Замкнёнае кола гвалту: беспакаранасць у краіне = беспакаранасць у сям'і
У Беларусі заўсёды востра стаяла праблема хатняга і сэксуалізаванага гвалту, але пасля 2020 года сітуацыя змянілася. Ці стала лепш? На жаль, не. Усё стала толькі горш. Нашмат горш.
Улады Беларусі доўгі час запэўнівалі, што праблема хатняга гвалту ў краіне «не настолькі вострая, каб казаць пра неабходнасць прыняцця спецыяльнага закона». Пасля 2020 года на хвалі ліквідацыі і так нешматлікага сектара няўрадавых арганізацый закрыліся ў тым ліку ініцыятывы, якія дапамагалі беларускам у крызісных сітуацыях.
Цалкам знішчыўшы НДА-сектар і закрыўшы ініцыятывы па барацьбе з хатнім гвалтам, у 2023 годзе Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў «выкарчоўваць» з грамадства гвалт над жанчынамі і дзецьмі «самымі жорсткімі метадамі». Але як гэта зрабіць, Лукашэнка не ўдакладняў, а пра разгляд закона аб хатнім гвалце гаворка так і не зайшла.
Адпаведны дакумент распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў чарговы варыянт, назваўшы яго «глупствам, узятым перш за ўсё з Захаду». Тады ж ён дадаў, што супрацьдзеянне гвалту ў сям'і ідзе насуперак «славянскім традыцыям».
Толькі паводле афіцыйных заяў, штогод у Беларусі рэгіструецца каля 80 тысяч паведамленняў аб хатнім гвалце. Гэта мінімум 219 фактаў гвалту на дзень. Кожнае трэцяе забойства здзяйсняецца рукамі блізкіх. Але зразумець рэальны маштаб хатняга гвалту ў краіне вельмі цяжка. Цэнтралізаваная статыстыка не публікуецца, астраўкі падтрымкі ліквідаваныя, а канкрэтныя гісторыі толькі зрэдку прасочваюцца ў медыя.
«Настоящее время» расказвае, як у цяперашніх умовах у Беларусі аказваюць дапамогу тым, хто перажыў гвалт, як дамагчыся пакарання для агрэсараў і як палітыка ў краіне ўплывае на ўзровень партнёрскага гвалту.
Сэксуалізаваны гвалт у шлюбе не «шлюбны абавязак»
На пачатку адносін Дар'я (імя змененае) не заўважала трывожных сігналаў у характары свайго партнёра, хоць перыядычна ён трапляў у клубныя бойкі, якія заканчваліся прыводам у міліцыю. Кантралюючыя паводзіны таксама з'явілася не адразу. Але ў ноч пасля вяселля яна сутыкнулася з сэксуалізаваным гвалтам, які пазней стаў нормай.
«Мне здавалася, што, калі ў цябе першы сэксуальны досвед, да цябе павінны неяк па-асабліваму ставіцца. А атрымалася так, што мяне цэлую ноч трахалі, пасля чаго я хадзіла па аптэках і спрабавала растлумачыць, што ў мяне ўнутры мазалі. Я яму гаварыла, што мне балюча, але пра маё самаадчуванне ніхто не думаў, — расказвае Дар'я. — Я тады думала, можа, так і павінна быць? Я ж не ведала, як гэта павінна адбывацца».
Дар'я расказвае, што, пакуль яны з мужам першы час жылі ў бацькоў, сваркі не пераходзілі далей за словы. «Ён мог мяне зняважыць, здушыць псіхалагічна і ў інтымным плане таксама прымушаў, але руку не падымаў», — успамінае Дар'я.
У адрозненне ад некаторых краін Захаду, у Беларусі закон аб згвалтаванні не ўтрымлівае асобных палажэнняў аб шлюбным згвалтаванні. Паводле даных НДА, выпадкі шлюбнага сэксуалізаванага гвалту ў краіне не разглядаліся і крымінальныя справы не ўзбуджаліся, калі яны не былі звязаны з сур'ёзнымі абцяжваючымі абставінамі, такімі як смерць або прамая пагроза жыццю пацярпелых.
Тэма сэксуалізаванага гвалту ў шлюбе ў беларускім грамадстве застаецца табуяванай і прыватнай. Многія перажылі гвалт, як, напрыклад, Дар'я, і не заўсёды ўспрымаюць яго як гвалт з-за выкліканага грамадствам наратыву аб «шлюбным абавязку», адсутнасці палавога выхавання, а таксама з-за грамадскіх стэрэатыпаў, расказалі «Настоящему времени» праваабаронцы арганізацыі «Oliviahelp.org».
