Хронікі рэпрэсій за 29 лістапада: ГУБАЗіК пагражае Мелказёраву; каля 19 замежнікаў у Беларусі прызнаныя «агентамі»
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1478 дзён, Дзяніс — 1358.
***
Сілавікі пагражаюць Мікіту Мелказёраву і яго родным, піша «Салідарнасць».
У неафіцыйным тэлеграм-канале ГУБАЗіКа з'явілася паведамленне з пагрозамі на адрас блогера Мікіты Мелказёрава. Сілавікі паабяцалі зладзіць «кватэрнае пытанне» — так цынічна яны называюць разгром кватэр палітэмігрантаў, зняты на відэа. Акрамя таго, беларусу прыгразілі новай крымінальнай справай, па якой будуць праведзеныя ператрусы і допыты сваякоў «з асаблівай прыхільнасцю».
Днём раней прапагандыст Кірыл Казакоў заявіў, што асабіста гатовы расстраляць блогера, заклікаў сяброў публічна ад яго адрачыся, а родных пасарамаціў, «што гэта нарадзілася ў іх».
Падставай для пагроз сілавікоў і прапаганды стала бесстаронняе выказванне пра савецкага партыйнага дзеяча, кіраўніка ЦК Кампартыі БССР Панцеляймона Панамарэнкі — блогер назваў яго «чалавекам, які быў лайном».
***
У Рэчыцы 28 лістапада разглядалі 7 адміністрацыйных спраў за «распаўсюд экстрэмізму», паведаміла «Гомельская Вясна».
Суддзя Станіслаў Іванюценка разглядаў справы паводле ч.2 арт.19.11 КаАП у дачыненні да Васіля Прыймы, Віктара Дземідовіча, Цырэ Прыйма, Ірыны Князевай. Суддзя Юліяна Лунцэвіч за гадзіну разглядзела адразу тры «экстрэмісцкія» справы — у дачыненні да Марыі Бенза, Таццяны Тужык і Наталлі Усціменка.
Цягам восені Рэчыца стала лідарам па колькасці затрыманняў і судоў за «распаўсюд экстрэмізму». На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 100 чалавек, асуджаных паводле ч.2 арт.19.11 КаАП.
***
З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе ў Беларусі за «агентурную дзейнасць» (арт.358-1 Крымінальнага кодэкса) асудзілі 19 замежнікаў, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Пад абвінавачанні ў «агентурнай дзейнасці» трапілі грамадзяне Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Японіі і Германіі. Замежнікаў, якіх ужо асудзілі па гэтым артыкуле, у сукупнасці з астатнімі артыкуламі абвінавачвання, прысудзілі агулам да 135 гадоў пазбаўлення волі.
Юрысты «Вясны» тлумачаць, што, згодна з беларускім заканадаўствам, агентурная дзейнасць — гэта «нявызначанае шырокае кола дзеянняў, якое вызначаецца як "супрацоўніцтва" з нявызначаным шырокім колам замежных або міжнародных суб'ектаў».
— Гэта надзвычай шырокае, шматслоўнае вызначэнне, якое дае прастору для адвольных ацэнак, — канстатуе юрыст «Вясны» Павел Сапелка.
Звычайна суды па абвінавачванні ў «агентурнай дзейнасці» праходзяць у закрытым рэжыме, і ў праваабаронцаў не атрымліваецца даведацца, у чым менавіта абвінавачваюць замежнікаў.
***
ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў адміністратара чата «Беларусы ў Ольштыне», пішуць праваабаронцы.
Паведамляецца, што адміністратар вырашыў «таемна прыехаць» у Беларусь. Праўладныя Telegram-каналы апублікавалі скрыншоты, на якіх відаць, што аватарка ў чаце змененая і ў апісанне дададзена «Наш Ольштын» (на дадзены момант гэтае апісанне ў чаце адсутнічае).
Цяпер у чаце ў чалавека, які адпраўляе паведамленні ад імя адміністратара, адлюстроўваецца чырвона-зялёны смайлік.
Аднак праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што гэта не асноўны чат беларусаў у Ольштыне — чат на скрыншоце даўно не абнаўляўся і меў мала актыўных карыстальнікаў.
***
Вярхоўны суд адмяніў вырак у дачыненні да фігуранта справы «Рудабельскай паказухі» Аляксандра Чахоўскага — яго справу адправілі на перагляд, піша «Вясна».
10 снежня ў Брэсцкім абласным судзе пачнуць разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Чахоўскага. Раней яго судзілі разам з пяццю іншымі фігурантамі справы «Рудабельскай паказухі» — у справе фігуравала ажно 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
У выніку Андрэй Павук быў прысуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі, Вольга Павук — да 8 гадоў пазбаўлення волі, Маргарыта Ляўчук, Ілля Салянкоў і Уладзіслаў Наважылаў — ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандр Чахоўскі быў прысуджаны да 3 месяцаў арышту.
