Адраджэнец, акадэмік, бальшавік. Кім быў Усевалад Ігнатоўскі?
19 красавіка – дзень нараджэння першага прэзідэнта БелАН Усевалада Ігнатоўскага. Яго сэрца было адданае змаганню за Беларусь, але ў гэтай барацьбе ён дапусціў фатальную памылку – паверыў бальшавікам, спадзяваўся на «дапамогу Савецкай Расіі».
Паходзіў з сям’і святара
Першы прэзідэнт Акадэміі Навук Беларусі нарадзіўся 19 красавіка 1881 года ў вёсцы Такары Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Бацька – настаўнік народнага вучылішча Макарый Іванавіч Ігнатоўскі, маці – Соф'я Вікенцьеўна. Макарый і Соф’я мелі трох дзяцей, Усевалад быў старэйшым.
Аўтары кнігі «Усевалад Ігнатоўскі і яго час» (1991) – Акадэмік Іларыён Ігнаценка і кандыдат гістарычных навук Аляксей Кароль – пішуць пра дзяцінства навукоўца наступнае:
«У Такарах, гэтым глухім куточку Берасцейшчыны, і прайшло дзяцінства Усевалада. Можна з упэўненасцю сказаць — беднаватае: сям'я ж не маленькая, a народныя настаўнікі — вясковыя настаўнікі — былі самай нізкааплатнай катэгорыяй у сістэме Міністэрства асветы.
Беднаватае, але ж на вольнай прыродзе, сярод сялян, у сямейнай атмасферы, адметнай, дзякуючы бацьку, духоўнасцю, спачуваннем гаротнаму жыццю сялянства».
У 1899 годзе бацька Усевалада быў пасвячоны ў сан дыякана, а ў 1901 —іерэя з назначэннем свяшчэннікам у Быценскую Петрапаўлаўскую царкву.
Пазней сыны Макарыя Ігнатоўскага атрымаюць пачатковую духоўную адукацыю, але абяруць іншыя шляхі.
У студэнцтве далучаецца да партыі эсэраў
Студэнцкі шлях Усевалада Ігнатоўскага, нягледзячы на выдатныя здольнасці, быў пакручыстым. Ён праходзіў у тым ліку праз адміністрацыйную высылку за ўдзел у антыўрадавых студэнцкіх хваляваннях. У выніку ён скончыў гістарычнае аддзяленне Юр'еўскага ўніверсітэта толькі ў 1911 годзе, у 30 гадоў. Але скончыў бліскуча.
«У Пецярбургу, у асяроддзі разначыннага вальнадумнага студэнцтва, у прасякнутай рэвалюцыйнымі токамі атмасферы сталіцы, вызначаецца і палітычны выбар Усевалада Ігнатоўскага.
Як сам адзначаў пазней у шэрагу анкет, аўтабіяграфіях, на гутарках у Партыйнай калегіі ЦКК КП(б)Б, ён далучаецца да студэнцкага гуртка партыі эсэраў», — пішуць даследчыкі.
Там жа, у Юр’еўскім універсітэце ён, па ўласнаму сведчанню, упершыню задумаўся аб гістарычным мінулым беларускага народа, адчуў сапраўдны сэнс яго гісторыі.
Сканчваў універсітэт жанатым сталым чалавекам
«Адміністрацыйную высылку» Ігнатоўскі адбываў у Ладзейным Полі. Там ён сустрэў паплечніку, такую д высланую за рэвалюцыйную дзейнасць Арэф'еву Марыю Севасцьянаўну.
Яны хутка ажаніліся, а 4 ліпеня 1909 года ў пары нарадзіўся сын Міхаіл. Праз 2 гады, у 1911-м, Марыя народзіць другога сына – Юрыя, а яшчэ праз пяць – трэцяга, Валянціна.
Ігнатоўскі натхняецца ідэяй нацыянальнага адраджэння
У ліпені 1914 года сям'я Ігнатоўскіх пераязджае ў Мінск, дзе ствараецца настаўніцкі інстытут, у які Усевалада Макаравіча прымаюць выкладчыкам гісторыі і эканамічнай геаграфіі.
У наступныя гады Ігнатоўскі моцна збліжаецца з беларускім нацыянальным рухам, у ім абуджаецца патрыятызм.
