Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 4 кастрычніка: сілавікі атрымалі «інструкцыі» для рэпрэсій перад выбарамі

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыі пра пераслед у краіне на сённяшні дзень.

hroniki_represij2_8_2.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1422 дні, Дзяніс — 1302

***

У рэгіёнах прайшлі нарады, прысвечаныя прэзідэнцкім выбарам, папярэдне прызначаным на люты 2025 года, паведамілі «Нашай Ніве» крыніцы з двух гарадоў.

Перад сілавікамі пастаўлена задача «прафілактаваць» усіх, хто можа пратэставаць перад выбарамі ці падчас галасавання.

Складзеныя спісы тых, хто падлягае прэвентыўным ператрусам і затрыманням, так званыя «першы і другі спісы».

У «першы спіс» уваходзяць усе тыя, хто раней быў асуджаны па адміністрацыйных або крымінальных артыкулах. У «другі спіс» уключаныя людзі, якія раней не прыцягваліся да адказнасці па палітычных матывах, але лічацца патэнцыйна нелаяльнымі, палітычна актыўнымі.

Візіты да людзей з першага спісу пачнуцца ўжо восенню. Аднак найбольш інтэнсіўныя рэпрэсіі запланаваныя на снежань-студзень — бліжэй да дня галасавання. «Каб ніхто і не піскнуў перад выбарамі», — цытуе прысутны на адной з такіх нарад.

«Калі ў чалавека ў тэлефоне няма падпісак — падпісаць. Калі трэба — прынесці сцяг і сфатаграфаваць у кватэры», — цытуе атрыманыя ўказанні іншы чалавек.

Акрамя таго, перад выбарамі павінна адбыцца «адпрацоўка прадпрыемстваў» — гэта значыць дэманстратыўная праверка тэлефонаў і затрыманні на працоўных месцах.

***

Па памілаванні з бабруйскай калоніі №2 на волю выйшаў 74-гадовы палітвязень са Слоніма Барыс Кучынскі. Пра гэта «Медыязоне» расказалі знаёмыя з сям'ёй палітвязня.

На волю па памілаванні мужчына выйшаў 20 жніўня, але вядома пра гэта стала толькі цяпер.

10 лістапада 2022 года ў судзе Слонімскага раёна Кучынскага асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт.369 Крымінальнага кодэкса) і «незаконныя дзеянні з персанальнымі данымі» (арт.203-1 КК). Прычынай для абвінавачвання стаў «лайк» у «Аднакласніках» пад допісам пра ўчастковага інспектары міліцыі АУС Ваўкавыска Віктару Лутчанку ў пабліку «Гродзенская вобласць. Перамена».

Акрамя таго, Кучынскі павінен выплаціць штраф памерам у 4 800 рублёў, а таксама пакрыць «пацярпеламу» міліцыянту Лутчанку маральныя пакуты ў памеры 5 000 беларускіх рублёў.

Дзяржабвінавачанне тады запытвала для пенсіянера пазбаўленне волі тэрмінам на 2 гады. І пасля суду пракуратура падала апеляцыйную скаргу на прысуд — у выніку ў студзені 2023 года Гродзенскі абласны суд яе задаволіў і прысудзіў Кучынскаму два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

***

КДБ затрымаў жанчыну, якая зняла відэа падзення «Шахеда» у Калінкавічах, піша «Вясна». Таксама у затрыманні ўдзельнічаў САХР. Як паведамляецца ў праўладным ТГ-канале, распаўсюджваючы відэа жанчына нібыта «магла пасеяць паніку сярод насельніцтва». Цяпер ёй пагражаюць крымінальнай справай за «супрацу з экстрэмісцкімі рэсурсамі».

Раней паведамлялася, што ў чатах горада Калінкавічы стала распаўсюджвацца відэа з падзеннем «Шахеда», які заляцеў на тэрыторыю Беларусі.

***

Абвінавачаныя ў справе аб «тэракце» супраць расійскага самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 атрымалі ад 15 да 25 гадоў пазбаўлення волі, тэрмін 25 гадоў прысуджаны завочна, паведамляе «Салідарнасць» са спасылкай на Генпракуратуру Беларусі. Рашэнне прыняў Мінскі гарадскі суд.