«Напрыклад, першапачаткова ўсяго тры працэнты зваротаў на анлайн-лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту было звязана з сэксуальным гвалтам у шлюбе або партнёрскіх адносінах. Але пасля правядзення інфармацыйнай кампаніі аб тым, што прымус да сэксу ў шлюбе — таксама гвалт, колькасць зваротаў вырасла да 18 адсоткаў».
З часам адносіны Дар'і з мужам станавіліся горшымі. «Памятаю першы выпадак, калі мы пераехалі ў наш дом, калі было рэальна страшна, — распавядае Дар'я. — Муж прыходзіць пад Новы год п'яны і кажа: "Рота салдат, заходзьце". Ён напіўся да такога стану, што яму пачало мроіцца, што з ім нехта яшчэ. "Глядзіце, якая дзеўка добрая, давайце яе мець". Ён парваў на мне адзенне, падняў з ложка нашага чатырохгадовага сына, на вачах якога гэта ўсё адбывалася. Мы з сынам цудам здолелі ўцячы з дому. Раніцай я прыходжу дадому, а там мікрахвалеўка праз шклопакет выкінутая, ён ляжыць голы, у мачы. Я гляджу на ўсё гэта, ён прачынаецца і пытаецца: "А што адбылося?"».
Падтрымкі ад блізкіх пасля гэтага выпадку Дар'я не атрымала. «Мая мама мне тады сказала:" Можа, гэта ты яго так давяла?" А свякроў сказала, што яе бацька таксама з сякерай бегаў, таму "ты, дзетка, трывай, маліся"».
Дар'я расказвае, што падобныя выпадкі паўтараліся рэгулярна. «Неяк п'яны ў парыве лютасці ён пачаў мяне цягаць за валасы па калідоры, біў мяне нагамі па ўсім целе — мне потым наклалі гіпс на руку, якой я закрывалася. Муж мне пасля гэтага сказаў, што магу з ім развесціся, а я не была гатовая. Пачала ўзважваць, як я буду з двума дзецьмі, у школе далі профільны клас. Але самае важнае — не было падтрымкі. Калі б мне мама тады проста сказала "разводзься", я б гэта зрабіла».
«Неўролаг мне сказаў: "Падумаеш, муж б'е, а каго не б'е. У вас пухліна ў галаве — вось гэта больш страшна"»
Параіўшыся з адвакатам, Дар'я вырашыла платна зафіксаваць пабоі, каб на будучыню былі доказы. «Я прыходжу, там сядзіць мужык-амапавец, такі амбал два на два:
— Дзяўчына, што вы прыйшлі?
— Мяне муж збіў.
— І што?
— Я хачу зняць платна пабоі.
— Шмат вас ходзіць такіх, хочаце пры разводзе пабольш кавалак адхапіць».
Дар'я згадвае, што гэты каментар яе пакрыўдзіў і яна сышла, так і не зрабіўшы медагляд. Пасля гэтага выпадку яна вырашыла чакаць. «Мне, напэўна, хацелася, каб мая мама ўбачыла тое, што адбываецца. Я тады сказала старэйшаму сыну, што, калі тата прыйдзе п'яны і неадэкватны, тэлефануй бабулі».
Сітуацыя паўтарылася праз год. Муж Дар'і прыйшоў у нецвярозым стане а шостай раніцы і ўбачыў, што тэмпература ў доме была +23 градусы. На яго думку, гэта было непрымальна. «Я спрабавала растлумачыць, што я падняла тэмпературу, таму што хварэў малодшы сын і пол быў халодны. Ён кінуў у мяне градуснік, сцягнуў з ложка, пачаў на мяне садзіцца, біў мяне галавой аб сцяну, біў нагамі».
Старэйшы сын Дар'і, які знаходзіўся ў суседнім пакоі, напісаў бабулі з дзядулем. Яны прыехалі і выклікалі міліцыю. Мужа Дар'і пасадзілі на «суткі», а ёй выдалі накіраванне ў траўмапункт.
«У бальніцы быў вельмі непрыемны каментар ад лекара. Неўролаг мне сказаў: "Падумаеш, муж б'е! А каго не б'е? У вас пухліна ў галаве — вось гэта больш страшна"».
Праз тыдзень Дар'я зразумела, што не можа хадзіць, — выявілася, што ў яе быў пералом асцюкаватага атожылка хрыбетніка.
