Скончылася эпоха. Часопіс «Дзеяслоў» спыніў выхад

Больш за 20 гадоў «Дзеяслоў»  штодвамесяцы, не зважаючы на розныя праблемы і перашкоды, выходзіў бесперапынна і радаваў аматараў літаратуры новымі творамі сучасных беларускіх і замежных аўтараў. Выйшла 127 нумароў сапраўднай анталогіі беларускай сучаснай літаратуры.

dz_3.jpg

Гэта чарговае беларускамоўнае выданне, якое трапіла ў хвалю знішчаных беларускамоўных часопісаў і газет, паведамляе «Радыё Рацыя».  

«Дзеяслоў» быў заснаваны ў 2002 годзе. Нагодай для яго стварэння стаў «рэйдарскі захоп» вядучых літаратурных выданняў краіны. Тады ўлады звольнілі галоўных рэдактараў часопісаў «Полымя», «Маладосць» і «Нёман», а таксама газеты «Літаратура і мастацтва», прызначылі лаяльных сабе кіраўнікоў і ўзялі гэтыя выданні пад свой кантроль.

Тады і быў створаны часопіс «Дзеяслоў». Яго галоўным рэдактарам стаў пісьменнік Барыс Пятровіч. Выданне выходзіла раз на два месяцы. Усяго выйшла 127 нумароў, якія фактычна сталі анталогіяй незалежнай беларускай літаратуры.

Глядзіце таксама

На імпрэзе, прымеркаванай 100 нумару ў 2019 годзе, Барыс Пятровіч распавёў, як 17 гадоў таму, у чэрвені 2002 года, ён з аднадумцамі сабраўся ў мінскай Малінаўцы, у доме на вул. Слабадская, 117, і было вырашана ўтварыць часопіс. Сярод многіх варыянтаў была абрана назва «Дзеяслоў».

Аўтары віншавалі часопіс з юбілеем, апавядалі свае гісторыі, звязаныя з часопісам, казалі пра яго значнасць для культурнай спадчыны Беларусі. Часопіс «Дзеяслоў» параўналі з Літаратурнай акадэміяй. Без яго Саюз беларускіх пісьменнікаў не быў бы тым, чым ёсць сёння. Каб ведаць, чаго вартая твая творчасць, трэба надрукавацца ў «Дзеяслове».

Надалей «Дзеяслоў» спадзяецца захавацца ў фармаце нерэгулярнага альманаха.

Глядзіце таксама

За 20 гадоў у часопісе друкавалася багата аўтараў «Новага Часу». 

Усё наладзіцца.