— Выканаўцу акта тэрарызму — грамадзяніну Украіны Швецу Н.У. — прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 25 гадоў, іншым саўдзельнікам дадзенага злачынства — ад 15 да 25 гадоў пазбаўлення волі, — гаворыцца ў заяве пракуратуры.

Раней Швеца перадалі Украіне.

Сярод тых, каго судзілі, згадваюцца Аляксандр Азараў, Віталь Якуцік, Міхаіл Дзёмін, Дзяніс Сакалоў, Яўгенія Тачыцкая, Сяргей Лопараў, Максім Лапацін, Алег Сычоў. Канкрэтныя прысуды кожнаму з абвінавачаных (акрамя Швеца) не называюцца.

Пры гэтым Мікалая Швяца, Аляксандра Азарава, Алу Яцута, Віталя Якуціка, Яўгену Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лапарова судзілі завочна.

***

У Лоеве сілавікі затрымалі 29-гадовага мужчыну, які фатаграфаваў месцы дыслакацыі вайскоўцаў і вайсковую тэхніку, паведамляе «Медыязона».

Увагу на мужчыну звярнуў спецназ Міністэрства абароны. Аўтары канала пішуць, што сілавікі падышлі да мужчыны «міла пагутарыць» і выявілі ў тэлефоне беларуса мноства фота і відэа з вайскоўцамі і тэхнікай на мяжы Беларусі, а таксама падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Спецназаўцы перадалі затрыманага мужчыну супрацоўнікам ГУБАЗіКа.

***

61-гадовую беларуску Наталлю Філонаву з Бярозы абвінавацілі ў тым, што напрыканцы 2023 года яна напісала зварот у Следчы камітэт, у якім нібыта абразіла (неназванага) суддзю Вярхоўнага суда.

Паводле інфармацыі «Вясны», жанчыну прызналі вінаватай і прызначылі ёй штраф у памеры 100 базавых велічынь (4000 беларускіх рублёў).

***

Журналісту Ігару Карнею працягнулі знаходжанне ў ПКТ. Паводле крыніц «Свабоды», улетку палітвязня змясцілі ў ПКТ першы раз. Тэрмін пакарання мусіў скончыцца ў жніўні, але цяпер стала вядома, што ў атрад з ПКТ ёг так і не вярнуўся. За што наклалі спагнанне, невядома.

«Ведаем, што да канца студзеня 2025-га ён прабудзе ў ПКТ. Званкі яму забароненыя, пасылку з цёплымі рэчамі не атрымае, адна ўжо вярнулася, бандэроль толькі праз 6 месяцаў. Часам піша лісты», — паведаміла крыніца.

***

Асуджанаму на 20 гадоў калоніі анархісту Сяргею Раманаву дадалі яшчэ 2 гады паводле артыкула аб «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі» (ч.2 арт. 411 КК), піша тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».

Суд над Раманавым прайшоў напрыканцы верасня. Гэта другі суд па артыкуле аб «злосным непадпарадкаванні» ў дачыненні да Раманава. У сакавіку мінулага года суд Ваўкавыскага раёна да 20 гадоў зняволення дадаў яшчэ 11 месяцаў пазбаўлення волі, пасля чаго анархіста перавялі ў ПК №9 горада Горкі.

У снежні 2021 года Раманава судзілі па справе чатырох анархістаў з групы Ігара Аліневіча. Яго абвінавацілі па артыкуле аб «тэрарызме» (ч.2 арт.289 КК) і «незаконным абароце зброі» (чч. 2 і 3 арт.295 КК).

***

Супраць блогера і прадзюсара Аляксандра Чахоўскага пачалі спецвытворчасць. Яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (чч.1 і 2 арт.361-4 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (ч.1 арт.361-1 КК), піша «Медыязона».

Алесь Чахоўскі — прадзюсар і аўтар канала «Алесь Чахоўскі» на ютубе. У чэрвені беларуса завочна прысудзілі да трох месяцаў арышту паводле артыкула аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт.370 КК).

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 611 дзён, Максіма Знака — 605 дзён, Мікалая Статкевіча — 602 дні, Ігара Лосіка — 593 дні, Віктара Бабарыкі — 531 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 461 дзень, Уладзіміра Гундара — 424 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1281 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1400 чалавек. Сярод іх — 178 жанчын і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.