Даследаванні паказваюць, што колькасць жанчын, якія атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы (ЧМТ) у выніку хатняга гвалту, у 11-12 разоў перавышае колькасць ЧМТ, атрыманых вайскоўцамі і спартсменамі ў сукупнасці. Але дыягназ гэтым жанчынам амаль ніколі не ставяць.
Небяспека лёгкіх ЧМТ-удараў або скалынанняў галавы пачала абмяркоўвацца ў ЗША на пачатку 2000-х гадоў, калі неўролагі пачалі даследаваць мозг загінулых футбалістаў і іншых былых спартсменаў, а таксама заўважылі ўсплёск траўматычных пашкоджанняў мозгу сярод ветэранаў вайны, якія вярнуліся з Ірака і Афганістана. Толькі апошнія пару гадоў заходнія даследчыкі пачалі звязваць досвед жанчын, якія падвергліся аналагічнаму ці нават больш высокаму ўзроўню цялеснага гвалту, з траўматычнымі пашкоджаннямі мозгу.
У многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, дасведчанасць наконт гэтай тэмы застаецца вельмі нізкай. Многія жанчыны, якія пацярпелі ад фізічнага гвалту, гадамі жывуць з галаўнымі болямі, млоснасцю і праблемамі з памяццю і канцэнтрацыяй. Без належнага лячэння існуе рызыка паўторных траўм, якія могуць мець кумулятыўны вынік. Гэта можа прывесці да хранічнай траўматычнай энцэфалапатыі (або так званай дэменцыі баксёраў), дэпрэсіі, суіцыдальных і неўралагічных захворванняў, падобных да сіндрому Альцгеймера.
Нягледзячы на цяжар траўм, атрыманых Дар'яй, суд прысудзіў агрэсара да штрафу ў 10 базавых адзінак (блізу 80 долараў) за траўмы «сярэдняй ступені».
«На судзе ён пабудаваў сваю абарону на тым, што траўмы спіны — гэта мая віна, — расказвае Дар'я. — Участковы мне тады параіў пацярпець яшчэ два такія разы, каб маглі завесці крымінальную справу. На што я яму адказала: "Вы разумееце, што яшчэ два разы — і ў вас будзе справа аб забойстве?" На што ён мне сказаў: "Ну, што вы нагаворваеце на свайго мужа, ён у вас цалкам адэкватны"».
Успрыманне некаторых агрэсараў «паважнымі» — яшчэ адна праблема, з якой сутыкаюцца жанчыны, калі звяртаюцца па дапамогу. Пра гэта кажуць праваабаронцы арганізацыі «Oliviahelp»:
«У маргінальных сем'ях гвалт часта больш відавочны. Калі хтосьці злоўжывае алкаголем, не працуе і не ўдзельнічае ў выхаванні дзяцей, яго паводзіны становіцца бачнымі і для навакольных, што палягчае яго прыцягненне да адказнасці. Значна складаней, калі партнёр добра зарабляе, мае добры сацыяльны статус, валодае ўладай».
Спецыялісты «Oliviahelp» расказваюць пра метадычнасць і маніпуляцыі некаторых агрэсараў, якія спрабуюць выставіць жанчыну вінаватай або правакуюць на гвалт: «Ён можа яе збіць так, што не застанецца слядоў, і паклапоціцца аб тым, каб яна не звярнулася па дапамогу ў праваахоўныя органы або да псіхолага і лекара. Ён аказвае псіхалагічны ціск, абражае і прыніжае, а затым запісвае на дыктафон або відэа тую частку сітуацыі, калі яна заплаканая і нешта кажа ў адказ на абразы, абараняючыся і знаходзячыся ў такім стане пасля здзейсненага акту агрэсіі. Ён фатаграфуе беспарадак у кватэры і паказвае гэта выхавальнікам, настаўнікам, міліцыянтам. Ён маніпулюе дзецьмі або цісне на ўразлівыя месцы пацярпелай. Такія выпадкі, на жаль, не рэдкасць, і супрацоўнікі органаў могуць стаць на бок агрэсара — бо яго гвалт складана даказаць, ён адбываецца за зачыненымі дзвярыма».
Нягледзячы на забабоны, якія маюцца ў праваахоўных органаў, праваабаронцы заклікаюць звяртацца па дапамогу і адстойваць свае правы. Пацярпелыя ад хатняга гвалту ў Беларусі на сённяшні дзень могуць звярнуцца ў пракуратуру, крызісныя пакоі сацыяльнага абслугоўвання і на анлайн-лініі дапамогі пацярпелым. Тэматычны чат-бот у мэсэнджары Telegram oliviahelp.org дапаможа знайсці неабходную дапамогу і падтрымку ў канкрэтным рэгіёне Беларусі. Юрысты адзначаюць, што важна адразу ж дакументаваць траўмы, і раяць звяртацца па прафесійную дапамогу для карэктнага збору доказаў.
