Хронікі рэпрэсій. На мяжы «хапун» кіроўцаў, закрыўся часопіс «Дзеяслоў»

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 28 снежня.

hr_logo_1_logo_1.webp

У снежні ў пунктах пропуску на мяжы Беларусі затрымлівалі за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У тым ліку пад увагу сілавікоў патрапілі кіроўцы, паведамляе hrodna.life. Іх судзілі ў судах Воранаўскага і Ашмянскага раёна. Вядома як мінімум аб чатырох такіх пастановах паводле арт.19.11 КаАП («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў») — яны з’явіліся ў банку судовых рашэнняў.

Напрыклад, 15 снежня 2023 года ў судзе Воранаўскага раёна судзілі кіроўцу літоўскай фірмы. З пастановы стала вядома, што ў пункце пропуску «Беняконі» Воранаўскага раёна ў тэлефоне мужчыны знайшлі «экстрэмісцкую інфармацыю» Zerkalo.io ў дадатку ВКонтакте. Мужчына прызнаў віну. Яго аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў) без канфіскацыі тэлефона.

Такое рашэнне вынеслі 6 снежня ў судзе Воранаўскага раёна. Кіроўцу літоўскай фірмы за падпіску на «экстрэмісцкую» суполку УКантакце аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.

Беларуса і бацьку малалетняга дзіцяці судзілі за рэпост «экстрэмісцкага» паста ў асабістай гутарцы сябру ў «Тэлеграме». Паведамленне таксама знайшлі на тэрыторыі пункта пропуску. Пастанову вынеслі 7 снежня ў судзе Воранаўскага раёна — штраф у 20 базавых велічынь (740 рублёў) без канфіскацыі тэлефона.

Яшчэ аднаго кіроўцу літоўскай фірмы 8 снежня судзілі ў судзе Ашмянскага раёна. За падпіску ў Youtube ён заплаціць 25 базавых велічынь (925 рублёў) і аддасць тэлефон. Яе знайшлі падчас праходжання мяжы ў пункце пропуску «Каменны Лог».


Глядзіце таксама

Суд Ганцавіцкага раёна ў пачатку снежня разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да жыхара аграгарадка Люсіна Уладзіміра Рылко. Справа атрымалася незвычайнай.

11 кастрычніка 2023 года ў прыватным доме ў мужчыны прайшоў ператрус. Падчас ператрусу, у дзіцячым пакоі, у шафе, у кнізе аўтара Дэніля Ропса «Ісус і яго час» сілавікі выявілі шэсць старых налепак. На пяці з іх было намалявана чырвонае крыло з надпісам «Свабода», яшчэ на адной — «Пагоня». Менавіта да апошняй і паўсталі прэтэнзіі міліцыі.

Мужчына падчас працэсу растлумачыў, што гэтыя налепкі знаходзіліся ў яго яшчэ з 2005 года, калі іх яму ўкінулі ў паштовую скрыню. Пасля гэтага з імі гулялі нейкі час дзеці, затым яны апынуліся ў кнізе і засталіся забытыя.

Старшыню суда Ганцавіцкага раёна Аксану Зоткіну, якая вяла працэс, такое тлумачэнне не задаволіла. На яе думку, Рылка ўчыніў правапарушэнне паводле ч.2 арт.19.11 КаАП РБ («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Згодна з пастановай, знойдзенай у Рэспубліканскай базе судовых дакументаў, налепка з «Пагоняй» у кнізе пра Ісуса ў шафе прыватнага дома — гэта «захоўванне ў агульнадаступным месцы для неабмежаванага кола асоб у кнізе агульнага доступу самаклейнай налепкі з выявай вершніка на кані з мячом і шчытом у руках, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Па выніках пасяджэння мужчыну прысудзілі 10 сутак арышту.

Нагадаем, герб «Пагоня» з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.


Глядзіце таксама

Жыхара Асіповіцкага раёна затрымалі за каментары аб марадзёрстве «вагнераўцаў». Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына нібыта «вырашыў запусціць фэйк аб тым, што ў Асіповічах вайскоўцы ПВК «Вагнер» марадзёрствуюць, крадуць і ўвогуле трымаюць у страху ўвесь горад».

Паведамляецца, што затрыманаму больш за 60 гадоў.

У Гомелі схапілі праўладнага блогера Максіма Філіповіча, ён, верагодна, трапіў на «суткі».

Праваабаронцам стала вядома, што над ім адбыўся суд паводле арт.19.11 КаАП.

Нагадаем, у 2017 годзе Філіповіч стаў вядомы падчас пратэстаў супраць закону «аб дармаедстве». Але неўзабаве пасля гэтага стаў выступаць з крытыкай пратэсту і дэмакратычных сіл. Падчас расійскага ўварвання ва Украіну блогер падтрымаў Расію.

Палітвязня Ігара Аліневіча ў снежні змяшчалі ў штрафны ізалятар. Прычыны і тэрмін невядомыя.

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, Дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. У знак пратэсту ён трымаў галадоўку.


Глядзіце таксама

У кіраўніка дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь», які дзейнічае ва Украіне, Аляксея Францкевіча па месцы яго жыхарства ў Беларусі прайшоў ператрус. У суседзяў, якія былі запрошаны ў якасці панятых, узята падпіска аб неразгалошванні, паведамляецца ў тэлеграм-канале фонду.

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фарміраванні» — фэйсбук-суполка «Письма Солидарности Беларусь 2020» і платформа «Новая Беларусь». Адпаведныя рашэнні прыняты КДБ 26 снежня.

Асобна пазначаны прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненні да ініцыятыў.

«Письма Солидарности Беларусь 2020»: Касінерава Марына Сяргееўна, Дзяшук Іван Іванавіч, Малец Наталля Альбертаўна, Пагадаева Ірына Анатольеўна;

«Новая Беларусь»: Лібер Павел Іванавіч, Ліхачэўскі Яраслаў Аляксандравіч.

Часопіс «Дзеяслоў» спыняе свой выхад. У апошнім нумары рэдакцыя літаратурна-мастацкага выдання паведаміла чытачам, што прыпыняе працу над праектам.

Больш за 20 гадоў «Дзеяслоў» штомесяц, не зважаючы на розныя праблемы і перашкоды, выходзіў бесперапынна і радаваў аматараў літаратуры новымі творамі сучасных беларускіх і замежных аўтараў. Выйшла 127 нумароў сапраўднай анталогіі беларускай сучаснай літаратуры.

На вялікі жаль, «Дзеяслоў» спыняе свой выхад. Гэта чарговае выданне, якое трапіла ў хвалю знішчаных беларускамоўных часопісаў і газет.