У Іране завялі крымінальную справу на артыстку, якая спявала без хіджаба. Дзе яна зараз, невядома
Месцазнаходжанне спявачкі Парасту Ахмадзі невядомае пасля яе выступу ў YouTube без хіджаба.
Супраць іранскай спявачкі Парасту Ахмадзі распачатая крымінальная справа за выкананне музыкі ў жывым эфіры без хіджабу. У сераду ўвечары яна выступіла з канцэртам, які трансляваўся ў жывым эфіры ў YouTube. Пасля ў яе дом уварваліся агенты службы бяспекі, дзе яна цяпер, ніхто не ведае.
Улады заявілі, што канцэрт «не меў юрыдычнага дазволу і не адпавядаў прававым і культурным стандартам». Іранскія законы забараняюць жанчынам сольныя спевы і з'яўленне на публіцы без хіджаба, адзначаюць СМІ.
Канцэрт Ахмадзі, які праходзіў без гледачоў, трансляваўся ў прамым эфіры. За 12 гадзін пасля выступу яго паглядзелі 74 тысячы разоў, хоць доступ да YouTube у Іране абмежаваны.
Цяпер праглядаў ужо амаль 1,3 млн.
Перад пачаткам выстпления дзяўчына заявіла: «Я хачу спяваць для людзей, якіх люблю. Гэта права, якое я не магу ігнараваць: спяваць для зямлі, якую я пяшчотна люблю. Тут, у кутку нашага дарагога Ірана, дзе пераплятаюцца гісторыя і легенды, слухайце мой голас».
Пасля распаўсюджвання роліка ў дом Парасту Ахмадзі ўварваліся агенты службы бяспекі, яе выклікалі ў пракуратуру Тэгерана на допыт. Дзе цяпер знаходзіцца Ахмадзі, не вядома. СМІ паведамлялі, што ёй можа пагражаць шматгадовае зняволенне.
Парасту Ахмадзі стала асабліва папулярная, калі ўспыхнуў іранскі рух «Жанчыны, жыццё, свабода», выкліканы забойствам падчас затрымання Махсы Аміні за «няправільнае нашэнне хіджаба». Ахмадзі тады выканала старадаўнюю баладу «З крыві моладзі Радзімы», якая атрымала шырокае распаўсюджванне ў сацыяльных сетках.
На канцэрце, які шарыяцкія іранскія ўлады цяпер ставяць дзяўчыне ў віну, Парасту Ахмадзі таксама выканала кампазіцыі «Пацалуй мяне», «Момант сустрэчы», «Вузкі стан», «Азіз Джун» і «Чэ Сазем», пішуць медыя.
У Іране, акрамя абавязковага нашэння хіджаба жанчынамі, спяваць ім дазволена толькі перад жаночай аўдыторыяй.
Паводле euronews.com.