Пры настаўніцкім інстытуце (ужо ў эвакуацыі ў Яраслаўлі) Усевалад Ігнатоўскі стварае культурна-асветніцкую арганізацыю «Наш край», якая ставіла на мэту прапаганду ідэі «нацыянальнага адраджэння».
«Паняцце «нацыянальнае адраджэнне» да таго часу ў асноўных сваіх пасылках атрымала ўжо даволі ясны змест: перш за ўсё нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа; абуджэнне яго нацыянальнай самасвядомасці, яго патрыятызму ў адносінах да роднага краю; ажыццяўленне ў наступным яго гістарычнага права (гэтак жа, як і любога іншага народа) на дзяржаўнае самавызначэнне, але не ў супрацьстаянні з іншымі нацыямі, не за іх кошт, а ў добрасуседстве, у супрацоўніцтве, у саюзе з імі», — пішуць біёграфы Ігнатоўскага.
«Займае пазіцыю на левым флангу нацыянальнага руху, зберагаючы права на незалежнаць»
«Да Лютаўскай рэвалюцыі ён аддаваў перавагу рэфармісцкім метадам, лічыў магчымым такім чынам дасягнуць мэты беларускай дзяржаўнасці ў форме дзмакратычнай рэспублікі. Аднак пасля рэвалюцыі, у абставінах нарастаючай сацыяльна-палітычнай барацьбы і пры выразна бачным нежаданні Часовага ўрада сур'ёзна аднесціся да беларускага пытання, погляды яго значна радыкалізуюцца.
Ён займае пазіцыю на левым флангу нацыянальнага руху, зберагаючы, аднак, за сабой права на незалежнасць і свабоду выбару».
На чэрвеньскай канферэнцыі БСГ Усевалад Ігнатоўскі выбіраецца ў склад яе ЦК. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ідзе на супрацоўніцтва з Савецкай уладай.
Трымаецца ў баку ад БНР
У 1918 годзе Усевалад Ігнатоўскі разам з калектывам настаўніцкага інстытута вяртаецца ў яшчэ акупіраваны немцамі Мінск.
Цяпер ужо ён займае крайне левыя пазіцыі, выступае за наладжванне кантактаў з падпольнымі камуністычнымі арганізацыямі.
Пра Раду БНР Ігнатоўскі напіша у артыкуле «Вялікі Кастрычнік на Беларусі» наступнае:
«Не маючы сувязі з працоўнымі масамі, Рада ускладае свае надзеі на каранаванага акупанта і канчаткова губіць усякую магчымасць калі-небудзь аперціся на гэтыя масы».
Пазней, ужо ў 1924 годзе, на з'ездзе былых членаў БПС-Р Ігнатоўскі выступіць з прывітальным словам ад кампартыі і назаве «галоўнай памылкай» БПС-Р «утварэнне ў часы польскай акупацыі Рады Беларускай народнай рэспублікі, замест таго каб утварыць Рэвалюцыйны камітэт дзеля барацьбы з польскай шляхтай».
Галоўнай справай Усевалада Ігнатоўскага на той час было адраджэнне Мінскага настаўніцкага інстытута.
Спадзяваўся на «дапамогу Савецкай Расіі»
1 студзеня 1920 года Ігнатоўскі з паплечнікамі ствараюць у Мінску арганізацыйны цэнтр Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), які часова ўзяў на сябе абавязкі ЦК і заявіў аб прызнанні праграмы і тактыкі РКП(б).
У праграмным дакуменце, напісаным У. Ігнатоўскім, указвалася, што БКА «дамагаецца ладу Савецкай Беларускай рэспублікі, спадзеючыся на дапамогу Савецкай Расіі, з якой Савецкая Беларусь знаходзіцца ў федэратыўнай сувязі».
Ігнатоўскі-бальшавік
У палітычнай справаздачы ЦК КП(б)Б III з'езду (20—25 лістапада 1920 года) чытаем:
«Беларуская Камуністычная арганізацыя, якой кіруе тав. Ігнатоўскі і якая мае некалькі дзесяткаў ячэек на месцах, заявіла, што яна цалкам стаіць наплатформе РКП, прымае яе праграму, статут і тактыку і жадае як арганізаванае цэлае ўвайсці ў Камуністычную партыю Беларусі.
