Хронікі рэпрэсій. У БДУ за БЧБ-манікюр схапілі лабарантак, у Жлобіне кінулі за краты чыноўніка

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 4 студзеня.

hr_logo_1_logo_1.webp

Рэпрэсіі не абышлі бокам факультэт, дзе вучыцца Мікалай Лукашэнка. «Нашай Ніве» стала вядома пра затрыманні на біяфаку БДУ, якія адбыліся некалькі тыдняў таму.

Гэтыя затрыманні адбыліся на кафедры батанікі проста падчас працоўнага дня. Пацярпелі дзве лабаранткі.

На руках у адной з іх пабачылі бел-чырвона-белы манікюр, другая ж мела на працоўным стале цацку з БЧБ-крыламі і ўкраінскі сцяг. Выглядае, што нехта данёс на жанчын і іх затрыманне невыпадковае.

Адна з лабарантак адбыла тэрмін у 15 сутак і выйшла на волю. Што з другой жанчынай і дзе яна знаходзіцца, пакуль невядома.

У Жлобіне за «падпіскі» затрымалі начальніка аддзела спорту і турызму райвыканкама Яўгена Ахрэменку.

Як паведамляе «Вольны Жлобін», затрымалі чыноўніка, папярэдне, на мінулым тыдні, з 26 па 29 снежня. Пазней яму прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Флагшток» патэлефанаваў у райвыканкам, каб спытаць, калі Ахрэменка вернецца да працы. Там журналістам адказалі, што «яго няма і не будзе ўжо, ён не працуе з новага года». Аднак інфармацыя аб ім усё яшчэ не выдалена з сайта райвыканкама.


Глядзіце таксама

18 снежня 2023 года суд Фрунзенскага раёна Мінска агучыў прысуд кладаўшчыку Паўлу Кастрыкіну. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» — абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Яго асудзілі за ўдзел у адным з Маршаў у 2020 годзе.

Прысуд агучыла суддзя Ала Скуратовіч. Да прысуду Павел знаходзіўся пад вартай, яго вызвалілі ў зале суда.

5 снежня 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены прысуд прыбіральшчыцы Наталлі Баулінай.

Яе прызналі вінаватай паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу і асудзілі да 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі»). Таксама яна мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). Прысуд агучыла суддзя Марына Клімчук.

Бауліну судзілі за каментар у тэлеграм-канале «Беларусь за МКАДом» ад 1 верасня, у якім яна нібыта абразіла намесніка генпракурора Беларусі Сяргея Хмарука. Менш чым праз месяц яе затрымалі: вядома, што Наталля ўтрымлівалася пад вартай з 30 верасня 2023 года. Пасля абвяшчэння прысуду яе вызвалілі ў зале суда.


Глядзіце таксама

У Гродне затрымалі аператара «Гранітэкса» Максіма Коршака. Як паведамляе тэлеграм-канал «Гродна, затрыманні. Суды і вобласць», на відэа затрыманы «прызнаецца» ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога» і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Затрымалі грамадзянку Украіны 54-гадовую Аксану Вальвачову. Яе прымусілі прызнацца ў напісанні «абразлівых каментароў» пра прадстаўнікоў улады і ў падтрымку Украіны, а таксама ва ўдзеле ў акцыях пратэсту.


Глядзіце таксама

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела ў апеляцыйным парадку скаргі палітзняволенага IT-спецыяліста з Брэста Леаніда Райчонка і яго абаронцы на прысуд Брэсцкага абласнога суда.

Нагадаем, у кастрычніку Леаніда асудзілі на 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам ва Украіне паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса.

Апеляцыйным вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда прысуд суда першай інстанцыі пакінуты без зменаў, а апеляцыйныя скаргі — без задавальнення.