«Прыемна быць у топе лепшых». Жываглод, Дабравольскі і Марыніч — пра завочныя суды над імі
Сёння, 28 снежня, Следчы камітэт Беларусі пачаў спецыяльную вытворчасць паводле артыкула аб «супрацьдзеянні выбарам». Фігурантамі сталі дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, стваральнік платформы «Голас» Павел Лібер, кіраўніца ініцыятывы «Сумленныя людзі» Алена Жываглод і кіраўнік «Malanka Media» Павел Марыніч. «Люстэрка» спытала, што іх звязвае і як яны ацэньваюць тое, што адбываецца.
Павел Марыніч, дырэктар «Зубра», кіраўнік «Malanka Media»:
— Мне вельмі прыемна быць у топе самых выдатных людзей Беларусі. Гэта добрая ацэнка нашай працы па назіранні за выбарамі ў 2020 годзе. Я лічу, што гэта, напэўна, самая мая лепшая праца, якой я вельмі ганаруся. Дзякуючы працы нашай каманды, Паўлу Ліберу, Алене Жываглод і іншым ініцыятывам сёння ніхто ў свеце не лічыць Лукашэнку прэзідэнтам. Нашы даныя да гэтага часу знаходзяцца ў адкрытых крыніцах, імі карыстаюцца ўсе жадаючыя — пачынаючы ад матэматыкаў і заканчваючы АБСЕ.
Алена Жываглод, кампанія «Сумленныя людзі», віцэ-спікер Каардынацыйнай рады:
— Гэта ўжо не першая з'ява, і я здзіўлена хутчэй таму, што яны працягваюць столькі ўвагі звяртаць на маю персону. Марыніч, Лібер, Дабравольскі і Жываглод — гэта прадстаўнікі арганізацый «Голас», «Зубр» і «Сумленныя людзі», якія вялі актыўныя кампаніі на рэферэндуме 2022 года і выбарах 2020-га. Гэта падрыхтоўка да так званых выбараў, якія пройдуць у 2024 годзе ў адзіны дзень галасавання, таму што «Сумленныя людзі» занялі пазіцыю і заклікаюць да актыўнага байкоту. У нас вялікі досвед, гэта ўжо трэцяя наша электаральная кампанія, і думаю, што менавіта праз гэта яны актывізаваліся.
Не магу сказаць, што гэта проста нечаканасць, але цікава. Я настроена на тое, каб не ігнараваць, запытаць тэкст абвінавачвання, буду патрабаваць правядзення судовага працэсу анлайн. Пакуль яшчэ нічога не распачала, але разлічваю не пакідаць гэта ўсё па-за ўвагай.
Аляксандр Дабравольскі, дарадца Святланы Ціханоўскай:
— Я гэта ацэньваю як спробу адпомсціць за тое, што адбылося ў 2020 годзе, за тое, што людзі падняліся, каб не святкаваць перамогу былога прэзідэнта, а для таго, каб сказаць яму «сыходзь!».
Што тычыцца самога гэтага артыкула, то па-дурному казаць, што я камусьці перашкаджаў у ажыццяўленні выбарчых правоў або перашкаджаў працы нейкіх выбарчых камісій. Нічога падобнага не было. Наадварот, мы былі за сумленны падлік галасоў.
Гэта помста з выкарыстаннем службовага становішча, паколькі гэта не ў інтарэсах дзяржавы ці беларускага народа, а ў інтарэсах таго, каб ва ўладзе заставаўся адзін канкрэтны чалавек. Выкарыстоўваюцца інструменты дзяржавы, дарма трацяцца дзяржаўныя грошы, людзі займаюцца глупствам.
Я падазраю, што гэта можа быць звязана з нашай актыўнасцю ў 2022 годзе. Магчыма, яны лічаць, што мы перашкаджалі правядзенню рэферэндуму па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю. У той час я ў рамках працы ў Офісе Святланы Ціханоўскай супрацоўнічаў і з Паўлам Марынічам, і з Паўлам Ліберам, і з Аленай Жываглод.
Павел Лібер («Голас», «Новая
Беларусь») ад каментара адмовіўся, адзначыўшы, што нічога новага ў
абвінавачаннях няма, а радаваць сілавікоў увагай у іх бок яму не хочацца.