Хронікі рэпрэсій за 6 снежня: за апошнія 4 дні ў Беларусі за «палітыку» судзілі 70 чалавек
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1485 дзён, Дзяніс — 1365.
***
З 2 па 6 снежня ў беларускіх судах разглядалі 66 крымінальных палітычных спраў, у рамках якіх судзілі 70 чалавек, паведамляе «Вясна».
Мінімум дзесяць судовых працэсаў праходзіла ў закрытым рэжыме. У палітычных судах у згаданы перыяд бралі ўдзел мінімум 54 суддзі.
Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул — «народны» арт.342 Крымінальнага кодэкса. Па ім судзілі 24 чалавекі. За «здраду дзяржаве» на гэтым тыдні судзілі мінімум пяць чалавек. Усяго па дыфамацыйных артыкулах асуджаныя 43 чалавекі.
***
У дачыненні да кіраўніка «BYSOL» Андрэя Стрыжака пачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна.
Як піша «Вясна», Стрыжаку інкрымінавана 15 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, уключаючы «прапаганду тэрарызму» і «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці». Сілавікі «запрашаюць» праваабаронцу вярнуцца ў Беларусь і наведаць Следчы камітэт.
Таксама спецвытворчасць распачатая ў дачыненні да заснавальніка «BY_help» Аляксея Лявончыка. І таксама — цэлы шэраг артыкулаў.
***
21-гадовую жыхарку Баранавічаў Ганну Курыс абвінавачваюць у «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт.369-1 КК), «абразе Аляксандра Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК) і «здзеку з дзяржсімвалаў» (арт.370 КК), паведамляе «Наша Ніва».
Пачатак працэсу над дзяўчынай прызначаны на 9 снежня ў Брэсцкім абласным судзе.
У ліпені 2023 года Ганну Курыс арыштоўвалі па артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП).
***
Журналіста Андрэя Толчына, вызваленага па памілаванні, судзілі па артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», пра гэта піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Справу Андрэя Толчына разглядаў суд Савецкага раёна Гомеля. Рашэнне суду невядомае, праваабаронцы мяркуюць, што журналісту маглі прысудзіць адміністрацыйны арышт.
Андрэй Толчын быў прысуджаны да 2,5 гадоў калоніі па артыкулах аб «паклёпе на Лукашэнку» (арт.367 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 КК) і выйшаў на волю па памілаванні ў верасні 2024 года.
***
Ютуб-канал «Часики тикают» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», на яго падпісаныя больш за пяць тысяч чалавек, абнаўленне ў «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» заўважыў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Акрамя таго, спіс папоўнілі:
- акаўнты ў «Х» («Твітар»): выдання «Позірк», «Zabka» і «vlad is love»;
- Фэйсбук-акаўнты: «Беглы ва Украіну», «Супольнасць беларусаў свету "Бацькаўшчына"», «Парламенцкая Беларусь»;
- Тэлеграм-каналы: «+ Мемний ∆віж| | ХохолТг», «OsintFlow»;
- TikTok-акаўнты: «Зеркало | подробно», «Зеркало регионы», «Зеркало / судебные», «alena_mar6», «Зеркало и регионы», «myzha_info», «racyjabelarus»;
- сайт: budzma.org.
Нагадаем таксама, што 2 і 3 снежня ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі:
- Instagram-акаўнт «belarus.pro» і яго лагатып у выглядзе надпісу «БЕЛАРУСЬ» белага колеру на чорным фоне і надпіс «PRO» белага колеру на чырвоным фоне;
- Instagram-акаўнт «alana.g.t» актывісткі Аланы Гебрэмарыям;
- Telegram-канал «UKRAINIAN MILITANT»;
- акаўнты ў TikTok «centrbelaruscom» і «autapolk».
***
17 снежня ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачнецца суд над Аляксандрам Рандарэнкам, якога абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» (ч.1 арт. 30-1 КК) і «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК). Яму пагражае 5 гадоў зняволення, піша «Свабода».
Аляксандра Рандарэнку і яго сябра Дзяніса С. затрымалі ў красавіку 2024 года падчас онлайн-стрыму з правакатарам, дзе маладыя людзі, якія былі нападпітку і сказалі, што «святкуюць» тэракт у «Крокус Сіці Холе».
Паводле праваабаронцаў, Рандарэнку падчас затрымання моцна збілі, пазней ён і яго сябар былі пакараныя адміністрацыйным арыштам.
