Леанід Судаленка: «Я не здамся!»

Гомельскі абласны суд 17 чэрвеня ў фармаце спецвытворчасці асудзіў былога палітвязня, юрыста і праваабаронцу Леаніда Судаленку на пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму і штрафу ў памеры 650 базавых велічынь. 

sudalenka_4.jpg

Гэты завочны прысуд не стаў нечаканасцю для Леаніда, ён не збіраецца пакідаць яго без увагі і выкарыстае ўсе магчымыя сродкі прававой абароны як нацыянальныя, так і міжнародныя. Праваабаронца распавядае «Вясне» пра свой завочны суд, спецвытворчаць і парушэнні правоў пад час працэсу, а таксама пра свае далейшыя планы.

“Калі ўлада ўсё жывое і незалежнае называе “экстрэмісцкім”, то гэта праблема самой улады”

Пасля таго, як у мінулым годзе я вызваліўся з турмы, то прыняў асабістае прынцыповае рашэнне: “Не маўчаць”. Не маўчаць, а распавядаць пра тыя ўмовы, у якіх рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае ўсіх палітычных вязняў у Беларусі. Канечне, я разумеў тыя наступствы, якія мяне могуць чакаць. Тым не меней, я лічыў, што мой голас вельмі важны, бо гэта голас выжыўшага сведкі. Бо калі будзем маўчаць пра тое, што зараз адбываецца, то і нашых дзяцей будуць катаваць у турмах. Таму не дзіўна, што літаральна праз тры месяцы пасля майго вызвалення, першага кастрычніка мінулага года, супраць мяне была ўзбуджаная новая крымінальная справа за іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, прычым па абодвух частках.

Падкрэслю, што на тэрыторыі Літвы, дзе я знаходжуся, пасля таго, як праз 11 дзён пасля вызвалення, пакінуў Беларусь, я не здзяйсняў ніякіх крымінальных злачынстваў. Тое, што мне закідаюць у віну, у Літве не з’яўляецца злачынствам. Таму што ўсе сродкі масавай інфармацыі, з якімі я размаўляў, размаўляю і буду размаўляць, а таксама ў іншых краінах Еўразвязу, не з’яўляюцца экстрэмісцкімі.

А тое, што беларускія ўлады ўсё жывое і незалежнае называюць “экстрэмісцкім”, то гэта праблема самой ўлады. На мінулым тыдні я даваў інтэрв’ю прадстаўнікам нямецкага Бундэстагу, і па версіі ўладаў Бундэстаг таксама патрэбна прызнаць “экстрэмісцкім” фармаваннем? А калі я паеду заўтра ў Дзярждэп ЗША і там дам інтэрв’ю?

Таму гэты прысуд быў для мяне чаканы, мяне хвалявалі тыя нерэальныя памеры штрафу, нават у еўрапейскім уяўленні, якія непараўнальныя ў узроўнем жыцця ў Беларусі. Адкуль такія гіганцкія штрафы? Дзеля чаго яны, калі казаць пра прынцыпы разумнасці і справядлівасці? Што тычыцца тэрміну, улічваючы тое, што першая мая судзімасць непагашаная, то я меркаваў, што ён будзе блізкі да максімальнага, разлічваў на шэсць гадоў, а далі пяць. А калі дадаць тыя тры гады, якія я адседзеў, то атрымліваецца восем. Гэта прыкладна тое ж, што прысудзілі астатнім вясноўцам, маю на ўвазе Валянціна Стэфановіча, Алеся Бяляцкага, Уладзю Лабковіча.

“Я не ведаю, за што канкрэтна мяне асудзілі на пяць гадоў строгага рэжыму”

Я зараз вельмі шчыльна займаюся самім працэсам спецвытворчасці, вывучаю гэтае пытанне, а фактычна – рыхтуюся да стратэгічнай цяжбы па гэтай тэме. Я нават у Канстытуцыйны суд зрабіў запыт, каб ён праверыў на адпаведнасць Канстытуцыі працэдуру спецвытворчасці. Тут мне бачацца дзве вялізныя праблемы – артыкул 115 Канстытуцыі кажа пра тое, што правасуддзе ажыццяўляецца на прынцыпах спаборніцтва і роўнасці бакоў. А на самой справе...

