Хронікі рэпрэсій за 5 снежня: Новыя «тэрарысты» і другі суд за «Кадравы рэзерв для новай Беларусі»

Сістэматычная палітыка рэпрэсій у Беларусі працягваецца: колькасць зафіксаваных выпадкаў рэпрэсій у  лістападзе  амаль удвая перавысіла паказчыкі кастрычніка. Пры дапамозе праваабаронцаў і незалежных СМІ мы сабралі  галоўныя навіны палітычнага пераследу за сённяшні дзень. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp

У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ дзевяць беларусаў і двух украінцаў

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1206 чалавек, з іх 512 — беларусы.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы 11 чалавек.

Сярод іх Аляксей Рамасюк, Андрэй Зуеў, Віктар Калаур, Уладзімір Махнач, Вілен Тургунаў, Валеры Водзін, Дзмітрый Цімашкоў, Віктар Саўчыц, Алег Вярцінскі, а таксама ўкраінцы Сяргей і Павел Кабарчукі.

Распачынаецца другі суд па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі»

Мінскі гарадскі суд 5 снежня пачаў разглядаць справу Аляксандра Куксы. Яго затрымалі ў лютым гэтага года падчас рэйду па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі». 26 лютага з ім апублікавалі «палоннае відэа».

Цяпер яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу будзе разглядаць Жанна Брысіна.

Нагадаем, 14 лютага Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць прадстаўнікоў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі», абвешчанай Аб'яднаным пераходным Кабінетам.

У жніўні па гэтай справе асудзілі супрацоўніка райвыканкаму Аляксеея Кісялёва.

У лістападзе зафіксавана 671 выпадак рэпрэсій у Беларусі

Праваабарончыя арганізацыі зафіксавалі 671 выпадак палітычных рэпрэсій у Беларусі на працягу лістапада 2024 года, што сведчыць пра працяг сістэматычнага ціску на грамадзянскую супольнасць у краіне.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, колькасць зафіксаваных выпадкаў рэпрэсій у лістападзе амаль удвая перавысіла паказчыкі кастрычніка.

Сярод зафіксаваных выпадкаў — затрыманні, ператрусы і іншыя формы ціску на грамадзянскую супольнасць. 

Глядзіце таксама

Удзельніка «X-фактара» будуць судзіць за «заклікі да санкцый» і «паклёп на Лукашэнку»

Армену Арзуманяну 44 гады. Ён родам з Азербайджана, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі і мае беларускае грамадзянства. 

Мужчына піша музыку пад псеўданімам Арман Алекпераў. Ён двойчы выступаў на «X-фактары» — спачатку ў 2018 годзе ва Украіне, а пасля ў 2021 у Беларусі. Адметна, што ў беларускім праекце ён атрымаў ад удзельнікаў журы адказ «так», але далейшых выпускаў з яго ўдзелам чамусьці так і не паказалі.

Армен расказваў у інтэрв'ю, што дапамагае бяздомным жывёлам. Сам ён, кажа, выратаваў некалькі соцень. У сваёй хаце ён уладкаваў домікі для жывёлаў на зіму і лета. А яшчэ валанцёрыць у арганізацыях, якія ратуюць жывёлаў, піша «Наша Ніва».

Арзуманяна пачнуць судзіць 16 снежня ў Мінскім гарадскім судзе. Яго вінавацяць у «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК) і «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК). Працэс будзе ўзначальваць суддзя Яўген Пісарэвіч.

За данаты пачынаюць судзіць айцішніка, якога затрымалі па вяртанні з Літвы

5 снежня Мінскі гарадскі суд пачаў разгляд справы ў дачыненні да Чэслава Герасімовіча. Працэс узначальвае суддзя Святлана Макарэвіч. Чэславу інкрымінавана ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

«Палоннае відэа» з Чэславым з'явілася яшчэ 2 жніўня — на ім хлопца прымусілі «прызнацца» ў тым, нібы быў падпісаны на «экстрэмісцкія каналы», чатыры разы фінансаваў «экстрэмісцкія фармаванні», а таксама нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».

Паведамлялася, што Герасімовіч працуе ў IT-сферы і перад затрыманнем вярнуўся ў Беларусь з Вільні.

У Гарадку за «распаўсюд экстрэмізму» асудзілі музыку 

Музыка Уладзімір Шакуцёў не аднойчы прызнаваўся найлепшым работнікам культуры Прыдзвіння.

Вядомага ў рэгіёне гарманіста, неаднаразовага пераможцу творчых конкурсаў у розных намінацыях затрымалі 3-га снежня. На наступным дзень Гарадоцкі раённы суд абвінаваціў 48-гадовага музыку ў «распаўсюдзе экстрэмізму» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) праз сацыяльныя сеткі і асудзіў да 10 сутак арышту. 

У 2016-м годзе Уладзіміра ўганаравалі прэміяй Віцебскага аблвыканкама «за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва». Сёлета ён быў адзначаны Ганаровай граматай упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, піша @vicspring.

У Рэчыцы судзяць работніка «Беларуснафты» па «лічбавым» артыкуле

У судзе Рэчыцкага раёна 5 снежня пачалі судзіць Максіма Пінчука паводле ч. 1, 2 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных) і ч. 1 арт. 350 КК (знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі). Справу разглядае суддзя Станіслаў Іванюценка. 

У чым канкрэтна абвінавачваюць Максіма, невядома. Сёлета вясною па арт. 350 КК асудзілі (https://spring96.org/be/news/115007) на 3 гады калоніі работніка «Гомельскага завода пускавых рухавікоў» Івана Памесячнага, які ў адзіночку спыніў цэх свайго завода. 

Максім Пінчук працуе ў вытворчым аб'яднанні «Беларуснафта» ў арганізацыі «Сувязьінфармсэрвіс». Мужчына жанаты і мае непоўнагадовае дзіця.

У Мёрах сёння за «экстрэмізм» судзілі электраманцёра Віктара Вайсковіча

Яго абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу разглядала суддзя Ірына Яскевіч. 

Віктар — супрацоўнік мясцовага філіяла прадпрыемства «Глыбоцкія электрасеткі». Летась за добрую працу мужчына быў адзначаны ганаровай граматай ад імя адміністрацыі прадпрыемства.