Хронікі рэпрэсій за 3 студзеня. На дзяржаўныя прадпрыемствы прыйшлі новыя спісы ад КДБ
Дзякуючы праваабаронцам і нашым калегам сабралі галоўнае пра палітвязняў і рэпрэсіі за дзень.
Як стала вядома «Нашай Ніве», у дзяржаўныя прадпрыемствы, у тым ліку ўстановы адукацыі і аховы здароўя, за пару дзён да Новага года прыйшлі новыя «чорныя» спісы супрацоўнікаў, падрыхтаваныя органамі дзяржбяспекі. Ад кіраўніцтва арганізацый патрабуецца звальняць людзей на падставе ўдзелу ў акцыях пратэсту, данатаў, каментароў і іншых формаў выказвання нязгоды з лукашэнкаўскай уладай ці салідарнасці з дэмакратычным рухам.
Такіх рассылак было ўжо некалькі, усе яны прыводзілі да масавых звальненняў у арганізацыях, падпарадкаваных дзяржаве. Застацца на дзяржаўнай рабоце можна толькі ў выпадку матываванай пратэкцыі з боку кіраўніцтва, будучы, напрыклад, незаменным спецыялістам.
Па словах тых, хто бачыў спісы, КДБ удасканаліла свой алгарытм вылічэння людзей па мабільных сотах. Раней сістэма выдавала памылкі, і ў спісы часцяком уключаліся тыя, хто жыў у раёне правядзення акцый 2020 года або быў выпадковым мінаком.
Цяпер жа тыя абаненты, якія «трапіліся» на адной акцыі, праганяюцца праз базы абанентаў акцый у іншыя дні, што павышае дакладнасць вызначэння.
Таксама ў спісы трапляюць людзі, якія пісалі каментары ў пратэсных чатах або ў тэлеграм-каналах.
Яшчэ адна нагода — устаноўка пераводу грошай у фонды падтрымкі пацярпелых або ў бок дэмакратычных арганізацый. У такім выпадку чалавека таксама звальняюць, але пасля выплаты па мультыплікатары (да стократнага) у бюджэт.
Ацаніць хаця б прыкладную колькасць людзей у новай хвалі спісаў немагчыма.
*****
У Беларусі заблакавалі сайт «Першы Пінскі»
3 студзеня прыкладна ў 18:30 перастаў адкрывацца карыстальнікам з тэрыторыі Беларусі рэгіянальны інфармацыйны сайт «Першы Пінскі», які зранку яшчэ быў дасяжны чытачам. Як стала вядома БАЖ, адпаведны загад на блакіроўку інтэрнэт-рэсурсу даў міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў.
Раней інфармацыйная прадукцыя сайта «Першы Пінскі» была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі» рашэннем суда Пінскага раёна і горада Пінска ад 21 снежня 2023 года.
Са пасылкай на згаданае судовае рашэнне міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў 29 снежня 2023 года падпісаў патрабаванне абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу з ідэнтыфікатарам www.1pinsk.by.
*****
Супрацоўнік ДАІ з Ліды атрымаў 1 500 рублёў маральнай кампенсацыі ад палітвязня
Супрацоўнік ДАІ Нехведовіч Павел Іванавіч падаў пазоў да палітвязня Камароўскага Аляксея Ігаравіча. Пасяджэнне аб кампенсацыі маральнай шкоды па справах аб абароне гонару і годнасці пачалося 12 кастрычніка 2023 года ў судзе Лідскага раёна.
Палітвязня раней асудзілі паводле арт. 364 КК "Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" і арт. 365 КК "Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў".
Суддзя Бальцэвіч Алена задаволіла пазоў Нехведовіча і запатрабавала спагнаць з Камароўскага Аляксея 1500 рублёў кампенсацыі і дзяржпошліну ў даход дзяржавы 111 рублёў, паведамляе Telegram-канал "Суды, затрыманні. Гродна і вобласць".
*****
Беларуса, які прыехаў з Германіі наведаць бацькоў, не выпусцілі на волю пасля 15 сутак арышту
У Магілёве напярэдадні Новага года пасля 15 сутак арышту на волю не выйшаў Уладзіслаў Петрачкоў. 28 снежня ён быў паўторна асуджаны па артыкуле 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі»).
