Хронікі рэпрэсій за 13 снежня: сілавікі «чысцяць» TikTok; «купалаўцаў» прызналі «экстрэмістамі»

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.

hroniki_represij2_4_1_1_1_1_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1492 дні, Дзяніс — 1372

***

З 9 па 13 снежня ў беларускіх судах разгледзелі 52 крымінальныя палітычныя справы, у межах якіх судзілі 82 чалавекі, пішуць праваабаронцы «Вясны». Мінімум 12 судовых працэсаў праходзілі ў закрытым рэжыме. Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул — «народны» арт.342 Крымінальнага кодэкса. У межах 23 спраў паводле яго былі асуджаныя 43 чалавекі — палова з усіх асуджаных. За «здраду дзяржаве» на мінулым тыдні судзілі мінімум 9 чалавек. 

Апроч гэтага, было разгледжана 18 апеляцый на прысуды, звязаныя з палітычнымі справамі. Па ўсёй краіне ў палітычных судах прымалі ўдзел як мінімум 45 суддзяў. Алена Шылько з Мінскага гарадскога суда, Сяргей Багінскі з Гомельскага абласнога суда, Міхаіл Макарэвіч з Мінскага гарадскога суда паспелі разгледзець на гэтым тыдні па дзве палітычныя справы.

***

Асуджанаму на тры гады калоніі журналісту Ігару Карнею дадалі яшчэ 8 месяцаў зняволення за «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» (ч.1 арт.411 КК), піша «Радыё Свабода».

Судзіць Карнея пачалі 11 снежня ў судзе Шклоўскага раёна.

Вядома, што асуджанага журналіста некалькі разоў змяшчалі ў ПКТ. Першы раз у ПКТ яго змясцілі летам. Тэрмін ізаляцыі павінен быў скончыцца ў жніўні, але стала вядома, што ў атрад Карней так і не вярнуўся.

«Ведаем, што да канца студзеня 2025-га ён прабудзе ў ПКТ. Званкі яму забароненыя, пасылку з цёплымі рэчамі не атрымае, адна ўжо вярнулася, бандэроль толькі праз 6 месяцаў. Часам пішам лісты», — расказала «РС».

Таксама паведамляецца, што ў журналіста ў ПКТ ёсць 30 хвілін на шпацыр.

Ігару Карнею 1 студзеня споўніцца 57 гадоў. У сакавіку 2024 года яго прысудзілі да трох гадоў калоніі па артыкуле аб «удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні» (ч.3 арт.361-1 КК).

Журналіста затрымалі 17 ліпеня 2023 года пасля ператрусу ў яго кватэры. Спачатку яго арыштавалі на 10 сутак па адміністрацыйным артыкуле, аднак на волю ён не выйшаў.

***

Сілавікі працягваюць шукаць у «TikTok» ролікі, якія іх крыўдзяць. Напярэдадні яны прыйшлі да жыхаркі Смаргоні, якая танчыла ў міліцэйскай форме, піша «Зеркало».

«20-гадовая жыхарка Смаргоні вырашыла падняць свае ахопы ў "TikTok". Паненка не прыдумала нічога лепшага, чым надзець міліцэйскую куртку, фуражку і пад песню пусціцца ў скокі. Не паспеў ролік трапіць на прасторы інтэрнэту, як па гора-ціктокершу прыехалі супрацоўнікі міліцыі. На пытанне, чаму яна была ў форме, ціктокерша адказала, што гэты відос патрэбны быў ёй для папулярнасці ў сацсетцы», — гаворыцца ў паведамленні сілавікоў (стылістыка захаваная).

Дзяўчыне паведамілі, што за нашэнне форменнага адзення са знакамі адрознення асобай, якая не мае на гэта права, пагражае штраф да дваццаці базавых велічынь (да 800 рублёў). Сілавікі адзначылі, што ў дзяўчыны «адміністрацыйка і прыстойны штраф». Які менавіта штраф выпісалі жыхарцы Смаргоні, не паведамляецца.

Апошнім часам міліцыя звярнула сваю пільную ўвагу на «TikTok». Напрыклад, сілавікі прыйшлі да дзяўчыны, якая карміла свайго знаёмага міліцыянта і здымала пра гэта відэа.

***

Следчы камітэт Брэста пачаў «спецыяльную вытворчасць» супраць 9 чалавек. Сярод абвінавачаных — рэстаратар Вадзім Пракоп'еў і добраахвотнік Ціхан Клюкач, паведамляе «Медыязона».

Вадзіма Пракоп'ева абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (ч.2 арт.361-1 КК), «удзеле ў вайне на тэрыторыі замежнай дзяржавы» (ч.2 арт.361-3 КК), «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасц»і (чч.1 і 2 арт.361-4 КК), «падрыхтоўцы для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-5 КК).