Стала вядома, што Вярхоўны суд адмяніў прысуд у дачыненні да Чахоўскага і адправіў яго справу на перагляд. Працэс будзе ўначальваць суддзя Сяргей Беразюк.
***
Грамадзянцы Грузіі Цырэ Прыйма, якая ўжо больш за 10 гадоў жыве ў Рэчыцы, пагражае дэпартацыяй блізкі да рэчыцкіх сілавікоў тэлеграм-канал «Правакатары Рэчыцы».
Аўтары канала абвінавачваюць Прыйма ў тым, што яна «ў 2020 годзе ўважліва сачыла» за інфармацыйнымі рэсурсамі, якія затым абвясцілі «экстрэмісцкімі», і рабіла рэпосты.
У лістападзе жанчыну двойчы судзілі за «распаўсюд экстрэмізму» (ч.2 арт.19.11 КаАП) — 14 і 27 чысла. Рашэнне судоў застаецца невядомым. Як піша выданне «Флагшток», на наступны дзень пасля апошняга суду жанчына была на волі і абнаўляла свой Instagram.
27 лістапада судзілі і мужа Цырэ — Васіля Прыйму.
Цырэ Прыйма 30 гадоў. «Флагшток» адзначае, што жанчына не раз станавілася гераіняй публікацый у дзяржаўнай прэсе. У 2021 годзе спартыўнымі поспехамі Прыйме захапляўся Рэчыцкі райвыканкам. Апошнія гады яна прадстаўляла Рэчыцу на рэспубліканскім лёгкаатлетычным забегу, Гомельскім паўмарафоне, Міжнародным асіповіцкім марафоне, прысвечаным вызваленню горада ад нацыстаў.
У сям'і Прыймаў двое дзяцей. Праваабаронцы адзначаюць, што, згодна з заканадаўствам, дэпартацыя ўжываецца ў выпадку здзяйснення замежнікам адміністрацыйных правапарушэнняў. Таксама замежны грамадзянін можа быць падвергнуты высылцы «ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян».
***
Гомельскія ідэалогіі правялі «Адзіны дзень інфармавання» ў калектывах прыватных арганізацый, піша «Флагшток».
«Адзіны дзень інфармавання» кожны месяц праходзіць на дзяржаўных прадпрыемствах. Аднак нядаўна чыноўнікі наведалі і прыватную структуру: гомельскае прадпрыемства «Алкопак», якое займаецца вытворчасцю медыцынскіх вырабаў. Туды прыязджаў начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Гомельскага аблвыканкама Сяргей Белы.
Паводле звестак «Флагштока», «палітінфармацыю» ў лістападзе праводзілі і на іншых буйных прыватных прадпрыемствах Гомеля — напрыклад, «Міртэк», «Каштан». Гэтым таксама займаліся чыноўнікі ўзроўню намеснікаў старшыні аблвыканкама.
***
Мастакам Ігару Рымашэўскаму і Людміле Шчамялёвай выстаўленае абвінавачванне паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК), пра гэта піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Пра затрыманне мастакоў стала вядома 27 кастрычніка. Верагодна, яны знаходзяцца ў следчым ізалятары.
Карціны Рымашэўскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у мастацкім фондзе Беларусі, у галерэі «Webkunsthaus» Германіі, у галерэі «Schaer und Wildbolc» Швейцарыі, а таксама ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. Мастак працуе ў галіне жывапісу, прыкладнога і манументальнага мастацтва. Жыве ў Мінску.
Шчамялёва — член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь. Мастачка працуе ў галіне станковага жывапісу, манументальнага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Работы мастачкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, галерэі «Webkunsthaus» Германіі і ў прыватных калекцыях па ўсім свеце
***
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек. Гэта Уладзіслаў Наварыч, Артур Трушкоў, Вадзім Кутасевіч, Аляксандр Нікіцін, Антон Булах, Людміла Шчамялёва, Ігар Рымашэўскі, Станіслаў Дубоўскі, Максім Сандракул, Юрый Лавецкі.
***
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 прозвішчы — цяпер у ім 4714 чалавек.
29 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», піша «Вясна».
Сярод іншых, у спіс дадалі IT-спецыялістку Ксенію Суша, псіхалагіню Жанну Дашкевіч, тынкоўшчыка Андрэя Савіцкага.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 664 дні, Мікалая Статкевіча — 661 дзень, Ігара Лосіка — 652 дні, Віктара Бабарыкі — 590 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 520 дзён, Уладзіміра Гундара — 483 дзень, Аляксандра Арановіча — 178 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваецца 1296 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1406 чалавек. Сярод іх — 179 жанчын і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.