«Сілавікі думаюць, што яны не будуць пакараныя». Праваабаронца — пра новую тактыку рэпрэсій
Перад так званымі «выбарамі» з публічнага поля знікла інфармацыя пра пераслед: прарэжымныя ТГ-каналы не публікуюць «пакаяльныя відэа», а суды не паведамляюць пра «палітычныя» працэсы. Рэжым імітуе спыненне рэпрэсій, але насамрэч нічога не спынілася.
З 30 кастрычніка тэлеграм-канал сілавікоў, дзе публікаваліся так званыя «пакаяльныя відэа», больш не паказвае затрыманых людзей. Праваабаронцы таксама заўважылі, што звестак пра палітычна матываваныя працэсы стала менш у раскладах судоў.
Сілавыя структуры і суды прыкладна пасля 30 кастрычніка замаўчалі пра рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў. У дзяржаўнай прэсе калі і пішуць пра палітычны пераслед, то выключна ў рэчышчы «памілаванняў» і «гуманных крокаў» з боку Лукашэнкі. Тым часам праваабаронцы «Вясны» палічылі, што па некалькіх хвалях «памілаванняў» з 3 ліпеня з калоній выйшлі 178 палітвязняў. За гэты ж перыяд «Вясна» прызнала палітычнымі зняволенымі 223 чалавек, піша «Радыё Свабода».
Зноў судзяць у РАУСах
«Свабодзе» стала вядома, што ў лістападзе ў Гомелі было некалькі хваль затрыманняў. Апошняя адбылася 27 лістапада. Затрымлівалі былых палітвязняў, пенсіянераў, людзей з анкалагічнымі захворваннямі, былых актывістаў недзяржаўных арганізацый, якія спынілі любую сваю дзейнасць яшчэ ў 2020–2021 годзе. Нехта з іх трапіў у ізалятар часовага ўтрымання па арт.19.11 КаАП («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»), некаторыя — у гомельскі СІЗА па падазрэнні ў крымінальным злачынстве. Паводле інфармацыі «Свабоды», некаторымі затрыманымі зацікавіўся КДБ.
Некаторых арыштаваных на пачатку лістапада «на суткі» не выпускаюць пасля адбытага тэрміну. Іх судзяць паўторна і пакідаюць у ізалятарах.
«Раней былі выпадкі, калі міліцыянты, не знайшоўшы "экстрэмізму" ў тэлефоне, самі падпісвалі чалавека на які-небудзь канал і з такімі "доказамі", скрыншотам падпіскі ішлі ў суд. Цяпер жа быў выпадак, калі міліцыянт нават не даваў у судзе аніякіх доказаў, нават скрыншоту. Проста вусна засведчыў, што нешта там забароненае бачыў у тэлефоне затрыманага», — расказаў «Свабодзе» чалавек, які быў затрыманы ў лістападзе.
Затрыманых у Гомелі зноў пачалі судзіць у будынках РАУС, іх не возяць у суды. Пра гэта расказалі «Свабодзе» нядаўна асуджаныя.
«Прывезлі адразу чалавек пятнаццаць у РАУС і "прапусцілі" праз судовы канвеер. "Палітычным" — "суткі", алкаголікам — штрафы ці мінімальныя 5 сутак», — кажа адзін з суразмоўцаў.
Як заўважыла «Свабода», мясцовы гомельскі рэгіянальны тэлеграм-канал, звязаны з ГУБАЗіКам, а таксама агульнарэспубліканскі перасталі выкладваць так званыя «пакаяльныя відэа». Апошні падобны ролік быў апублікаваны 30 кастрычніка. Да таго іх публікавалі некалькі разоў на тыдзень.
«Свабодзе» вядомыя як мінімум 6 выпадкаў, калі людзей затрымалі і асудзілі на «суткі», але іх прозвішчы не з'яўляліся ў раскладзе судоў.
«Можна падумаць, што рэпрэсіі спыніліся. Але гэта не так! Калі ў мяне аднаго за адзін дзень схапілі сябра, сына суседа і гэтак далей, пра якое спыненне рэпрэсій можна гаварыць?» — дадаў суразмоўца «Свабоды».
«Мы ведаем, што адбываецца ў рэгіёнах»
Праваабаронца Алена Маслюкова пацвярджае, што сапраўды на канале сілавікоў каля месяца не з'яўляюцца так званыя «пакаяльныя відэа». Але, паводле слоў праваабаронцы, гэта не можа сведчыць пра спыненне рэпрэсій.
«Рэпрэсіўная машына не спыняецца і бярэ аднекуль рэсурсы, імкнецца "зачысціць" нават тое, што не падлягае разуменню», — кажа Маслюкова.
Праваабаронца пацвярджае, што ў раскладзе судоў практычна няма пасяджэнняў па справах аб «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў».
«Тым не менш, ім не ўдасца схаваць свае злачынствы. Мы, праваабаронцы, ведаем, што адбываецца як у рэгіёнах, так і па Беларусі. Мы цяпер працуем, як медыкі, у рэжыме "не нашкодзь". Таму таксама шмат якую інфармацыю не робім публічнай, каб не нашкодзіць людзям», — патлумачыла Алена Маслюкова.
На думку праваабаронцы, тактыку схаваных рэпрэсій улада прыняла ў сувязі з выбарчай кампаніяй.
«Рэпрэсіі звязаныя з запалохваннем людзей, каб развесці грамадства па розных пакоях, кутках, каб людзі баяліся патэлефанаваць адно аднаму, зрабіць грашовы перавод, дапамагчы іншаму. Хаваюць рэпрэсіі, каб напярэдадні выбараў "не бударажыць народ"», — кажа суразмоўца.
«Сілавікі не глядзяць, хто перад імі: старыя, хворыя, шматдзетныя бацькі. Ім важна зрабіць план, атрымаць прэміі і зорачкі на пагоны. Гэта людзі, якія фактычна пазбаўленыя разумення, што ёсць закон, ёсць чалавечае сумленне. Яны думаюць, што пра іх злачынствы ніхто не ведае, што яны не будуць пакараныя», — падсумавала праваабаронца.