І хоць належнага правасуддзя Дар'і не ўдалося дамагчыся, яна змагла ўзяць сітуацыю пад кантроль. Прайшоўшы доўгі і цяжкі курс лячэння пасля нанесеных ёй траўм, яна развялася з мужам і пачала працаваць з псіхолагам. Яна працягнула займацца любімай справай, пайшла на спевы і паступова навучылася жыць без страху.
«У нейкі момант мне хацелася проста пайсці да ракі і ўтапіцца, — расказвае яна. — Але праз нейкі час псіхатэрапіі я многае пераасэнсавала, гэта дало сілы рухацца далей. А вось маёй маме дагэтуль сорамна прыняць, што яе дачка разведзеная».
Дзеянні мужа таксама сур'ёзна адбіліся на псіхалагічным здароўе дзяцей. Паводле слоў Дар'і, цяпер гэтыя траўмы выходзяць бокам, і прапрацоўваць іх у падлеткавым узросце складана. Абодва дзіцяці таксама займаюцца з псіхолагамі.
«Дзеці тады яго баяліся, у старэйшага былі ў школе нервовыя зрывы, мы ўдваіх хадзілі да псіхолага, — расказвае яна пра апошнія гады сумеснага жыцця з былым мужам. — Падчас судовага разбору абодва дзіцяці праходзілі псіхалагічную дыягностыку, якая паказала, што яны яго баяцца».
Наколькі цяжка дамагчыся пакарання для агрэсараў
Сёння ў Беларусі прыцягнуць агрэсараў да крымінальнай адказнасці ў выпадку хатняга гвалту вельмі складана, кажуць юрысты «Oliviahelp». Пры звароце трэба падаць дастатковыя доказы і правесці ўсе неабходныя экспертызы. Тады праваахоўныя органы ўстанаўліваюць характар і ступень цяжару цялесных пашкоджанняў і ўжо ў залежнасці ад гэтага кваліфікуюць дзеянні агрэсара па артыкуле.
Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае адказнасць за забойства, наўмыснае прычыненне цяжкага, менш цяжкага цялеснага пашкоджання, згвалтаванне і гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару. Калі кваліфікацыя дзеяння не дазваляе прыцягнуць чалавека да крымінальнай адказнасці, то агрэсара можна прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле аб наўмысным прычыненні цялеснага пашкоджання і іншых гвалтоўных дзеяннях альбо аб парушэнні ахоўнага прадпісання, кажуць юрысты.
Аднак існуючая практыка прыцягнення агрэсараў да адказнасці часцей за ўсё абмяжоўваецца адміністрацыйнымі артыкуламі, і прысуды выносяцца па такіх артыкулах, як «дробнае хуліганства», «прычыненне цялеснай шкоды» або «абраза». Сэксуалізаваны гвалт у шлюбе звычайна не ўспрымаецца як гвалт наогул.
Справы па крымінальных артыкулах за хатні гвалт заводзяць часцей за ўсё толькі ў выпадку здзяйснення «сур'ёзных», на думку міліцыі, злачынстваў: цяжкіх цялесных пашкоджанняў або забойства. Аднак тое, што кваліфікуецца як «цяжкае» цялеснае пашкоджанне, таксама залежыць ад супрацоўніка міліцыі. Тым не менш, да дасягнення крытычнай кропкі агрэсарам часта ўдаецца пазбегнуць пакарання. А гісторыя Дар'і паказвае, што нават пры нанясенні сур'ёзных і цяжкіх цялесных пашкоджанняў агрэсар можа ўсё роўна абысціся штрафам — бо не ва ўсіх пацярпелых атрымліваецца своечасова і эфектыўна дакументаваць траўмы, а праваахоўныя органы не заўсёды дапамагаюць тым, хто звярнуўся.
Зразумець рэальную статыстыку хатняга гвалту ў Беларусі немагчыма: афіцыйныя крыніцы не даюць дакладных і рэгулярных звестак. Сустракаюцца толькі рэдкія заявы афіцыйных асоб. Але і яны не ўдакладняюць ні колькі крымінальных спраў было заведзена, ні колькі адміністрацыйных пратаколаў складзена, ні якія меры былі прынятыя.