ЦК КПБ прызнала, што БКА сапраўды зжыла свае ілюзіі і рэшткі нацыяналізму і пастанавіла прыняць яе членаў у рады партыі, паколькі супраць асобных з іх не будзе індывідуальных адводаў.
Павятовым камітэтам КП(б)Б было дадзена адпаведнае ўказанне, і да 20 жніўня БКА спыніла сваё існаванне».
Усевалад Ігнатоўскі быў прыняты ў члены РКП(б) 30 ліпеня 1920 года.
«Больш за 15 гадоў заняў у яго гэты шлях: ад рэвалюцыйнага дэмакратызму леванародніцкага кірунку з ухілам у нацыянальны дэмакратызм — да бальшавізму.
Ён прыйшоў да Савецкай улады, да бальшавікоў сваім асабістым шляхам, кіруючыся перш за ўсё ідэаламі беларускага нацыянальнага адраджэння, пошукамі найлепшых магчымасцей дзеля іх ажыццяўлення. I заўсёды заставаўся патрыётам свайго народа ў самым найлепшым сэнсе гэтага слова», — лічаць біёграфы Ігнатоўскага.
Пры гэтым «з тэорыяй навуковага сацыялізму, палітычнай эканоміяй, з гісторыяй рабочага руху, гісторыяй бальшавіцкай партыі, як сам адзначаў у адной з анкет, знаёмы не быў».
Пачатак апошняга дзесяцігоддзя
Ігнатоўскі нядоўга працаваў наркамам земляробства, затым быў прызначаны наркамам асветы.
«Так, нягледзячы на некаторыя акалічнасці, шматабяцальна пачалося апошняе дзесяцігоддзе жыцця Усевалада Ігнатоўскага, якое і паставіла яго імя ў шэраг буйных палітыкаў, партыйных і дзяржаўньіх дзеячаў, выдатных вучоных Беларусі. I якое так трагічна — і для яго, і для краіны — скончылася», — пішуць Кароль і Ігнаценка.
У 1926 годзе Ігнатоўскі ўзначаліў Інстытут беларускай культуры, а ў 1929 з пераўтварэннем апошняга ў Беларускую акадэмію навук быў абраны яе першым прэзідэнтам і першым у яе структуры дырэктарам Інстытута гісторыі.
Палітыка беларусізацыі
«Праца на ўсю моц, да знямогі, але і ў асалоду, з натхненнем, таму што, хоць і не проста, прадзіраючыся праз частакол вастрэйшых супярэчнасцей, увасабляліся на практыцы тыя ідэі, служэнню якім ён прысвяціў сваё жыццё.
Перш за ўсё ідэя нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння і нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа. Адраджэнне, якое знайшло сваё ўвасабленне ў палітыцы беларусізацыі — нацыянальнай палітыцы Савецкай улады, што праводзілася ў БССР у 20-я гады ў прыстасаванні да яе этнаграфічных, сацыяльна-эканамічных умоў, гістарычных і культурных традыцый», — сцвярджаюць даследчыкі.
«Па яго ініцыятыве ўжо ў канцы 1920 года пачало пераводзіцца на беларускую мову справаводства Наркамата земляробства, а затым і Наркамата асветы. Пры яго непасрэдным аўтарскім удзеле рыхтаваліся матэрыялы да даклада Наркамата асветы па пытаннях нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў рэспубліцы.
У лютым ЦВК БССР прыняў па дакладу шэраг пастаноў, якія ў многім прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. У прыватнасці, пацвердзіў прыняты яшчэ ў 1919 годзе ўрадам Літоўска-Беларускай ССР дэкрэт аб раўнапраўі ў якасці дзяржаўных беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай моў, вызначыў шэраг практычных мер па стварэнню сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхнічных вучылішч і тэхнікумаў (на роднай мове навучання), шырокай сеткі курсаў беларусазнаўства. Цяжар ажыццяўлення гэтага комплексу мер і лёг на плечы У. Ігнатоўскага, як наркома».
