Хронікі рэпрэсій за 19 чэрвеня: 15 новых палітвязняў
Пачаўся разгляд крымінальнай справы двухразовай чэмпіёнкі Беларусі па тэквандо, пісьменніцы і тваравага хірурга Алены Церашковай. З трох фігурантаў «справы Аўтуховіча» спагналі аграмадную кампенсацыю «нанесенага ўрону». Праваабаронцы працягваюць збіраць факты палітычнага пераследу беларусаў.
Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі прызналі палітвязнямі 15 чалавек
У заяве праваабаронцаў наконт прызнання палітвязнямі адзначаецца: «Крымінальныя захады ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных прынятыя з грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага суда і працэсуальных правоў абвінавачаных, у адсутнасць незалежнасці і аб'ектыўнасці суда, ва ўмовах паўсюднага ігнаравання судамі заяў аб парушэннях, ужыванні катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, у адсутнасць сапраўднай спаборнасці бакоў ды бесстаронняй ацэнкі доказаў… Мы лічым, што працэсуальныя меры і судовыя рашэнні прынятыя па палітычных матывах у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Аляксея Навагродскага, Яўгена Гурыновіча, Яўгена Блахінскага, Андрэя Кобеля, Томаша Бярозы, Дзяніса Жалязко, Алены Раманаўскене, Анатоля Кірэйчыка, Артура Радвановіча, Андрэя Шулганава, Эдуарда Кашацяна, Уладзіміра Алісіевіча, Андрэя Валахановіча, Ягора Ібрагімава, Дзмітрыя Кушалевіча».
Судзяць Алену Церашкову, двухразовую чэмпіёнку Беларусі па тэквандо, пісьменніцу і хірурга
У судзе
Цэнтральнага раёна Мінска 19 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы
двухразовай чэмпіёнкі Беларусі па тэквандо, пісьменніцы і тваравага хірурга
Алены Церашковай. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе (ч.
1 арт 342 КК).
Справу разглядае суддзя Юльяна Шчэрба.
Інфармацыя пра затрыманне Церашковай з’явілася 20 траўня. У мінулыя гады яе неаднаразова затрымлівалі і каралі адміністрацыйнымі штрафамі.
Вядома, што Алена — маці чацвярых дзяцей, сястра актывіста і палітвязня Максіма Вінярскага, асуджанага на 5 гадоў пазбаўлення волі.
У Гродне дзвюх дзяўчат асудзілі за «здзек» з дзяржаўнага сцяга
У Гродне вынеслі прысуд дзвюм дзяўчатам,
якіх прызналі вінаватымі паводле арт. 370 (здзек з дзяржсімвалаў). Суд
Ленінскага раёна прызначыў 23-гадовым Дар'і Заяц і Валерыі Драгун па годзе
пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага
рэжыму.
Прысуд агучыла суддзя Алена Пятрова.
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, у красавіку 2024 года дзяўчаты, калі былі нецвярозыя, падпалілі чырвона-зялёны сцяг. Дзеля гэтага яны нібыта выкарыстоўвалі тронак ад швабры з наматанай на яго паперай і запальнічку. Абедзве дзяўчыны прызналі сваю віну.
Суд прайшоў у выязным пасяджэнні на базе юрыдычнага факультэта ГрДУ ім. Я.Купалы.
Суд за чырвона-зялёны сцяг
У Калодзішчах затрымалі мужчыну, які сарваў чырвона-зялёны сцяг з мясцовай крамы
З «палоннага відэа» ад 19 чэреня вядома, што затрыманаму 35 гадоў, ён жыхар Мінскага раёна.
За ўдзел у акцыях пратэсту затрыманы мужчына
Паводле інфармацыі «Медыязоны», затрыманы — Алег Аўгустус. У «палонным відэа» ад 19 чэрвеня сцвярджаецца, што ён нібыта перакрываў рух транспарту, распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы», а таксама пісаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі і прадстаўнікоў улады.
З трох фігурантаў «справы Аўтуховіча» спагналі кампенсацыю «нанесенага ўрону»
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны 25 гадоў пазбаўлення волі, а Павел Сава і Галіна Дзербыш — да 20 гадоў. Паводле версіі следства, у выніку іх дзеянняў былі пашкоджаныя аўто і дом аднаго міліцыянта на агульную суму 35,8 тысячы рублёў, а таксама аўтамабіль другога — на 4,4 тысячы рублёў.
«Пакрыццё шкоды, прычыненай грамадзянам і арганізацыям у выніку акта тэрарызму або правядзення контртэрарыстычнай аперацыі, ажыццяўляецца за кошт бюджэту з наступным спагнаннем сум гэтай кампенсацыі з прычыніцеля шкоды ў парадку, устаноўленым заканадаўствам», — паведамілі ў пракуратуры.
Прызнаныя пацярпелымі сілавікі звярнуліся з патрабаваннямі аб кампенсацыі нанесенай ім шкоды і атрымалі кампенсацыю з бюджэту. У сваю чаргу, пракурор Ваўкавыскага раёна прад'явіў пазовы аб спагнанні з Аўтуховіча, Савы і Дзербыш «сум прычыненага злачынствам урону ў парадку рэгрэсу».
Гэтыя патрабаванні былі цалкам задаволены, рашэнні ўступілі ў сілу.
Кур'ерку «Яндэкс Дастаўкі» затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту
Мяркуючы па «палонным відэа» ад праўладнага тэлеграм-каналу, фотаздымкі з акцыі знайшлі ў яе Google-акаўнце.
Сталі вядомыя імёны сямі затрыманых людзей на металатканым заводзе ў Лідзе
Паводле інфармацыі «Медыязоны», гаворка ідзе пра Ганну Мурашку, Яўгена Ашурка, Арцёма Струкава, Вадзіма Кахновіча, Арцёма Шчэбета, Сяргея Шарапава і Міхаіла Кухарчыка. Імёны яшчэ двух затрыманых невядомыя.
На «палонных відэа» ад 19 чэрвеня яны кажуць, што былі падпісаныя ці рабілі рэпосты з «экстрэмісцкіх» суполак. Паводле якіх артыкулаў іх абвінавачваюць, не ўдакладняецца. Сяргей Шарапаў у відэа сказаў, што з'яўляецца афіцэрам запасу.