Хронікі рэпрэсій за 3 кастрычніка: палітолага Паротнікава абвінавацілі яшчэ і ў змове з мэтай захопу ўлады
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі апошнія навіны пра пераслед унутры Беларусі — галоўнае, што вядома на сённяшні дзень.

- Стаў вядомы прысуд палітзняволенай Вользе Маёравай
У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля ў сакавіку над Вольгай адбыўся суд паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Ганна Сакалова прызнала жанчыну вінаватай і прызначыла ёй яшчэ паўтара года зняволення ў дадатак да 20 гадоў калоніі. Вольга ўжо адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 24 у Зарэччы.
Нагадаем, Вольга — грамадская актывістка, раней актыўная сяброўка Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Яе затрымалі 4 студзеня 2021 года ў сваім доме па так званай «справе Мікалая Аўтуховіча». Яе прызналі вінаватай па шэрагу крымінальных артыкулаў, у тым ліку — »замах на захоп дзяржаўнай улады» (арт. 357 КК).
Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года асудзіў палітзняволеную да 20 гадоў калоніі і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў). На судзе яна не прызнала віну.
- Аналітыка Андрэя Паротнікава будуць судзіць па пяці крымінальных артыкулах
Андрэй — палітолаг, спецыяліст па праблемах бяспекі. Кіраўнік аналітычнага цэнтру Belarus Security Blog; сябар Рады арганізацыі «Правы альянс» (2010-2011). Быў затрыманы ў сакавіку 2023 года ў Маскве.
Пазней канал АНТ выпусціў фільм, у якім распавялі, што абвінавачваюць Паротнікава у тым, што ён вёў свой блог і збіраў аналітыку па Беларусі, а таксама перапісваўся з калегамі-экспертамі.
Цяпер палітвязня абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356); «змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ўлады» (ч. 1 арт. 357); «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4); «уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1); «перашкода здзяйсненню выбарчых правоў» (ч. 2 арт. 191).
Судовы працэс распачнецца 16 кастрычніка 2024 года ў Мінскім абласным судзе, пасяджэнні будуць закрытыя, заўважыла @nashaniva. Судзіць эксперта будзе Вячаслаў Тулейка.
- Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»
Старонку ў «Х» былога пасла Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага прызналі «экстрэмісцкай». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага суда Мінска 25 верасня.
Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Instagram-аккаўнты «kolesovahudzilina», «animia.masha», старонку ў «Х» «Кацап смажыўся на патэльні».
- Праваабаронцы надалі статус «былы палітвязень» 13 беларусам
Праваабарончая супольнасць Беларусі сёння прыняла заяву, у якой запатрабавала поўную рэабілітацыю 13 чалавек, пазбаўленых волі за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў.
Па розных прычынах гэтыя людзі не мелі статуса палітзняволеных падчас свайго зняволення, але, негледзячы на гэта, праваабаронцы ў заяве надаюць ім статус «былых палітвязняў».
- Пенсіянерку з Бярозы асудзілі за “абразу” суддзі Вярхоўнага суда
У судзе Бярозаўскага раёна 17 верасня асудзілі Наталлю Філонаву паводле арт. 391 (абраза суддзі) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Людміла Рудзіна. Дзяржабвінавачванне падтрымаў пракурор Андрэй Барушка.
Даслала зварот у СК, у якім нібы «абразіла» суддзю Вярхоўнага суда.
- У Мінску распачаўся суд над 63-гадовай пенсіянеркай
Алену Ляснеўскую абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Верагодна, жанчыну вінавацяць у салідарнасці з палітвязнямі. Дакладная дата затрымання жанчыны невядомая.
Судзіць Алену Ціханаўну пачалі 3 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Справу разглядае суддзя Сяргей Кацэр.
Вядома, што жанчыну затрымлівалі ў траўні 2021 года. Тады суддзя Таццяна Мотыль аштрафавала Алену на 50 базавых велічыняў за «несанкцыянаванае пікетаванне».
- Другі месяц у Мінску ідзе суд па «справе Мачулішчаў»
У Мінскім гарадскім судзе з 19 жніўня праходзіць працэс па гучнай справе дыверсіі ў Мачулішчах. Але суд праходзіць у закрытым рэжыме. Дванаццаці чалавекам — большасці завочна — ставяцца ў віну адразу 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289 КК) і «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК).
Іх абвінавачваюць у здзяйсненні дыверсіі ў Мачулішчах у лютым 2023 года, падчас якой быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Валянціна Зянькевіч.
Галоўны фігурант справы і, як сцвярджалі афіцыйныя органы і прапагандысты, выканаўца дыверсіі — Мікалай Швец, быў вызвалены ў чэрвені па абмене з Украінай. Але, негледзячы на гэта, па справе адбываецца суд і яго памагатым у Беларусі пагражаюць вялікія тэрміны зняволення. Завочна судзяць і самога Швеца.
- Блогерку Алену Янушкоўскую праз суд выпісваюць з хаты, прададзенай уладамі ў яе адсутнасць
Хата блогеркі была прададзеная з аўкцыёну чатыры месяцы таму. Сама Алена Янушкоўская на той час ужо некалькі гадоў жыла ў замежжы, пакінуўшы радзіму праз пагрозу крымінальнага пераследу.
Сёлета на адзінае жытло блогеркі — хату ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна — быў накладзены арышт. Прычына — нясплата штрафаў і падаткаў на агульную суму 1436 рублёў 60 капеек, піша БАЖ.
Яе жытло прадалі з аўкцыёну з першага разу, прычым значна даражэй за заяўлены кошт. Да слова, пасля пагашэння штрафаў з продажу хаты мусіла застацца істотная сума грошай, аднак Алена Янушкоўская нічога з яе не атрымала. Цяпер маёмасці ў Беларусі ў Алены не засталося. Новага гаспадара, які выпісвае яе праз суд, жанчына ведае.