Упершыню ў гісторыі беларускі кантэкст будзе разглядацца Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда

Павел Латушка распавёў пра тое, як хутка цягніг з пасажырам Лукашэнка можа дайсці  да Гаагі. 

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. 

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. 

30 верасня ўрад Літвы перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе матэр'ялы, якія тычацца здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Пра гэта паведамляла прэс-служба Аб'яднагага Пераходнага Кабінету. 

Кіраўнік НАУ Павел Латушка ў эфіры Белсат патлумачыў, чаму гэты дзень для беларусаў быў гістарычным. 

«Упершыню ў нашай гісторыі беларускі кантэкст будзе разглядацца Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда», — адзначыў палітык. 

Павел Латушка падкрэсліў, што доказы аб здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі сабраныя менавіта на Аляксандра Лукашэнку, а таксама на «вышэйшых кіраўнікоў — палітычных, вайсковых, праваахоўчых». 

«Мы займаліся гэтым паўтары гады, ад красавіка 2023 года», — кажа спадар Латушка і адзначае, што праца па збору доказаў злачынстваў прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі рабілася «кожны дзень, 24 на 7». 

Палітык патлумачыў, як рыхтавалася перадача матэрыялаў у МКС: 

«Мы падрыхтавалі разам з літоўскім цэнтрам Justice Hub адпаведную справаздачу, і яшчэ ў ліпені 2023 года перадалі яе міністэрствю юстыцыі Літвы. Міністэрства юстыцыі Літвы, супрацоўнічаючы з намі, зрабіла аналіз, таксама запрасіла міжнародных экспертаў, якія пацвердзілі, што мы прапануем абсалютна слушны падыход з юрыдычнага пункту гледжання, якім чынам можна распачаць справу супраць Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе. І ўрад Літвы прыняў рашэнне». 

Глядзіце таксама

Павел Латушка падкрэслівае, што Лукашэнка ніколі не хацеў падпісваць Рымскі статут, каб Беларусь была членам Міжнароднага крымінальнага суда, «бо ён разумеў, што адказнасць прыйдзе, і гэты інструмент можа быць скарыстаны супраць яго». 

«Таму юрыстамі НАУ было знойдзенае рашэнне аб трансгранічнасці злачынстваў — калі частка злачынстваў здзяйсняецца на тэрыторыі краіны, якая з'яўляецца сябрам Міжнароднага крымінальнага суда», — тлумачыць Павел Латушка. 

Палітык заклікаў беларусаў, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі, таксама звяртацца ў Міжнародны крымінальны суд. 

«Лукашэнка хацеў увайсці ў гісторыю як першы прэзідэнт незалежнай Беларусі. І ён выканае сваю мару — ўвойдзе ў гісторыю, але як апошні дыктатар у Еўропе, як міжнародны злачынца, які здзейсніў сотні тысяч злачынстваў супраць беларускага народа. Ён увойдзе ў гісторыю як асоба, якая пацясе адказнасць за гэтыя злачынствы. Пытанне толькі часу, —  лічыць Павел Латушка, — Вярнуць гэтую справу з Міжнароднага крымінальнага суду ўжо не мачыма». 

«Дэмакратыя пераможа ў Беларусі толькі тады, калі наступіць адказнасць. Калі мы не зачынім гэтую скрыню Пандоры, якую адчыніў Лукашэнка — бязпраўя, беззаконня», — кажа кіраўнік НАУ.

Як адзначалася ў паведамленні АПК, беларускія дэмакратычныя сілы заклікаюць краіны-ўдзельніцы Рымскага статута падтрымаць намаганні літоўскага боку і агульнае імкненне ўсіх беларусаў – забяспечыць правасуддзе для соцень тысяч ахвяр і прыцягнуць Лукашэнку і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы, якія ён здзейсніў і працягвае здзяйсняць.