У адсутнасць НДА, якія раней падавалі альтэрнатыўную статыстыку маштабу хатняга гвалту ў краіне, ацаніць рэальны стан рэчаў у Беларусі стала яшчэ больш складана, чым да 2020 года.
Нядаўняе апытанне, праведзенае онлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту «Oliviahelp.org» і «Chatham House», паказвае, наколькі афіцыйная статыстыка не адлюстроўвае рэальную сітуацыю распаўсюджанасці хатняга гвалту ў краіне. Больш за палову (50,8%) рэспандэнтак не паведамлялі пра выпадкі гвалту, і толькі кожная дзясятая (11,6%) звярталася па медыцынскую дапамогу пасля гвалту, аддаючы перавагу тэлефону даверу і міліцыі.
Адсутнасць няўрадавых прававых арганізацый, недавер да праваахоўных органаў, які абвастрыўся пасля 2020 года, заканадаўчая неабароненасць і віктымблеймінг (абвінавачванне ахвяры) з боку як праваахоўных органаў, так і блізкіх людзей — усё гэта стварае адчуванне безвыходнасці для беларусак, якія сутыкнуліся з гвалтам у сям'і.
Сістэмны прыгнёт
Адзін з галоўных фактараў, які ўтрымлівае пацярпелых ад звароту па дапамогу ў праваахоўныя органы, — гэта працэдура пастаноўкі дзяцей на ўлік як тых, хто знаходзяцца ў «сацыяльна небяспечным становішчы» (СНС) і канфіскацыі дзяцей з сям'і.
«Да гэтай працэдуры вельмі шмат пытанняў з пункту гледжання і правоў пацярпелай, і эфектыўнасці працэсу па прадухіленні рэцыдываў гвалту ў далейшым, — каментуюць спецыялісты «Oliviahelp». — Менавіта гэта часцяком змушае жанчыну трываць хатні гвалт, бо яна баіцца, што не зможа ўтрымліваць дзяцей, што не зможа знайсці жыллё для сябе і дзяцей або што органы апекі наогул паставяць пытанне аб канфіскацыі дзяцей».
Гэта стварае для тых, хто перажыў гвалт, замкнёнае кола, дзе з аднаго боку — пагроза жыццю жанчыны і дзяцей ад агрэсара, а з другога — рэальная магчымасць страціць апеку над дзецьмі.
Праваабаронцы кажуць, што рост партнёрскага гвалту таксама звязаны з нізкім узроўнем прававой пісьменнасці насельніцтва і недастатковай колькасцю рэсурсаў і магчымасцей для аказання дапамогі тым, хто перажыў хатні гвалт. Праваабаронцы таксама паведамляюць, што хатні гвалт мае розныя формы і часцяком пацярпелыя не адразу могуць ідэнтыфікаваць гэтыя сітуацыі як парушэнне іх правоў.
Узровень гвалту расце і ў сувязі з палітычнай сітуацыяй у краіне. Пра значны ўсплёск узроўню хатняга гвалту ў Беларусі пасля 2020 года заявіла Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі і былая кіраўніца ліквідаванага шэлтара для пацярпелых ад хатняга гвалту «Радзіслава».
«Амаль уся статыстыка па тэме схаваная, але, мяркуючы па сведчаннях людзей унутры Беларусі і па матэрыялах у СМІ, карціна хатняга гвалту ў краіне вельмі змянілася. Цяпер гэта і агнястрэльныя раненні, і падпалы жывога чалавека, аблітага бензінам, і шмат іншых жудасных здарэнняў. Не дзіўна, што звесткі пра такія выпадкі не публікуюцца ў афіцыйных крыніцах», — заявіла Гарбунова.
Тэндэнцыя павелічэння цяжару злачынстваў у выпадках хатняга гвалту звязаная з нармалізацыяй гвалту ў грамадстве ў цэлым, якая адбываецца ва ўмовах рэпрэсіўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, кажуць праваабаронцы. З 2020 года масавыя рэпрэсіі, выпадкі турэмнага гвалту і адвольныя затрыманні сталі часткай культуры беспакаранасці, якая ўкаранілася ў інстытутах краіны. Гэта ўплывае і на беспакаранасць агрэсараў у выпадках хатняга гвалту, кажуць спецыялісты «Oliviahelp»:
«Палітычная атмасфера ў краіне пагаршае праблемы, звязаныя з хатнім гвалтам. Пацярпелыя баяцца звяртацца па дапамогу праз страх пераследу. А адсутнасць спецыялізаванага закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту ўзмацняе страх».