Ігнатоўскі-гісторык
У сваё апошняе дзесяцігодзе Ігнатоўскі сапраўды надзвычай плённа працаваў, у тым ліку як гісторык.
Асноўныя з ягоных прац: «Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі» (1921), «Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота» (1922), «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (пяць выданняў), «Беларусь» (чатыры выданні), «Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця» (тры выданні), «Каля магілы барацьбіта» (1927), «1863 год на Беларусі» (1930) і іншыя.
«У сваёй сукупнасці працы Усевалада Макаравіча — ці не ўпершыню даволі сістэматызаваны выклад гісторыі Беларусі», — лічаць даследчыкі.
Гісторык Уладзімер Арлоў назвае Ігнатоўскага аўтарам першага ў айчыннай гістарыяграфіі грунтоўнага дасьледавання паўстання 1863 году. Ігнатоўскі лічыў, што паўстанне аказала станоўчы ўплыў на рост беларускай нацыянальнай свядомасці.
Абагульняючы свае даследаванні, Усевалад Ігнатоўскі пісаў:
«Якая будзе далейшая доля, залежыць цалкам ад нас, беларусаў. Мы павінны ўрэшце ўзяць справу ў свае ўласныя рукі.
Магчыма думаць, што штандар руху дэмакратычны, што рух апіраецца на земляроба і работніка Haman зямелькі. Ужо прачынаецца гэты працоўны люд беларускі ад векавечнага сну. Настануць часы, калі ён працягне руку інтэлігенту, які падыйшоў да яго, выйшаў з яго, і пайдуць яны рука аб руку, крок у крок, шукаць «сваёй лепшай долі» і пэўна знойдуць яе...»
Палітычны пераслед
Пераслед і цкаванне Усевалада Ігнатоўскага пачаліся ў 1929-м.
Уладзімер Арлоў піша: «Яму прыгадалі і паходжаньне зь сям’і сьвятара – «клясава варожага пралетарыяту асяродзьдзя», і эсэраўскае мінулае, і прыкрыцьцё «нацдэмаў», што зьвілі сваё «асінае кубло» ў Акадэміі навук. Выклікі ў ОГПУ рабіліся ўсё часьцейшымі. У «навуковых» дыскусіях», якія вяліся зь Ігнатоўскім у тым доме, выкарыстоўваліся спэцаргумэнты з традыцыйнага арсэналу «майстроў заплечных справаў».
Вярнуўшыся пасьля аднаго з допытаў дадому, Ігнатоўскі дастаў з шуфляды пісталет...»
Пасля аднаго з допытаў Усевалад Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам
Сэрца Ігнатоўскага спынілася 4 лютага 1931 году.
У кнізе «Усевалад Ігнатоўскі і яго час» чытаем:
«Ён не мог прадбачыць трагічнага абрыву свайго жыцця, ясны ліхтарык якога ён патушыць сам: каб не скарыцца сцюдзёным вятрам хлусні і знявагі, каб не' здрадзіць сабе і свайму народу. Таму што не ўяўляў свайго пакутлівага жыцця пасля смерці: за заслонай маўчання, з кляймом «нацдэм», «вораг народа».
Кляймо знята. Заслона падымаецца, і на авансцэне супярэчлівай і шматпакутнай, гаротнай і гераічнай гісторыі Беларусі сярод найбуйнейшых яе дзеячаў усё больш выразна паўстае магутная постаць Усевалада Ігнатоўскага — рэвалюцыйнага змагара, выдатнага палітыка, таленавітага вучонага-гісторыка.
Аднаго з тых, хто ў тэорыі і на практыцы ўнёс вырашальны ўклад у справу дзяржаўнага самавызначэння беларускага народа, яго сацыяльна-эканамічнага і культурнага адраджэння, хто заклаў трывалы падмурак беларускай савецкай навукі, гістарычнай — у асаблівасці».
Паводле іншай версіі Усевалад Ігнатоўскі быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ ў сваім доме.
Не пакінулі бальшавікі ў спакоі і сям'ю нябожчыка. У 1937-м яго жонку асудзілі да васьмі гадоў лагераў як «члена сям’і здрадніка». Сыноў Ігнатоўскага, Юрыя і Валянціна, у тым жа годзе расстралялі.