«Майго сябра няма». Сілавікі ў Гомеля паквапіліся на ровар праваабаронцы Леаніда Судаленкі

Такім чынам карныя органы хочуць атрымаць грошы для рэжыму Лукашэнкі за імі ж самімі прыдуманы штраф.

Фота з сайта "Гомельскай Вясны"

Фота з сайта "Гомельскай Вясны"

12 снежня на месца жыхарства вядомага праваабаронцы, былога пялітвязня Леаніда Судаленкі прыйшлі супрацоўнікі так званага «аддзела прымусовага выканання» — структуры, якая забяспечвае адыманне грошай з людзей, якія ў тым ліку зазналі палітычныя рэпрэсіі ў выглядзе штрафаў. Яны адабралі ў доме Судаленкі ягоны ровар нямецкай вытворчасці, паведамляе «Гомельская Вясна».

17 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе вынеслі «завочны» прысуд Леаніду Судаленку, абвінаваціўшы яго ў «садзейнічанні экстрэмізму». Справу без якога-кольвек удзелу Судаленкі разглядаў у завочным працэсе прызначаны Лукашэнкам на пасаду суддзі Анатоль Сотнікаў, супраць якога пазней Еўрасаюз увёў асабістыя санкцыі за актыўны ўдзел у палітычна матываваных рэпрэсіях беларусаў. Сотнікаў пастанавіў зняволіць Судаленку на пяць гадоў і спагнаць з яго на карысць дзяржапарату Лукашэнкі 26 тысяч рублёў.

Менавіта для таго, каб гэтыя грошы забраць у Судаленкі і ягонай сям’і, карнікі і адабралі ягоны ровар, які падчас ягонага знаходжання ў Беларусі моцна дапамагаў праваабаронцу.

«Байк нямецкага велапрому быў для мяне спадарожнікам і часткай маёй паўсядзённай радасці, а можа быць і простым момантам шчасця. Цяпер майго сябра няма і ў душы застаецца пустата», — так Леанід Судаленка адрэагаваў у сваіх сацсетках на дзяржаўнае рабаванне ягонай маёмасці.

Але ён не мае намеру апускаць рукі на шляху абароны правоў чалавека. Ён лічыць, што «гэта знак рухацца далей па новай дарозе, хоць і без колаў, але з тым жа імкненнем наперад да свабоды, якую немагчыма вось так проста адабраць, бо яна ўнутры кожнага з нас!»


Глядзіце таксама

Нагадаем, на працягу 2020 года Леанід Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу пры абскарджанні пастаноў, вынесеных судом за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, якія адбываюцца ў Гомелі пасля выбараў прэзідэнта.

Быў затрыманы раніцай 18 студзеня 2021 года па дарозе ў офіс у межах крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Яшчэ 5 студзеня ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс «Гомельскай Вясны», адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля ператрусу яго даставілі ў УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама правялі ператрус у яго доме.

3 верасня 2021 г. у судзе Цэнтральнага раёна  Гомеля распачаўся працэс. Суддзя Сяргей Салоўскі вынес пастанову, якой вырашыў праводзіць суд у закрытым пасяджэнні на працягу ўсяго разбіральніцтва. 3 лістапада 2021 Леаніда асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пасля адбыцця тэрміну праваабаронца пакінуў Беларусь.