Праз рэпрэсіі, якія супраць мяне ажыццяўляліся, я вымушаны быў пакінуць краіну, бо каб я застаўся – то майму здароўю і нават жыццю пагражала б небяспека. Зразумела, што я не мог вярнуцца ў краіну, каб удзельнічаць у судовым працэсе. Тым больш, што ў Беларусі не засталося зараз ніякіх інструментаў прававой абароны. У прыклад прывяду паводзіны майго абаронцы, гэтак званай адвакаткі па спецвытворчасці, які так і не выйшла са мной на сувязь, нягледзячы на тое, што яна чытала мае паведамленні. Я паставіў перад ёй вельмі простае пытанне: “Калі вы будзеце мяне абараняць, то давайце ўзгоднім прававую пазіцыю, а калі не будзеце – то, калі ласка, вазьміце самаадвод”. Але яна не выйшла на сувязь, не адказала. Я тут нават не пра адвакацкую этыку кажу, а зноў жа пра Канстытуцыю, бо я быў пазбаўлены права на абарону ў судовым працэсе. Мне невядомы ніводны працэсуальны дакумент, не ведаю, за што канкрэтна мяне асудзілі на пяць гадоў строгага рэжыму, я ведаю толькі артыкул.

Адвакатка наогул не мела права нешта казаць у судзе: калі яна казала, што Судаленка невінаваты, то яна не ўзгадніла маю пазіцыю, а можа я прызнаю віну? А калі яна казала, што Судаленка вінаваты, тады яна з’яўляецца саўдзельніцай.

Адразу пасля прысуду я накіраваў запыты ў суд па звычайнай пошце, паколькі ў ІТ-краіне, якая злётала ў космас, электронная пошта не працуе. Усе электронныя запыты, якія я рабіў на адрас і Вярхоўнага, і абласнога суда, Мінюста, адваката, усе яны засталіся без увагі. Таму кажу, што ў Беларусі электронная пошта не працуе ў дачыненні да тых грамадзян, якія праз рэпрэсіі былі вымушаныя пакінуць яе. Я спецыяльна не кажу збеглыя, бо яны самі стануць збеглымі тады, калі ў краіну вернецца канстытуцыйная законнасць.  Разам з ёй вярнуся я і буду патрабаваць адказнасці для кожнага з іх. Бо лічу, што супраць мяне групай асоб было здзейснена крымінальнае злачынства шляхам вынясення заведама неправасуднага прыгавору.

“Не трэба баяцца, няхай яны нас баяцца!”

Ужо зараз я патрабую праз звычайную пошту азнаёміцца з прысудам, вось наклею марак, а літоўская пошта паставіць свой вялікі штэмпель. Таксама планую звярнуцца да Генеральнага пракурора з заявай, каб ён узбудзіў па факце здзяйснення супраць мяне злачынства, якое пацягнула цяжкія наступствы, крымінальную справу супраць гэтых людзей – чалавека ў мантыі суддзі, супраць чалавека ў мундзіры пракурора і супраць чалавека ў цывільным, які мае пасведчанне адваката.

Я выкарыстаю ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, падам апеляцыйную скаргу цягам дзесяці дзён, а потым давяду гэтую справу да міжнародных пляцовак і ствару першы прэцэдэнт. Я і так у Гомельскай вобласці першы, хто прайшоў праз спецвытворчасць, я першы з праваабаронцаў, каго затрымалі і хто адседзеў тэрмін ад званка да званка.

Дарэчы, факт сістэматычных парушэнняў маіх грамадзянскіх і палітычных правоў пацвярджаецца практыкай Камітэта ААН па правах чалавека, дзе ў шматлікіх справах яны зафіксаваны. Напрыклад, у справе №1354/2005 (Судаленка супраць Беларусі) устаноўлена прымяненне да мяне забароненай дыскрымінацыі па палітычных матывах, у справах №1750/2008, 2114/2011 устаноўленыя парушэнні права на свабоднае выказванне меркавання, у справе №1992/2010 парушэнне права на мірны сход, у справе 2929/2017 права на неўмяшальніцтва ў асабістае жыццё, у справе №1383/2005 – парушана права на свабоду аб'яднанння (асацыяцыі) з іншымі.., у справе №1992/2010 парушэнне выбарчых правоў.

Камусьці трэба было быць першым і пракладаць лыжню. Я проста перастану паважаць сваю прафесію юрыста, якой прысвяціў амаль усё жыццё, калі я здамся. А натхняюць мяне словы, прамоўленыя маім паплечнікам Алесем Бяляцкім: “Не бойцеся”, цытуючы сказанае Папам Рымскім Янам Паўлам Другім. І я паўтараю за Алесем: “Не трэба баяцца, няхай яны нас баяцца!”