйшаў і расказаў журналістам, што ўмовы ўтрымання ў ЦІП крыху палепшыліся — там ідзе рамонт, і яму давялося адбываць пакаранне ў абноўленай камеры. Актывіст таксама
зазначыў, што зараз сталі "адносна лепш карміць". Аднак прагулачны дворык на рамонце, і зняволеных на свежае паветра не выпускаюць.
"Ставіліся з боку адміністрацыі ЦІП да мяне нейтральна", — сказаў Макаеў. Кажучы пра падзеі 27 ліпеня, ён падкрэсліў, што прадчуваў сваё затрыманне: "за сцяг, за нацыянальную сімволіку... за гэта зараз беларусаў караюць".
У зняволенні ён больш за ўсё перажываў за сваю грамадзянскую жонку Юлію Сцяпанаву, з якой яны чакаюць дзіця, а таксама за свой бізнэс.
Нагадаем, Макаеў быў затрыманы вечарам 27 ліпеня пасля чарговай малітвы за палітзняволеных каля касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) на плошчы Незалежнасці. Паплечнікі Макаева звязалі яго
затрыманне з тым, што падчас малітвы ён трымаў бел-чырвона-белы сцяг.
Наступным днём у судзе Маскоўскага раёна Мінска суддзя Максім Сушко прызнаў актывіста вінаватым на падставе арт. 17.1 (дробнае хуліганства) нібыта за нецэнзурную лаянку і арт. 23.34
(непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі. Згодна з кожным артыкулам
Макаеву прызначылі 10 сутак арышту, а выніковы тэрмін быў вызначаны шляхам частковага складання пакаранняў.
прыняцьця Дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі.



Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Фота www.svaboda.org