Вядома, што Уладзіслаў у лістападзе вярнуўся на радзіму з Германіі, дзе працуе ўжо некалькі гадоў, каб наведаць бацькоў. Прыкладна праз месяц да яго наведаліся міліцыянты і склалі пратакол за каментары ў інтэрнэце, піша @MAYDAYMog.
12 снежня Петрачкову прызначылі 15 сутак па артыкуле 19.11 КаАП. Пакуль ён знаходзіўся пад арыштам, міліцыя склала на яго новы пратакол за чарговую порцыю каментароў.
*****
ГУБАЗіК затрымаў адміністратарку закрытага тэлеграм-чата «ДС Грушевский квартал»
У гэтым тэлеграм-чаце абмяркоўваліся бытавыя пытанні, аднак некаторыя яго ўдзельнікі, як сцвярджаецца, «пісалі пратэсную інфармацыю».
Паведамляецца, што затрыманая жанчына працуе ў агенцтве нерухомасці.
*****
Чыгуначніка асудзілі за абразу Лукашэнкі
Суд над палітвязнем чыгуначнікам Максімам Крондам адбыўся яшчэ ў снежні, аднак пра яго вынікі праваабаронцам стала вядома толькі цяпер. Як паведамляе «Вясна», суд Маскоўскага раёна Берасця прысудзіў мужчыну да аднаго года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі на ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд вынесла суддзя Марына Скалковіч.
Паводле матэрыялаў абвінавач«»«»«»ання, Максім Кронда 18 верасня 2021 года ў Telegram размясціў у «Чат Элехтарата», на які быў падпісаны, паведамленне «з абразлівым выказваннем на адрас Лукашэнкі».
Як палічыла следства, зрабіў ён гэта, «усведамляючы, што з гэтым паведамленнем азнаёмяцца іншыя людзі, і гэта прыніжае гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы».
Пры аглядзе мабільнага тэлефона таксама ўстаноўлена, што Кронда «быў падпісаны на шэраг дэструктыўных тэлеграм-каналаў».
Кронду затрымалі 11 верасня 2023 года. Да суда ён знаходзіўся ў СІЗА № 7 Брэста. Вядома, што Максіма асудзілі непасрэдна ў СІЗА.
*****
Гомельская жаночая калонія №4 стала першай па колькасці палітзняволеных. Па звестках @visnahomel, тут утрымліваюць 123 жанчыны, асуджаныя па палітычных матывах.
На другім месцы ў гэтым сумным рэйтынгу магілёўская калонія 315 са 120 зняволенымі, на трэцім — калонія ў Віцьбе, дзе цяпер знаходзяцца 113 палітвязняў.
*****
Евангельскага пастара з Хойніцкага раёна пасадзілі на 10 сутак
Як стала вядома з пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, у пачатку снежня мінулага года пастар царквы хрысціян веры евангельскай у вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна Алег Лойка быў арыштаваны, піша «Хрысціянская візія».
Пастара судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») за падпіскі ў фэйсбуку на старонкі СМІ, уключаныя ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У выніку Алег Лойка быў арыштаваны на 10 сутак, а ягоны планшэт быў канфіскаваны.
Алег Лойка шмат гадоў займаецца рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасцю ў рамках місіі «Вяртанне». Дзякуючы яго дзейнасці сотні чалавек вярнуліся да нармальнага жыцця. Пра яго раней з захапленнем пісалі дзяржСМІ, а цяпер пастар трапіў пад каток рэпрэсій рэжыму.
*****
Ад «сутак» да прастрэленых каленяў: як пераследуюць беларусаў за антываенную пазіцыю
Па стане на 3 студзеня ў Беларусі налічваецца 13 асуджаных за дыверсіі на чыгунцы агулам на 199,5 гадоў няволі. За перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ асуджаныя не меней за 35 асобаў, за намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя 14 чалавек.
Не меней за 40 асобаў зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі, данаты беларускім добраахвотнікам і падтрымку Украіны.
У нашай краіне да гэтага часу пераследуюць за адкрытую падтрымку Украіны і падвяргаюць адміністрацыйнаму арышту. Агулам за праяву антываеннай пазіцыі затрымлівалі не меней за 1645 беларусаў і беларусак. З іх 82 асобы асуджаныя паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.