Хронікі рэпрэсій, 19 красавіка. Зорку «Што? Дзе? Калі?» асудзілі да 3,5 гадоў зняволення

Распавядаем пра галоўнае, што адбылося з беларускімі палітвязнямі сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

У Гомельскай вобласці сілавікі затрымалі як мінімум чатырох чалавек

«Пакаяльныя відэа» з затрыманымі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Сцвярджаецца, што людзі былі затрыманыя за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

Паводле інфармацыі «Медыязоны» сярод іх Уладзімір Кузьміч і Андрэй Петрашэнка.

У Фаніпалі затрымалі 22-гадовую дзяўчыну за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020-ым годзе

Пра гэта паведамляе Следчы камітэт. Затрыманай інкрымінаваны арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Ведамства таксама паведамляе, што агулам за ўдзел у акцыях пратэсту ў Фаніпалі былі затрыманыя 54 чалавекі.

Палітвязня Ігара Аліневіча нядаўна змяшчалі ў ШІЗА 

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Право на восстание». Вядома, што з пачатку 2024 года Ігара адпраўлялі ў штрафны ізалятар ужо некалькі разоў.

Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Зорку «Што? Дзе? Калі?» Фёдара Шведава асудзілі да 3,5 гадоў хіміі

У Гродзенскім абласным судзе 19 красавіка агучылі прысуд 48-гадоваму Фёдару Шведаву. Яго абвінавацілі паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Суддзя Віталь Кулеш прызначыў Фёдару тры з паловай гады пазбаўлення волі.

Фёдар Шведаў

Фёдар Шведаў

Як паведамлялі прапагандысты, мужчына заданаціў 52 рублі 88 капеек ініцыятыве «Честные люди», ініцыятыве «Беларуская Рада культуры» 26 рублёў 7 капеек, і яшчэ 26 рублёў 20 капеек — фонду By_Help.

На судзе Шведаў віну прызнаў часткова. Ён растлумачыў, што «не меў намеру на прадастаўленне грашовых сродкаў экстрэмісцкім фармаванням, а грошы пераводзіў у дабрачынных мэтах для аказання дапамогі ў аплаце штрафаў, паслуг адвакатаў, медыкаментаў людзям, якія ўдзельнічалі ў пратэсных акцыях».

У Беларусі затрымалі мужчыну, які пісаў вершы пра свабоду

vershy_1.jpg

«Пакаяльнае відэа» з затрыманым апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. На ім мужчына кажа, што пісаў вершы з «негатыўным зместам». Вядома, што затрыманы працуе інжынерам.

Сілавікі знайшлі ў мінчука ў ноўтбуку відэа з пратэстаў. За гэта яго асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі»

У судзе Савецкага раёна Мінска 7 сакавіка асудзілі Вадзіма Асаёнка паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што грубапарушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзелу іх). Суддзя Аляксандр Якунчыхін прызначыў Вадзіму два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі».).

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэснай акцыі ў Мінску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Ён цалкам прызнаў віну. 

Мінчука апазналі па відэазапісам з Марша, якія знайшлі ў ноўтбуку, які вынялі ў Асаёнка падчас вобшука.

Крыніцы«Медыязона.Беларусь»«Вясна»«Право на восстание»