Да затрымання Аляксандар Рандарэнка працаваў у Віцебску доктарам. Мяркуецца, ён — сваяк былога галоўнага акушэра Віцебска Ігара Рандарэнкі, які памёр у 2018 годзе.
Аляксандар Рандарэнка адбыў на «сутках» ажно 75 дзён, але так і не выйшаў на волю. Падчас вобшуку сілавікі знайшлі на стале ў маладога лекара ўкраінскі вымпел, а таксама згадалі яму вокліч «Слава Украіне!» падчас трансляцыі ў чат-рулетцы і завялі на яго крымінальную справу.
Судзіць лекара будзе суддзя Яўген Буруноў.
***
З другой паловы кастрычніка ў Гродне праходзіла хваля затрыманняў і ператрусаў. Увага сілавікоў была скіраваная як на асоб, якія працавалі ў медыя, так і на звычайных гараджан, якія паспелі засвяціцца ў 2020–2021 гадах, піша «Белсат» са спасылкай на «Нашу Ніву». Ператрусамі займаўся КДБ. Да людзей прыходзілі нібыта таму, што яны — сведкі па справах аб «захопе ўлады» і «здрадзе дзяржаве».
Вядома пра выпадкі, калі пасля затрымання спатрэбілася медыцынская дапамога.
Напрыканцы кастрычніка затрымалі ўласніка мясцовага гарадскога партала «S13.ru» Сяргей Чабоцьку. Яго тройчы асудзілі на 15 ссутак адміністрацыйнага арышту, мужчына дагэтуль застаецца за кратамі.
Па «справе S13» праходзіў яшчэ адзін чалавек, які раней меў дачыненне да сайта. Яго затрымлівалі, аднак цяпер ён на волі. Яго імя, як і імёны шматлікіх іншых затрыманых і тых, да каго прыйшлі з ператрусамі, не называюцца.
Ператрусы прайшлі ў тых, хто раней прыцягваўся за ўдзел у акцыях пратэсту і застаецца ў Беларусі.
Асобы, знаёмыя з сітуацыяй, думаюць, што сілавікі наўмысна ствараюць такія напружаныя ўмовы жыцця тым, у кім бачаць пагрозу, каб прымусіць да ад’езду. І ў некаторых выпадках гэта атрымліваецца: паводле крыніцы «Нашай Нівы», за апошнія два тыдні пасля чарговай хвалі рэпрэсій з Гродна вымушаныя былі з'ехаць мінімум 10 асоб.
«Маштабы рэпрэсій новай хвалі жахлівыя, але праз тое, што ўсе вельмі запужаныя, інфармацыя амаль не даходзіць да журналістаў і праваабаронцаў. Нават калі чалавек ужо выехаў за мяжу і ў бяспецы, ён не заўжды публічыць, што з ім адбывалася і што ён ужо з'ехаў», — кажа крыніца.
Набірае папулярнасць практыка, калі сем'і ставяць на ўлік як тыя, што ў сацыяльна небяспечным становішчы. Чалавек, знаёмы з сітуацыяй у Гродне, кажа, што за апошні час такіх выпадкаў было як мінімум восем.
У затрыманых супрацоўнікі КДБ распытваюць пра тых, хто даўно з’ехаў з Беларусі.
«Яны там ні пра каго не забыліся. Гэта тое, што трэба разумець тым, хто можа пачаць падумаць, што калі па адрасе іх ніхто не шукае, то нікому яны не патрэбныя», — расказвае крыніца.
У сацсетках затрыманых і выкліканых на гутаркі цяпер шукаюць не толькі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы, але і сяброў, унесеных у спіс «экстрэмістаў» і ўвогуле «нядобранадзейных». Калі такіх знаходзяць, то задаюць пра іх пытанні.
***
У «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» дадалі яшчэ 19 чалавек. Сярод іх — грамадзяне РФ Аляксей Сілянкоў, Ірына Серынкова і Эдуард Кашацян, піша reform.news.
На сёння ў спісе — 4733 чалавекі.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 671 дзень, Мікалая Статкевіча — 668 дзён, Ігара Лосіка — 659 дзён, Віктара Бабарыкі — 597 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 527 дзён, Уладзіміра Гундара — 490 дзён, Аляксандра Арановіча — 185 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваецца 1288 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1402 чалавекі. Сярод іх — 176 жанчын і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.