«Пакуль не верыць, што ўжо дома». Выйшаў на волю палітык Андрэй Дзмітрыеў

Палітвязень цалкам адбыў тэрмін зняволення — 1,5 года калоніі. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў пратэстах, але пачатковы прэс-рэліз Следчага камітэта пра «злачынствы» Андрэя Дзмітрыева гучаў па-кафкіянскі.

Фота ТАСС

Фота ТАСС

20 красавіка з папраўчай калёніі № 3 пад Віцебскам выйшаў на волю былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў. Пра вызваленьне Дзьмітрыева «Свабодзе» паведаміў ягоны сябар, які цяпер знаходзіцца за мяжой.

Паводле слоў сябра, які прасіў не называць ягонае імя з прычынаў бясьпекі, Андрэй Дзьмітрыеў вельмі задаволены, што скончыўся ягоны тэрмін зьняволеньня, адчувае сябе нармальна і «перадае прывітаньне ўсім сябрам і знаёмым людзям, якія за яго перажывалі».

Ад камэнтароў Андрэй Дзьмітрыеў пакуль адмаўляецца, паведаміў суразмоўца. Ён толькі сказаў, што «пакуль ня верыць ў тое, што ўжо на волі».

«Тыдзень дакладна ні з кім размаўляць ня будзе, хоча прыйсьці ў сябе. Пра апошнія месяцы ў калёніі распавядаў, што зьмяніў прафэсію, замест ачысткі дратоў зьбіраў зэдлікі ды іншую простую мэблю. У вольны час чытаў, наведваў спартовую пляцоўку, пры магчымасьці хадзіў у храм. Ні на што ня скардзіўся», — распавёў сябар Дзьмітрыева.

Палітык цалкам адбыў прызначаны яму тэрмін зьняволеньня.

Андрэй Дзьмітрыеў ачольваў грамадзкую арганізацыю «Гавары праўду», закрытую ўладамі ў 2021 годзе.

Былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Дзьмітрыева затрымалі ў студзені 2023 году і праз тры месяцы асудзілі на 1,5 зьняволеньня паводле 1-й часткі 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Сваёй віны Дзьмітрыеў не прызнаў. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным зьняволеным.

У траўні 2023 году памерла маці Андрэя Дзьмітрыева, але на пахаваньне палітыка не адпусьцілі.


Глядзіце таксама

Цікава, як Следчы камітэт неўзабаве пасля затрымання Дзмітрыева апісваў яго «злачынствы». У адмысловым прэс-рэлізе ведамства фактычна абвінаваціла яго ў стасунках з замежнымі палітыкамі больш за дзесяць гадоў таму, а таксама папракнула фактамі перасячэння мяжы.

«Наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША, можа сведчыць аб каардынацыі яго палітычнай дзейнасці з-за мяжы, — гаварылася ў прэс-рэлізе. — Маецца інфармацыя, што затрыманы кантактаваў з Дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста з яго былым кіраўніком Хілары Клінтан».

Пры гэтым СК у якасці «доказу віны» апублікаваў фота Дзмітрыева з Хілары Клінтан, зробленае ў 2011 годзе.

Таксама камітэт наракаў, што затрыманы «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, з іх 33 — пасля 2020 года», што, паводле СК, таксама заганна, бо Дзмітрыеў па-за Беларуссю зноў жа мог камунікаваць з заходнімі палітыкамі.