Ціхана Клюкача абвінавачваюць у:

  • «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК)
  • «паклёпе» (арт.188 КК)
  • «масавых беспарадках» (ч.3 арт.293 КК)
  • «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (ч.3 арт.361-1 КК)
  • «удзеле ў вайне на тэрыторыі замежнай дзяржавы» (ч.1 арт.361-3 КК)
  • «экстрэмісцкай дзейнасці» (чч.1 і 2 арт.361-4 КК)
  • «падрыхтоўцы для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-5 КК)
  • «паклёпе» ў дачыненні да Лукашэнкі (ч.2 арт.367 КК)
  • «абразе» Лукашэнкі (арт.368 КК)
  • «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК).

Таксама завочна будуць судзіць Аляксея Манчынскага, Рамана Яроменку, Паўла Кахновіча, Яўгена Каранкевіча, Аляксандра Пятроўскага, Яўгена Салахіна, Ягора Іспянькова.

Вадзіма Пракоп'ева раней завочна судзілі. Яго прысудзілі да 25 гадоў калоніі і 37 000 рублёў штрафу. Ціхана Клюкача ў студзені 2021 года прысудзілі да 1,5 гадоў калоніі па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК).

***

Супраць блогера Сяргея Бяспалава распачалі «спецвытворчасць» — яго збіраюцца судзіць завочна, піша «Вясна».

32-гадоваму блогеру інкрымінаваныя ч.3 арт.130 КК («Распальванне варожасці»), арт.188 КК («Паклёп»), ч.1 арт.293 КК («Масавыя беспарадкі»), ч.1 арт.342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч.1 арт.357 КК («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), ч.3 арт.361 КК («Заклікі да санкцый»), ч.1 арт.361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»), ч.2 арт.367 КК («Паклёп» на Лукашэнку), ч.2 арт.368 КК («Абраза» Лукашэнкі), арт.369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Бяспалава запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Следчы камітэт.

***

У Лепелі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП) і «пікетаванне» (ч.1 арт.24.23 КаАП) судзяць мясцовую супрацоўніцу Лепельскага малочна-кансервавага камбіната Жанну Валевіч, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».

У 2023 годзе сям'я Валевічаў адзначала «срэбранае» вяселле. На святкаванне юбілею прыйшлі журналісты з мясцовай «раёнкі». Пазней у СМІ выйшаў артыкул, дзе ўшанаванне «срэбнага» вяселля прымеркавалі да «Дня народнага адзінства».

У чым менавіта абвінавачваюць Валевіч, невядома.

***

У Жлобіне за «распаўсюд экстрэмізму» (ч.2 арт.19.11 КаАП) будуць судзіць вытворцу мэблі ПГУП «Студыя мэблі "Дом-5"», заўважыла «Гомельская Вясна».

Судовы працэс пройдзе 19 снежня ў судзе Жлобінскага раёна. У чым менавіта абвінавачваюць мэблевую студыю, невядома.

Згодна з КаАП, юрыдычнай асобе за «распаўсюд экстрэмізму» пагражае штраф ад 100 да 500 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета або прылад, з дапамогай якіх ажыццяўлялася распаўсюджванне, або без канфіскацыі.

«Студыя мэблі" Дом-5 "» займаецца вытворчасцю і продажам мэблі з Беларусі, Германіі, Польшчы, Малайзіі, Італіі.

***

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 33 чалавекі — цяпер у ім 4766 чалавек, паведамляюць «вясноўцы».

Міністэрства ўнутраных спраў 13 снежня зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага па вяртанні ў Беларусь Максіма Хвашчынскага, асуджаную за салідарнасць Кацярыну Мендрык, 19-гадовага Данііла Гарасіма.

Суд Ленінскага раёна Брэста 12 снежня другі раз прызнаў Instagram-старонку Святланы Ціханоўскай «экстрэмісцкай». 1 чэрвеня 2023 года гэта зрабіў суд Гомельскага раёна.

Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі:

  • старонкі ў «Х»: «Viktoryja Palcys», «Дзед Барадзед»;
  • TikTok-старонкі: «himical_experiment», «_nexta_live»;
  • старонка ў Instagram: «alieh_baradzin»;
  • Facebook-старонка: «Активный Брест»;
  • кнігі: «Боевые награды Третьего Рейха: Иллюстративная энциклопедия» і «Секретные архивы СС. Западный и Восточный фронт».

«Экстрэмісцкім фарміраваннем» прызнаныя «Вольныя Купалаўцы» — гэта аб'яднанне былых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія пакінулі Беларусь пасля пратэстаў 2020 года.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 678 дзён, Мікалая Статкевіча — 675 дзён, Ігара Лосіка — 666 дзён, Віктара Бабарыкі — 604 дні, Сяргея Ціханоўскага — 534 дні, Уладзіміра Гундара — 497 дзён, Аляксандра Арановіча — 192 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваецца 1281 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1402 чалавекі. Сярод іх — 176 жанчын і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.